Беларуская ваенная прамысловасць будзе будаваць самалёты, ракеты і лазерную зброю


Старшыня Дзяржаўнага камітэту ваеннай прамысловасці Дзмітрый Пантус распавёў на паседжанні калегіі камітэту, якое прайшло 9 лютага, пра планы беларускай абароннай вытворчасці на бліжэйшы час. Сярод ключавых мэтаў – ракетабудаванне ды сродкі барацьбы з дронамі.

Ракета беларускай вытворчасці.
Фота: sb.by

У камітэце вайсковай прамысловасці прынялі рашэнне аб распрацоўцы двухматорнага шматмэтавага самалёту.

«Да гэтай працы мы прыступілі, для нас гэта новая ніша, – распавёў Дзмітрый Пантус. – Цяпер ідзе фармаванне каманды, мы падбіраем спецыялістаў для канструктарскага бюро. І сумесна з нашымі расейскімі калегамі рэалізуем гэты маштабны праект».

Паводле кіраўніка ДКВП, няспынна расце экспарт вайсковай прадукцыі з Беларусі ў Расею.

«З улікам санкцыйнага ціску і блакавання па закупцы пэўных камплектуючых, асабліва электронна-кампанентнай базы, мы яшчэ ў 2021 годзе прынялі прынцыповае рашэнне і распрацавалі праграмы імпартазамяшчэння абароннага сектару эканомікі», – распавёў Пантус.

Па выніках 2023 года ў Беларусі сумесна з прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці і Акадэміяй навук было выраблена вайсковай прадукцыі на больш чым 38 мільёнаў долараў ЗША.

Дзмітрый Пантус паведаміў, што ў 2023 годзе дзяржаўны абаронны заказ быў выкананы на 100%.

«У нас сёння даволі шырокі спектр кірункаў, якія сёння намі ці засвоеныя, ці засвойваюцца. У 2023 годзе мы ў самыя кароткія тэрміны вырабілі дывізійны комплекс »Паланэз-М« і перадалі нашым Узброеным сілам, – распавёў ваенны чыноўнік. – У тым ліку правялі мадэрнізацыю комплексу Б-200, які ўжо стаяў на ўзбраенні, да ўзроўню »Паланэз-М«. Паспяхова правялі выпрабаванні вельмі складанага тэхнічнага вырабу – гранатамётнага комплексу »Сапфір«.

Hавiны
Беларусь пачала пастаўляць больш зброі ў Расею на фоне поўнамаштабнай вайны ва Украіне
2023.05.18 09:27

Паводле кіраўніка ДКВП, сёння ўжо некалькі тыпаў новых БПЛА стаяць на ўзбраенні беларускай арміі. Два тыпа беспілотнікаў праходзілі выпрабаванні ва ўзброеных сілах напрыканцы 2023 года – цяпер вядзецца праца па арганізацыі іх серыйнай вытворчасці.

У 2024 годзе ДКВП плануе ўдзяліць увагу ракетабудаванню і барацьбе з БПЛА.

«Гэта сёння ключавое. Тут адзначу, што ў частцы адбіцця нізкалётных беспілотных лятальных апаратаў мы прынялі для сябе вельмі сур’ёзнае рашэнне, – зазначыў кіраўнік ведамства. – Цяпер мы працуем над стварэннем уніфікаванага комплексу на новых прынцыпах паражэння. Гэта ўжо будзе не стралковая зброя, а з выкарыстаннем у тым ліку і лазеру».

Летась ДКВП Беларусі абвесціў, што канструктарскае бюро «Дысплэй» рыхтуе да запуску лінію вытворчасьці квадракоптараў ударнага тыпу, якія будуць аснашчацца рэактыўнай супрацьтанкавай гранатай. У 2023 годзе яны павінны былі паступіць на ўзбраенне беларускай арміі.

Агляд
Рост вакансіяў і праблемы з кіраўнікамі. Як жывуць беларускія ваенныя прадпрыемствы
2024.01.09 19:03

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў