«Гэтаму няма апраўдання». МЗС Польшчы пракаментавала ціск на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі


У МЗС Польшчы заявілі аб «рашучым пратэсце» ў звязку з ціскам на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі. «Гэтаму няма апраўдання», – сказалі «Белсату» ў ведамстве. Раней праваабаронцы паведамілі пра як мінімум дзесяць выпадкаў, калі беларусаў на мяжы прымушалі пісаць заявы аб адмове ад карты паляка.

Будынак МЗС Польшчы.
Фота: jewishnews.com.ua

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы ў адказ на запыт «Белсату» заявілі, што «з трывогаю назіраюць за палітыкай беларускага рэжыму» ў дачыненні палякаў, якія жывуць у Беларусі.

«Рэпрэсіі, пераслед і ціск закранаюць не толькі ўладальнікаў карты паляка, але і сябраў Саюзу палякаў, польскую адукацыю, польскія мемарыяльныя аб’екты, размешчаныя ў Беларусі», – адзначылі ў МЗС.

Там падкрэслілі, што атрымальнікі карты паляка застаюцца беларускімі грамадзянамі, бо карта не мяняе грамадзянства.

«Рэпрэсіі і абмежаванні, што накладаюцца на ўладальнікаў карты паляка, выклікаюць наш рашучы пратэст, які неаднаразова перадаваўся праз дыпламатычныя каналы. Дзеянням уладаў у Менску няма апраўдання», – заявілі «Белсату» ў ведамстве.

У заяве МЗС таксама гаворыцца, што Польшча «ўважліва адсочвае і аналізуе далейшыя выпадкі парушэння правоў асобы ў Беларусі і прымае ўсе магчымыя захады дзеля мінімізацыі наступстваў антыпольскай кампаніі, што праводзіцца дыктатарскім рэжымам у Беларусі».

Hавiны
Беларускі доктар адмовіўся здаць карту паляка, за што яго вымусілі звольніцца
2023.03.30 12:05

«Раім пісаць консулу адмову ад адмовы»

Як мінімум дзесяць беларусаў сутыкнуліся з патрабаваннем напісаць заяву аб адмове ад карты паляка. Гэта адбываецца на мяжы, паведаміла «Белсату» праваабаронца цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова:

«Хутчэй за ўсё, іх нашмат больш. Спачатку людзі мусяць прайсці гутарку з супрацоўнікам КДБ, які чакае на мяжы, а потым яны пад прымусам пішуць адмову ад карты паляка польскаму консулу».

Імаверна, гэтыя заявы накіроўваюць польскаму консулу. Рудзянкова кажа, што напісаныя пад прымусам хадайніцтвы юрыдычнай моцы не маюць, аднак раіць даслаць дыпламатам новы ліст:

«Каб пазбегнуць бюракратыі, мы раім адразу пісаць консулу, што гэтая адмова нікчэмная, што напісаная пад прымусам, – гэта, так бы мовіць, адмова ад адмовы».

Праваабаронца ўпэўненая: ціск на ўладальнікаў карты паляка парушае як права людзей на свабоднае перасоўванне, гэтак і суверэнітэт Польшчы.

«Відавочна парушаецца свабода перасоўвання, што замацаваная і ў беларускай Канстытуцыі, і ў абавязковых для Беларусі міжнародных дамовах. Гэта яшчэ можна трактаваць як умяшанне ў суверэнітэт іншай дзяржавы, бо гэта дачыненні польскай дзяржавы з замежнікамі, то бок з беларусамі, якія ў не ёсць грамадзянамі Польшчы», – падсумавала Рудзянкова.

Hавiны
Беларусаў з Картай паляка адпраўляюць на мяжы паразмаўляць з КГБ
2023.07.06 12:25

Карту паляка можна атрымаць зноў

У варшаўскі Цэнтр беларускай салідарнасці пакуль не было зваротаў з нагоды прымусовай адмовы ад карты паляка, паведаміла «Белсату» юрыстка арганізацыі Марына Грышчанка. Яна адзначыла, што, нават калі польскія ўлады дакумент анулююць, гэтае рашэнне можна абскардзіць у некалькіх інстанцыях. Да таго ж нішто не замінае атрымаць карту зноў.

«У законе няма нормы, што карту можна атрымаць толькі адзін раз, такіх абмежаванняў няма. То бок калі вы адмовіліся ад карты, то можна яшчэ раз яе атрымаць паводле той жа працэдуры», – кажа юрыстка.

Яна таксама заўважыла, што ануляванне карты паляка не цягне аўтаматычнага анулявання нацыянальнай візы, якую выдалі на падставе карты: «Няма такога закону. Каб пазбавіць асобу візы, таксама трэба распачаць асобнае вядзенне і выдаць рашэнне аб тым, што віза ануляваная».

Карта паляка – пасведчанне для замежнікаў польскага паходжання. Яна дае права на доўгатэрміновую нацыянальную візу, права працаваць у Польшчы, атрымліваць бясплатную адукацыю, мець зніжкі на транспарт і іншыя правы неграмадзянскага характару.

«Беларускай меншасці паскудзіць у адказ не будзем»

Польшча магла б прызнаваць карту паляка, нават калі фармальна грамадзянін ад яе адмовіўся, кажа «Белсату» журналіст «Onet», колішні часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш:

«Я асабіста за тое, каб асобы, якія вымушаныя адмаўляцца, заставаліся ў нашых спісах, нібыта яны не адмаўляліся. І каб у іх заўсёды былі пяцігадовыя шэнгенскія візы, прычым бясплатныя».

Юраш прызнаў: Варшаве складана адказаць Менску за ціск на ўладальнікаў карты паляка, хіба што можна ўвесці персанальныя санкцыі.

«Сіметрычна адказаць нельга, мы ж не будзем паскудзіць беларускай меншасці ў Польшчы. Першае, што прыходзіць у галаву: забарона на ўезд для беларускіх чыноўнікаў, якіх няма ў санкцыйных спісах ЕЗ», – адзначыў былы дыпламат.

Ён таксама нагадвае пра галоўную мэту карты паляка.

«У нас заўсёды была адна задача: клапаціцца пра грамадзянаў Беларусі з польскімі каранямі. Гэта менавіта беларусы з польскімі каранямі, а не палякі. Гэта прынцыповая розніца. І хацелася б, каб гэтыя асобы падтрымоўвалі сувязь з Польшчаю, і каб, акрамя Беларусі, якую яны любяць, каб яны не забываліся пра Польшчу», – рэзюмаваў суразмоўца «Белсату».

Каментар
Калі на мяжы патрабуюць адмовіцца ад карты паляка, ці законна гэта? Ці можна пярэчыць?
2023.07.06 20:12

Марыля Дакуцька, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў