У Беларусі праходзяць «ІІ гульні аўтарытарных краінаў». У СНД «запісалі» Венесуэлу і Кубу


З 4 па 14 жніўня ў Беларусі праводзяць ІІ гульні краінаў СНД. На момант публікацыі Беларусь займае другое месца ў медальным заліку, першае – за Расеяй. Дзяржаўныя медыі Беларусі надаюць гульням надзвычайную ўвагу. Расказваем, што за яны.

Удзельнікі II гульняў краінаў СНД
Удзельнікі II гульняў краінаў СНД.
Фота: Games2023.belta.by

Два лішнія ў клубе аўтакратаў

Ці не самае цікавае ў гульнях – спіс краінаў-удзельніц. Гульні ладзяць у адкрытым фармаце, таму ў іх могуць удзельнічаць не толькі спартоўцы з краінаў Садружнасці незалежных дзяржаваў.

СНД задумвалася як рэформа СССР, але праект аб’яднання хутка згас. На сёння ў СНД уваходзяць Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея, Таджыкістан і Узбекістан. Малдова цяпер актыўна разрывае дамовы з СНД і ў гульнях не ўдзельнічае.

Затое ў іх удзельнічаюць яшчэ 14 краінаў Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Адметна, што амаль усе краіны-ўдзельніцы гульняў – аўтакратыі. Са спісу выбіваюцца ўмоўна дэмакратычныя Малайзія і Манголія, а таксама Арменія і Пакістан, у якіх палітычныя рэжымы гібрыдныя. Астатнія – аўтакратыі.

Удзельнікі II гульняў краінаў СНД
Удзельнікі II гульняў краінаў СНД.
Фота: Games2023.belta.by

Вось спіс краінаў з месцамі ў «Рэйтынгу дэмакратыі» часопісу «The Economist», ад самай вольнай да самай аўтарытарнай: Малайзія (40), Манголія (66), Арменія (82), Пакістан (107), Кувэйт (111), Ліван (115), Кыргызстан (116), Аман (125), Казахстан (127), Егіпет (131), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (133), Азербайджан (134), В’етнам (138), Куба (139), Бахрэйн (142), Расея (146), Венесуэла (147), Узбекістан (149), Беларусь (153), Іран (154), Таджыкістан (157), Туркменістан (161). У рэйтынгу агулам 167 краінаў.

Што гэта за гульні?

Іх прыдумалі ў Расеі ў 2018 годзе, упершыню правялі ў 2021-м у расейскай Казані, і тады ў гульнях сапраўды ўдзельнічалі спартоўцы толькі з краінаў СНД. Яшчэ падчас першых гульняў у Расеі вырашылі запрашаць краіны не толькі з СНД, каб паказаць, што «СНД адкрытае не толькі для палітычнай, але і для спартовай супрацы».

Дзяржаўныя медыі заяўляюць, што ў гульнях бярэ ўдзел больш за 4000 спартоўцаў ці нават амаль 5000, пры тым што з Расеі на іх прыехалі толькі 408 спартоўцаў. Арганізатары гульняў самі заяўляюць, што «ў большасці відаў спорту за ўзнагароды будзе змагацца моладзь і юніёры», а дарослыя спартоўцы бяруць удзел толькі ў спаборніцтвах у самба, цяжкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы, пляжным футболе і хакеі на траве.

Перамога на гэтых гульнях не дае кваліфікацыі на спаборніцтвы больш высокага ўзроўню, як то чэмпіянаты рэгіёнаў або свету ці Алімпійскія гульні. На такія спаборніцтвы патрэбны адбор, а калі «хто хоча, той гуляе», гэта за адбор не лічыцца.

Удзельнікі II гульняў краінаў СНД
Удзельнікі II гульняў краінаў СНД.
Фота: Games2023.belta.by

Ды і віды спорту на гульнях – далёка не ўсе папулярныя. Сярод 23 відаў – лёгкая і цяжкая атлетыка, мастацкая гімнастыка і плаванне, восем відаў барацьбы і баявых мастацтваў, гандбол, стрытбол (баскетбол «3 на 3»), міні-футбол і пляжны футбол, валейбол звычайны і пляжны, хакей на траве, стральба з луку і кулявая стральба, пяцібор’е. Відавочна, ува многіх гэтых відах спорту наймацнейшыя спартоўцы – не з краінаў-удзельніц гульняў.

Навошта такія гульні?

Аляксандр Лукашэнка месяц таму тлумачыў: гульні «ва ўмовах, што склаліся», набываюць «асаблівае значэнне» для беларускіх спартоўцаў і «шырокага кола нашых сяброў».

Што за ўмовы, Лукашэнка не казаў, але намякаў ён, імаверна, на абмежаванні для спартоўцаў з Беларусі і Расеі: за напад на Украіну іхных дзяржаваў іх пазбаўляюць права выступаць на некаторых міжнародных спаборніцтвах, на іншых дазваляюць удзельнічаць толькі пад нейтральным сцягам. Дзе спартоўцам дазволены ўдзел, там ім могуць не паціснуць руку або паназабіваць столькі галоў, што можа стаць сорамна.

Палітолаг Валер Карбалевіч раней тлумачыў «Белсату»: гэтыя гульні – «такая маральная кампенсацыя для самога Лукашэнкі за той байкот, які зладзілі адносна Беларусі і беларускага спорту міжнародныя алімпійскія рухі і ўвогуле міжнародны спартовы рух».

Гэтая кампенсацыя будзе каштаваць беларусам не менш за 14 мільёнаў бюджэтных долараў, але гэта даволі эканомна: на самых важных гасцей выдаткоўваюць 500 рублёў на дзень на пражыванне і 190 рублёў на дзень на харчаванне, а, напрыклад, суддзям могуць даць на дзень усяго 120 рублёў на пражыванне і менш за 39 рублёў на харчаванне.

Удзельнікі II гульняў краінаў СНД
Удзельнікі II гульняў краінаў СНД.
Фота: Games2023.belta.by

Затое, калі глядзець на медальны залік гульняў, Расея і Беларусь – найлепшыя. Падобная сітуацыя была, напрыклад, у «танкавым біятлоне»: калі на спаборніцтвы (у прыдуманым Расеяй спорце) не прыязджаюць краіны з найлепшымі танкамі, то расейскія і беларускія танкісты перамагаюць.

Да гульняў ёсць цікавасць?

У аўтарытарнай краіне, вядомай «добраахвотна-прымусовымі» паходамі на спартовыя спаборніцтвы, цяжка ацаніць цікавасць да гульняў. На некаторых здымках відаць поўныя трыбуны, на некаторых трыбуны паўпустыя. Ужо вядомы адзін выпадак затрымання на гульнях за нацыянальную сімволіку: у дзяўчыны, якая прыйшла на стадыён, знайшлі на бірульцы герб «Пагоня», пагражаюць крымінальнай справай.

Ускосным паказнікам можа быць колькасць падпісантаў на афіцыйныя старонкі гульняў у сацсетках: у Instagram і Telegram тых падпісантаў менш за 4 тысячы – то значыць, менш за колькасць спартоўцаў-удзельнікаў. Але на Youtube увагі да спаборніцтваў больш: адну з трансляцыяў, па мастацкай гімнастыцы сярод дзяўчынак, паглядзелі аж 50 тысяч раз.

Дзяржаўныя медыі ў Беларусі надаюць гульням надзвычай вялікую ўвагу: толькі на «БелТА» пра іх 244 навіны на момант публікацыі. Цікава, што ў дэмакратычных краінах-удзельніцах пра гэтыя гульні не пішуць. Прынамсі ў самых папулярных выданнях Малайзіі ( «Malaysiakini» і «The Star» ) і Манголіі (News.mn і Medee.mn) мы такіх публікацыяў не знайшлі, хоць манголам, напрыклад, расказваюць пра «пашпарт Новай Беларусі».

Аналітыка
Азія як паратунак для беларускіх і расейскіх спартоўцаў
2023.02.28 18:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў