Каму патрэбныя Гульні краінаў СНД?


У Менску ўрачыста і з размахам адкрылі Другія гульні краінаў СНД. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі больш чым тысяча танцораў і валанцёраў. Паводле крыніцаў «Белсату», дзяржаўнаму бюджэту спаборніцтвы будуць каштаваць больш за 14 мільёнаў долараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пры гэтым у адной толькі Віцебскай вобласці на харчаванне ўдзельнікаў спаборніцтваў мясцовыя ўлады плануюць выдаткаваць больш за сто тысяч долараў, паведамляе праект «Народныя навіны Віцебску».

«Няма нейкага спонсарства, няма продажу квіткоў на гэтыя мерапрыемствы. Яны раздаюцца бясплатна. То бок у гэтай імпрэзе няма ніякага камерцыйнага складніку. Гэта проста інвестыцыі ў тое, што засталося ад іміджу спартовай дзяржавы для рэжыму Лукашэнкі», – мяркуе былы намеснік кіраўніка дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў Анатоль Котаў.

Гульні краінаў СНД – міжнародныя спаборніцтвы. Ініцыятарам іх правядзення ў 2019 годзе выступіла Расея. Першы раз спаборніцтвы прайшлі ў 2021 годзе ў Казані. І ўключалі ў сябе шаснаццаць відаў спорту. На гэты раз праграма пашыраная да дваццаці відаў і адаптаваная пад стандарты летніх Алімпійскіх гульняў. Прымаюць спаборніцтвы 11 гарадоў. Апроч усіх абласных цэнтраў, гульні пройдуць у Барысаве, Жлобіне, Маладзечне, Воршы і Салігорску.

«Гэта не ёсць спортам вялікіх дасягненняў. Бо ў гэтыя месяцы праходзяць адборачныя турніры, спаборніцтвы, розныя чэмпіянаты, на якіх здабываюцца алімпійскія пуцёўкі. І, адпаведна, Гульні СНД не ўпісваюцца ў гэты парадак дня. Яны не высакарэйтынгавыя, на іх не здабываюць сотні пуцёвак на Алімпійскія гульні», – кажа журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Дарэчы, пра непрэстыжнасць другіх гульняў СНД сведчаць і прызавыя, што атрымаюць ад дзяржавы пераможцы-беларусы. За першае месца – 7400, за другое – 4625 і за трэцяе – 2960 рублёў. Для параўнання: на Алімпійскіх гульнях / беларускія спартоўцы за першае месца атрымлівалі чатырыста сорак чатыры тысячы рублёў!

«У пэўным сэнсе гэта – і нейкая такая маральная кампенсацыя для самога Лукашэнкі за той байкот, які зладзілі адносна Беларусі і беларускага спорту міжнародныя алімпійскія рухі і ўвогуле міжнародны спартовы рух», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Незразумелым застаецца і пытанне міжнароднага прызнання рэкордаў, калі такія будуць пастаўленыя на Другіх гульнях СНД. Арганізатары не запрасілі ў Беларусь прадстаўнікоў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва.

«Гэта – таксама вельмі важны фактар. Асабліва калі мы гаворым пра краіны СНД, у якіх не толькі ў Расеі і Беларусі былі вялікія праблемы. Мы памятаем, што шмат спартоўцаў з Азербайджану, з Казахстану лавілі ў апошнія гады на допінгу. Проста ніхто не будзе ўспрымаць гэтыя дасягненні за нейкія вартыя», – кажа Арцём Сізінцаў.

Тым часам у нашай краіны ўжо ёсць першы медаль гульняў: цяжкаатлетка Паліна Пічугіна заняла трэцяе месца ў дваяборстве ў вагавой катэгорыі да сарака пяці кілаграмаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»