Недалюстрацыя: як пазбегчы фатальных памылак


Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, вырываючыся з кіпцюроў камунізму, люстравалі свой палітычны апарат. Як люстрацыя прывядзе беларусаў да вяртання законнасці і як Беларусі пазбегчы фатальных памылак іншых краінаў?

Госці праграмы «Intermarium» апавялі, як прайшла люстрацыя ў іхных краінах:

  • Арунас Бубніс (Літва) – доктар філасофіі, гісторык і архівіст, генеральны дырэктар Цэнтру генацыду і супрацьстаяння жыхароў Літвы;
  • Пётр Гантарчык (Польшча) – доктар палітычных навук, гісторык, былы віцэ-дырэктар Люстрацыйнага бюро польскага Інстытуту нацыянальнай памяці;
  • Павэл Гаўлічэк (Чэхія) – аналітык Асацыяцыі міжнародных справаў, даследнік краінаў Усходняй Еўропы ў сферы бяспекі, дэмакратызацыі, дэзынфармацыі і грамадзянскай супольнасці;
  • Адрэас Умлянд – нямецкі палітолаг, аналітык Стакгольмскага цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

У дыскусіі таксама ўзяў удзел праваабаронца арганізацыі «Нацыя лідараў», гісторык Андрэй Бодзілеў (Беларусь). Вядоўца праграмы – кандыдатка гуманітарных навук, гісторык Наста Ільіна.

Студыя праграмы «Intermarium»
Госці ў студыі праграмы і на відэасувязі. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Змаганне за архівы

Архівы дзяржаўных установаў дазваляюць дакументальна пацвердзіць, хто і як супрацоўнічаў з рэжымам. Прыклады розных краінаў паказваюць, што непрыяцелі люстрацыі імкнуцца не дапусціць грамадскасці да архіваў. Робіцца гэта рознымі спосабамі. Напрыклад, у Беларусі архівы КГБ БССР – закрытыя.

Даведка
Арунас Бубніс (Літва) – доктар філасофіі, гісторык і архівіст, генеральны дырэктар Цэнтру генацыду і супрацьстаяння жыхароў Літвы

У Літве праблема з архіўнымі дакументамі іншая – частку архіваў КГБ Літоўскай СССР да 1991 года перавезлі ў Маскву. Доктар Бубніс кажа, што гэта стварыла вялікія перашкоды для люстрацыі. Калі Люстрацыйная камісія прымала рашэнне, што нейкая асоба супрацоўнічала з савецкімі спецслужбамі, гэтая асоба магла падаць апеляцыю ў суд. Суд патрабаваў беспасярэдніх доказаў супрацы, напрыклад, у выглядзе пісьмовага забавязання. Калі ў архіве не знаходзілася такіх доказаў, то суд задавольваў апеляцыю. Такім чынам чалавек, які, на думку Люстрацыйнай камісіі, быў агентам або працаўніком спецслужбаў, атрымліваў пацвярджэнне адваротнага.

Доктар Арунас Бубніс, Літва, праграма «Intermarium», люстрацыя
Доктар Арунас Бубніс. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Захаванне архіваў ды іх адкрыццё таксама не гарантуюць эфектыўнасці люстрацыі. Архівы часу сацыялістычнай Польшчы (1947–1989) засталіся на месцы. Але былыя сілавікі супрацьзаконна пачалі нішчыць архіўныя дакументы, каб іхныя калегі ды агенты пазбеглі люстрацыі.

Даведка
Пётр Гантарчык (Польшча) – доктар палітычных навук, гісторык, былы віцэ-дырэктар Люстрацыйнага бюро польскага Інстытуту нацыянальнай памяці

«Чаму люстрацыя неэфектыўная? Прычына такая ж, як у Літве: польская Служба бяспекі ў 1989–1990 гадах масава знішчала дакументы. Найбольш актаў было знішчана ўжо падчас свабоднай Трэцяй Польскай Рэспублікі [сучасная Рэспубліка Польшча – Заўв. belsat.eu]. Афіцыйна дзеяла забарона знішчаць гэтыя архіўныя акты, а супрацоўнікі былой Службы бяспекі і спецслужбаў знішчалі іх у масавым парадку, каб абараніць сваіх агентаў і падрабіць даты дакументаў так, нібы іх знішчылі раней», – адзначае доктар Гантарчык.

На думку госцяў праграмы, беларусам вельмі важна своечасова перахапіць архівы, каб разумець, хто і як дапамагаў функцыянаваць рэжыму ў Беларусі.

«Чым хутчэй вы перахопіце архівы і адкрыеце іх, тым больш беларускае грамадства будзе ведаць пра гэтыя паталагічныя механізмы, пра гэтых паталагічных людзей і іхныя паталагічныя ўчынкі», – звяртаецца да беларусаў доктар Гантарчык.

Hавiны
«Хуліганка» за надпіс «Лукашэнку ў аўтазак!». «ByPol» распавёў, як Следчы камітэт фабрыкуе справы
2021.11.03 15:37

Рашучасць уратуе ад заганнага кола

Польшча і Чэхія дэманструюць, наколькі памяркоўным і наколькі радыкальным можа быць падыход да люстрацыі.

Польскія рэвалюцыянеры пайшлі ў 1989 годзе на пагадненне з камуністамі. Паводле доктара Гантарчыка, гэта была катастрафічная памылка, бо камуністычная сістэма праз некалькі месяцаў пала б сама. Гэтае пагадненне прывяло да кансэнсусу: праводзіцца тоўстая рыса, што аддзяляе ўсю мінуўшчыну, усе пачынаюць кар’еры наноў. У выніку посткамуністы і частка апазіцыйных элітаў пачалі супраціўляліся люстрацыі ды выключылі яе з парадку дня.

«Першы некамуністычны ўрад, абраны цалкам дэмакратычна, урад Яна Альшэўскага, быў скінуты праз тое, што хацеў праводзіць люстрацыю ў супрацы з тагачасным прэзідэнтам Лехам Валэнсам. Апошні, на жаль, меў свой этап агентурнай дзейнасці ў 1970-х. Як вынік – барацьба працягвалася і працягвалася», – апавядае доктар Гантарчык.

Доктар Пётр Гантарчык, Польшча, праграма «Intermarium», люстрацыя
Доктар Пётр Гантарчык. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Адзін з найлепшых прыкладаў таго, як можна правесці люстрацыю, – Чэхія. Першы закон аб люстрацыі ў Чэхаславаччыне прынялі ў 1991 годзе.

Даведка
Чэхаславаччына падзялілася на Чэхію і Славаччыну ў 1993-м.

Чэхі проста выключылі з дзяржаўнага апарату ўсіх служак камуністычнага рэжыму 1948–1989 гадоў.

«У 1991 годзе Чэхія (Чэхаславаччына) рашуча сказала, што не будзе магчымасці знайсці новае месца для тых чыноўнікаў, каторыя супрацоўнічалі са службамі бяспекі і былі агентамі. У параўнанні з Літвой або Польшчай, у Чэхіі не было магчымасці проста публічна прызнацца і неяк адмыць рукі ў гэтым сэнсе. Сістэма не працавала паводле гэтага прынцыпу», – тлумачыць Павэл Гаўлічэк.

Даведка
Павэл Гаўлічэк (Чэхія) – аналітык Асацыяцыі міжнародных справаў, даследнік краінаў Усходняй Еўропы ў сферы бяспекі, дэмакратызацыі, дэзынфармацыі і грамадзянскай супольнасці

Варта дадаць, што чэхі цягам 30 гадоў змянілі свой радыкальны падыход. У выніку, кажа Павэл Гаўлічэк, чэшскі Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне, што кожная люстрацыйная справа патрабуе індывідуальнага падыходу.

Павел Гаўлічэк, Чэхія, праграма «Intermarium», люстрацыя
Павел Гаўлічэк. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Адкуль браць замену спецыялістам, якія працавалі на папярэдні рэжым

Ну, добра, скажа чытач, вось знялі мы з пасадаў усіх служак рэжыму. А хто запоўніць вакансіі, якія з’явяцца пасля ачысткі дзяржаўнага апарату?

Даведка
Андрэас Умлянд – нямецкі палітолаг, аналітык Стакгольмскага цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў

У гэтым плане ўнікальны досвед мае Усходняя Нямеччына. Калі там пачалася люстрацыя, то на месца звольненых камуністаў прыйшлі адмыслоўцы з ФРГ. Сведкам гэтага часам балючага працэсу быў Андрэас Умлянд.

«Люстрацыя ва Усходняй Нямеччыне вылучалася тым, што была менш праблематычная, бо люстраваных дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку выкладчыкаў, скажам, ва ўніверсітэтах, можна было проста замяніць на новых людзей з заходніх земляў», – успамінае Андрэас Умлянд.

Андрэас Умлянд, Нямеччына, праграма «Intermarium», люстрацыя
Андрэас Умлянд. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Як кажа даследнік, гэткая замена стварыла нейкае адчужэнне ўсходніх немцаў ад рэшты Нямеччыны і магло зрабіцца адною з прычынаў сённяшняга росту папулярнасці партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», што ставіць на выхад Нямеччыны з Еўразвязу.

Іншаю крыніцаю новых кадраў можа быць дыяспара, як гэта было ў выпадку краінаў Балтыі.

Аналітыка
Хто будзе кіраваць Беларуссю, калі не стане Лукашэнкі? І ці звольняць усіх чыноўнікаў
2022.12.23 10:14

Люстрацыя – вяртанне законнасці, а не помста

Даведка
Наста Ільіна – гісторык, кандыдатка гуманітарных навук, аўтарка і вядоўца праграмы «Intermarium»

Цяпер беларусы спадзяюцца перажыць тэрор, разгорнуты рэжымам Лукашэнкі. А як зрабіць, каб такі тэрор не пачаўся ў адваротны бок, каб люстрацыя не пераўтварылася ў банальную помсту? Ставіць пытанне аўтарка праграмы Наста Ільіна.

Доктар Гантарчык тлумачыць, што радыкальнасць люстрацыі і поўнае адхіленне старых дзяржаўных службоўцаў зусім не азначае беззаконне. Глыбокая і радыкальная люстрацыя мусіць быць праведзеная згодна з законам.

Доктар Бубніс заклікае беларусаў ужо сёння рыхтавацца да будучай люстрацыі: вывучаць досвед іншых краінаў і ствараць праекты законаў аб люстрацыі.

Разбор
«Трэба рыхтаваць закон аб люстрацыі». Што думаюць пра завочныя суды фігуранты справы «Чорнай кнігі Беларусі»
2022.12.12 22:41

Беларусы ўжо пачалі рыхтавацца. Каб менш залежаць ад захаванасці архіваў у самой Беларусі, злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму дакументуюць праваабаронцы і органы ААН. Пра гэта кажа праваабаронца Андрэй Бодзілеў.

Даведка
Андрэй Бодзілеў (Беларусь) – гісторык, праваабаронца арганізацыі «Нацыя лідараў»

«Мы памятаем, што вялася такая Чорная кніга тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях. Таксама дакументуецца ўсё і органамі ААН: збіраецца інфармацыя пра падзеі, што адбываліся, пра рэпрэсіі, пра збіванні і гэтак далей. І таксама сярод праваабарончых арганізацыяў захоўваюцца ўсе тыя дакументы, што пацвярджаюць рэпрэсіі ў дачыненні тых або іншых асобаў», – адзначае Андрэй Бодзілеў.

Андрэй Бодзілеў, Беларусь, праграма «Intermarium», люстрацыя
Андрэй Бодзілеў. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Каб ісці наперад, трэба разлічыцца з мінулым

Пасля падзення камуністычнага рэжыму ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы тыя сталі перад выклікам – як пабудаваць прававую дзяржаву, якая б забяспечвала і гарантавала правы і свабоды грамадзянаў. Новыя палітычныя эліты разумелі: каб ісці наперад, трэба разлічыцца з мінулым.

Гэтак будзе і ў Беларусі пасля падзення рэжыму Лукашэнкі. Як кажа Наста Ільіна, краіне патрэбная дэкамунізацыя і дэлукашызацыя. Адным з элементаў гэтых працэсаў мусіць быць люстрацыя. Беларусы могуць падрыхтавацца да гэтага. У тым ліку вывучаючы гісторыю люстрацыяў у іншых краінах.

Наста Ільіна, Беларусь, праграма «Intermarium», люстрацыя
Вядоўца Наста Ільіна. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Падрабязней – у праграме «Intermarium» (відэа ў пачатку артыкулу).

Калаж з фота: Wikimedia Commons

Стужка навінаў