Беларусь пачала пастаўляць больш зброі ў Расею на фоне поўнамаштабнай вайны ва Украіне


Ваенная прамысловасць Беларусі нарасціла пастаўкі ваеннай тэхнікі ў Расейскую Федэрацыю, і звязана гэта ў першую чаргу з вайной ва Украіне, заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Дзмітрый Пантус, піша «Интерфакс».

Выстава Milex-2023 у Менску.
Фота: minsknews.by

«Канешне ж, аб’ёмы паставак вытворчасці Рэспублікі Беларусь у Расейскую Федэрацыю павялічыліся, трэба казаць шчыра», – зазначыў ваенны чыноўнік падчас выставы ўзбраенняў MILEX-2023.

У адказ на пытанне ад журналістаў, ці звязанае павелічэнне паставак з вайной ва Украіне, Пантус пацвердзіў, што звязана, але канкрэтныя лічбы не назваў.

Таксама кіраўнік ваенна-прамысловага камітэту распавёў, над якой тэхнікай Беларусь працуе ў першую чаргу. Паколькі ў вайне вялікую ролю граюць беспілотныя лятальныя апараты і сродкі барацьбы з імі, беларускія вытворцы зброі пачалі працаваць над гэтай тэхнікай.

Дзмітрый Пантус запэўніў, што беларуская ваенная прамысловасць гатовая паставіць у Расейскую Федэрацыю «любы від узбраенняў, які зацікавіць нашых братоў». Ва ўсіх сваіх выказваннях Пантус называў вайну «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».

З 17 па 20 траўня ў Менску ў спартовым комплексе «Менск-Арэна» праходзіць выстава ўзбраенняў MILEX-2023. На канькабежным стадыёне выставілі 500 узораў ваеннай тэхнікі. Удзел у выставе прымаюць Беларусь, Расея, Кітай і Іран.

Беларускі дзяржкомваенпром, паводле БТ, упершыню прадставіў баявы модуль «Крэчэт» для барацьбы з беспілотнікамі, комплекс радыёэлектроннай барацьбы «Кветка», дапрацаваны гранатамёт «Сапфір» і мадэрнізаваны танк Т-52 БМ2, які неўзабаве паступіць на ўзбраенне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў