Беларускім натарыусам сабраліся дазволіць некаторыя дыстанцыйныя паслугі


Указ Аляксандра Лукашэнкі, які пазбавіў беларусаў за мяжой магчымасці атрымаць новы пашпарт без візіту на радзіму, даў чыноўнікам тры месяцы на праўкі ў законы. І яны ўзяліся за справу: 8 верасня з’явіўся законпраект, які тычыцца дыстанцыйных – у тым ліку для замежнікаў – паслугаў натарыусаў у Беларусі.

Апублікаваны законапраект аб зменах у закон «Аб натарыяце» сам па сабе мала што значыць: ён яшчэ мусіць быць ухвалены Палатай прадстаўнікоў, Саветам Рэспублікі і Аляксандрам Лукашэнкам, у яго яшчэ могуць быць унесеныя якія заўгодна змены. Ды законапраекты ў Беларусі рэдка адхіляюцца ці адпраўляюцца на дапрацоўку – цалкам імаверна, што падобныя праўкі ў закон прымуць у бліжэйшыя месяцы.

Галоўныя змены ў праекце такія.

Натарыусам хочуць дазволіць рабіць некаторыя дзеянні дыстанцыйна, без асабістай сустрэчы з заяўнікам. Напрыклад, гэта выдача пасведчання аб сапраўднасці перакладу дакументаў на іншую мову, прыём на захаванне электронных дакументаў, пацверджанне размешчаных у інтэрнэце доказаў для справаў у судах, выдача дублікатаў дакументаў на захаванні ў натарыусаў і ў дзяржаўных архівах, выкананне так званых выканаўчых надпісаў (па якіх праз органы прымусовага пакарання замежнік можа спагнаць запазычанасць з рэзідэнта Беларусі, але чалавек з Беларусі з замежніка не можа).

Сярод гэтых дзеянняў – выдача пасведчання аб праве на спадчыну і аб праве на нажытую ў шлюбе маёмасць. Яна і без таго была дазволеная дыстанцыйна з пачатку пандэміі каронавірусу. Але калі «Белсат» пытаў Натарыяльную палату, ці дзейнічае гэты дазвол пасля нядаўняга ўказу Лукашэнкі, там не былі ўпэўненыя і раілі звярнуцца да натарыуса па месцы жыхарства.

Замежным установам Беларусі праект закону забараняе сведчыць угоды ўжо не толькі з нерухомасцю (як цяпер), але і з аўтамабілямі, прычэпамі і самаходнымі машынамі.

Таксама замежным установам збіраюцца даць магчымасць адмовіцца ад любых натарыяльных дзеянняў, калі тыя «парушаюць дзяржаўныя інтарэсы».

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў