МАК на ростанях. Пытанне пра допуск расейцаў і беларусаў на Гульні-2024 вісіць у паветры

Традыцыйна, роўна за год да старту чарговай Алімпіяды, Міжнародны Алімпійскі камітэт правёў 26 ліпеня гэтак званую ўстаноўчую сустрэчу. Магчымасць даслаць зборныя сваіх краінаў на XXXIII Летнія Алімпійскія гульні атрымалі 203 дзяржавы свету. Адмоўлена пакуль Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі, Расеі і Гватэмалы. Запрашэнне зрабілася абавязковым і для Алімпійскай зборнай уцекачоў. На жаль, у гэтую зборную не трапілі вольныя беларускія спартоўцы, якія не маюць афіцыйнага статусу ўцекачоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Томас Бах, прэзідэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту (МАК), дае традыцыйнае інтэрв’ю за адзін год да цырымоніі адкрыцця парыжскай Алімпіяды ў Сэн-Дэні, Францыя. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Gao Jing / Xinhua News Agency / Forum

Паводле вызначэння вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, уцекачы – «гэта асобы, якія вымушаныя былі пакінуць сваю краіну з-за пераследу, вайны альбо жорсткасці». Мэта – прыцягнуць усеагульную ўвагу да міжнароднай праблемы гэтай катэгорыі спартоўцаў. Першая такая зборная была сфармаваная да Гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. У сакавіку 2016 года МАК прыняў рашэнне даць спартоўцам з сур’ёзным патэнцыялам, якія дзеля бяспекі былі вымушаныя пакінуць свае краіны, шанец кваліфікавацца і выступаць на Алімпіядах. Гэта, са словаў прэзідэнта МАК Томаса Баха, пасланне ўцекачам ва ўсім свеце.

На жаль, у гэтую зборную цяпер не трапілі вольныя беларускія спартоўцы, якія не маюць афіцыйнага статусу ўцекачоў. Афармляецца ён не так хутка. Нягледзячы на тое, што праблема вымушана «лішніх людзей» (як, прынамсі, азначаюць такіх асобаў улады Беларусі) з 2020 года не зменшылася, а наадварот пагоршылася, і МАК, маючы пэўны досвед у гэтым пытанні, так да сённяшняга дня і не здолеў вызначыцца, што рабіць з беларусамі і расейцамі. 

Пры дзейных таталітарных рэжымах у гэтых краінах асобныя актыўныя спартоўцы не пажадалі падтрымліваць улады і вымушаныя былі праз няспынны пераслед пакінуць радзіму. Гэта значыць, яны не маюць ніякай магчымасці трапіць на Гульні праз заяўкі Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Беларусі і Алімпійскага камітэту Расеі. 

Праблемы гэтыя пачаліся не сёння, і МАК, як і іншыя буйныя міжнародныя (і не толькі) спартовыя арганізацыі, папросту змарнаваў час, аказаўшыся не здольным прыняць больш хуткае і катэгарычнае рашэнне адносна таталітарных краінаў, дзе пануюць беззаконне і гвалт.

Hавiны
Беларускія і расейскія весляры ўпершыню застануцца па-за Алімпіядаю
2023.06.16 18:31

 Сітуацыя ў Гватэмале падобная да беларускай, хоць і ўзнікла пазней – у верасні 2022 года, калі членства НАК гэтай цэнтральнаамерыканскай дзяржавы ў МАК было часова ануляванае. Мясцовы НАК не знайшоў паразумення з Канстытуцыйным судом краіны адносна дакументаў рэгламенту. МАК даў Гватэмале тэрмін да 15 кастрычніка, каб знайсці развязанне гэтай праблемы, але зрабіць гэтага не ўдалося і да сёння.

Ад беларускай сітуацыя адрозніваецца тым, што цяперашні Канстытуцыйны суд РБ ніколі не наважыцца на абскарджванне дзеянняў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. 

Нагадаю, менавіта Лукашэнка правёў «выбары» трэцяга прэзідэнта НАК Рэспублікі Беларусь, а фактычна прызначыў на гэтую пасаду замест сябе свайго старэйшага сына Віктара праз рэкамендацыю, асабіста данесеную да ўсіх, хто збіраўся галасаваць. Улічваючы, як пабудаваная дзяржаўная ўладная сістэма ў Беларусі, ягоных словаў «Прымеце – будзе працаваць» хапіла з лішкам, каб ніхто з чальцоў справаздачна-выбарнага сходу НАК амаль паўтара года таму, 26 лютага 2021 года, і не падумаў пярэчыць.

МАК хоць і не прызнаў Віктара легітымным кіраўніком НАК Беларусі, гэтую сітуацыю праглынуў і трывае дагэтуль, дацягнуўшы няпэўны стан ажно да самай гарачай Алімпійскага сесіі, – што прадзяржаўных спартоўцаў, што падпісантаў ліста супраць гвалту і беззаконня ў краіне. 

Пры такім павольным і кансерватыўным падыходзе варыянтаў, пры якіх і спартоўцы НАК, і вольныя атлеты здолеюць выступіць адной зборнай у Парыжы, папросту няма. Хаця і расейцам і беларусам (індывідуальна, асобна, пад сцягам іншай дзяржавы, як заўгодна, але толькі не ў камандавых відах спорту) яшчэ можна трапіць на Алімпіяду. Толькі ў якім канкрэтна статусе, дагэтуль не вядома. Меркавалася, што рашэнне будзе прынятае на сесіі МАК, якая пройдзе ў індыйскім Мумбаі ў сярэдзіне кастрычніка, але і гэта ўжо не актуальна. Сітуацыя ні ў Беларусі, ні ў Расеі не змянілася абсалютна.

Стан толькі пагаршаецца – і з дэмакратыяй, і з ваеннымі дзеяннямі ва Украіне. Таму і ў чальцоў МАК ужо здаюць нервы. Кіраўнік камітэту Томас Бах ужо заявіў, што рашэнне аб допуску расейцаў і беларусаў на Алімпійскія Гульні ў Парыжы будзе залежаць ад развіцця сітуацыі, а прыняць яго могуць у любы момант, абсалютна без якіх-небудзь рамак часу. Здаецца, усяму свету ўжо зразумела, што пры панаванні Лукашэнкі і Пуціна бег падзеяў аніяк і не зменіцца. Дзеля ўдзелу сваіх спартоўцаў у Гульнях гэтыя кіраўнікі не адмовяцца ад улады і не памяняюць сваёй палітыкі да канца дзён. Ніякімі санкцыямі і ніхто не прымусіць іх зрабіць тое. Аднак МАК упарта губляе час.

«Рашэнне аб удзеле расейцаў і беларусаў будзе залежаць ад развіцця сітуацыі, – заявіў Томас Бах на сустрэчы з журналістамі. – Мы бачым, як нацыянальныя федэрацыі выконваюць нашыя ўмовы для забеспячэння ўдзелу нейтральных і індывідуальных спартоўцаў. Мы працягнем сачыць за гэтым, а потым пабачым, як усе датычныя асобы пільнуюцца гэтых умоваў. Абапіраючыся на вынік, мы прымем рашэнне ў свой час. І гэта адбудзецца не ў кастрычніку. МАК не мае намеру ставіць дэдлайнаў, каб не атрымалася так, што да вызначанай даты ўсе паводзяцца добра, а пасля прыняцця рашэння мяняюць паводзіны».

Да чаго схіляецца прэзідэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту? Што ён увогуле мае на ўвазе пад словамі «пачынаюць паводзіцца добра»? Што, дзе, у якіх галінах грамадскага жыцця Беларусі і Расеі змянялася ў станоўчы бок? Прынамсі, з 2020 года. Сёння ніхто ў свеце нават не ўяўляе, што можа здарыцца ў Расеі і Беларусі прагрэсіўнага, акрамя адхілення ад улады Лукашэнкі і Пуціна, каб, у прыватнасці, алімпійскае жыццё ўсталявалася і пайшло сваёй звыклаю хадою.

У такой нявызначанай сітуацыі і вельмі брыдкім міжвольным адчуванні бясконцасці расейскай вайны ва Украіне, а таксама няспынных тэрору і генацыду, развязаных Лукашэнкам у Беларусі, у сітуацыі, калі паўстае сур’ёзнае пытанне пропуску атлетамі з не апошніх у спартовым свеце краінаў Алімпіяды – ці варта думаць, што будуць слушнымі заявы, напрыклад, кіраўніка Міністэрства замежных справаў Вугоршчыны Петэра Сіярта, які заклікаў далучыць прадстаўнікоў Беларусі і Расеі да ліку ўдзельнікаў Алімпіяды? Альбо пагрозы прэзідэнта Міжнароднага саюзу раварыстаў Давіда Ляпарт’ена (David Lappartient), які папярэдзіў Вялікую Брытанію, што забарона на ўезд расейскіх і беларускіх спартоўцаў можа «панізіць шанцы» на правядзенне спаборніцтваў у краіне. 

Hавiны
Міністр замежных справаў Вугоршчыны заклікае дапусціць беларусаў да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у Парыжы
2023.07.26 12:14

Галасы абаронцаў прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў яшчэ гучаць, але яны вельмі рэдкія, як адзіночныя пікеты. Ды не трэба забывацца, што яшчэ летась 35 краінаў падпісалі агульны зварот да МАК не дапускаць ні ў якім статусе беларусаў і расейцаў. І амаль за год пасля гэтага ніхто з іх не адмовіўся ад такой пазіцыі.

«Фактычна, гэта тыя дзяржавы, якія цяпер на баку кааліцыі, што дапамагае Украіне ў варунках вайны, развязанай Расеяй, – распавядае ў інтэрв’ю «Белсату» эксперт у міжнародных справах, кіраўнік профільнага дэпартаменту Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. – Да пераходу вайны ў найбольш эскаліраваную стадыю гэта той максімум, на які можна разлічваць і цяпер у пытанні «вінаватасці» ці «невінаватасці» альбо адказнасці спартоўцаў за дзеянні сваіх урадаў. І тут трэба шукаць пазітыў у тым, што колькасць такіх краінаў не памяншаецца. Гэта асэнсаваная пазіцыя, якая была прынятая не на эмоцыях, вытрымала амаль год выпрабаванняў, але цяпер гэтыя выпрабаванні становяцца ўсё больш і больш сур’ёзнымі».

Нягледзячы на тое, што МАК упарта намагаецца дапамагчы спартоўцам Расеі і Беларусі хутчэй вярнуцца на міжнародную арэну, у адказ, у прыватнасці, ад расейскіх чыноўнікаў, атрымлівае толькі абразы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах прысутнічае на адкрыцці пасяджэння Выканаўчага савету ў Алімпійскім доме ў Лазане, Швейцарыя. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum

Так, намеснік старшыні ўраду Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Чарнышэнка выказаўся абсалютна агрэсіўна адносна сітуацыі: «Заява кіраўніка МАК не стала для нас нечаканасцю. Ягоная структура з арганізацыі, якая адстойвае інтарэсы спартоўцаў, пераўтварылася ў абʼяднанне, дзе квітнее герантакратыя і манаполія абраных нацыяў… Але мы не застанемся па-за міжнароднымі стартамі. У нас ёсць вялізны досвед, матывацыя і перспектыва, каб рабіць самастойна фарматы маштабу Алімпійскіх Гульняў і нават круцейшыя. Зусім хутка ў нашай краіне адбудзецца Міжнародны фестываль універсітэцкага спорту з удзелам прадстаўнікоў ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацы. – Белсат), БРІКС (скарот ад Brazil, Russia, India, China, South Africa. – Белсат), СНД, у 2024 годзе ўпершыню адбудуцца Гульні Будучыні, Гульні Дружбы, Гульні БРІКС. Мы ўпэўненыя, што здолеем даць годны адказ на дзеянні міжнароднага спартовага лобі».

Чарнышэнка і падобныя яму дзяржаўныя людзі прапуцінскай Расеі, зразумела, не згадваюць, чаму краіна не ўвайшла ў «манаполію абраных нацыяў МАК». Напрыклад, пра тое, што з 2014 года, калі Расея спачатку правяла скандальныя, з начной падменаю допінгавых спробаў Зімовыя Алімпійскія Гульні ў Сочы, а праз некалькі дзён пасля Белай Алімпіяды спецпадраздзяленні дзяржавы атрымалі першыя загады наконт Крыму, са схаваным перакідваннем войскаў на паўвостраў, і гэтая дзяржава дагэтуль застаецца пад пільным вокам не толькі МАК, але і ўсіх самых буйных міжнародных арганізацыяў. Дык калі Расею не прываблівае больш як тысячагадовая гісторыя правядзення Алімпійскіх Гульняў, калі там аддаюць перавагу ініцыяваным самімі ж імі першым у свеце Гульням БРІКС, ШАС і СНД, навошта так упарта прыцягваць іх да сябе, лабіяваць іх інтарэсы?

МАК мог і павінен быў развязаць пытанне з расейцамі і беларусамі, як чальцамі МАК наагул, пакуль там існуюць дзейныя ўлады, і нашмат хутчэй і больш выразна. Тады сёння не паўстала б няпэўнай і  нервовай сітуацыі, калі акрамя клопатаў аб падрыхтоўцы месцаў правядзення спаборніцтваў яшчэ трэба думаць пра тое, як усё ж далучыць расейцаў і беларусаў да будучай Алімпіяды. А часу на гэта засталося зусім мала: да старту Гульняў-2024 менш за год!

Hавiны
Украіна можа адмовіцца ад байкоту спаборніцтваў з удзелам беларусаў і расейцаў
2023.07.23 23:45

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў