Беларусь пастанавіла не запрашаць на выбары назіральнікаў ад АБСЕ


Беларускі бок паведаміў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ пра намер не запрашаць назіральнікаў ад гэтай арганізацыі на выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі 25 лютага, перадае БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: OSCE

Пры гэтым беларускі бок прывёў свае аргументы і матывацыю, што паўплывалі на такое рашэнне, заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас.

Абноўлена. У тэлеграм-канале МЗС Беларусі з’явіўся пералік прычын, паводле якіх Беларусь не запрашае назіральнікаў ад АБСЕ. Іх тры, і яны, маўляў, «простыя і зразумелыя».

  1. Геаграфічныя і функцыянальныя перакосы ў сістэме АБСЕ, напрыклад, што тычыцца выбару фармату назірання і няроўнай колькасці назіральнікаў, якія накіроўваюцца па рашэнні БДІПЧ АБСЕ на захад і ўсход ад Вены, а таксама традыцыйнае дамінаванне прадстаўнікоў краін Захаду ў гэтых місіях АБСЕ.
  2. Дэградацыя атмасферы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння на прасторы АБСЕ, крызіс даверу, парушэнне традыцый уважлівага, дыпламатычна-карэктнага дыялогу. Нарастае варожасць, астракізм у адносінах паміж краінамі. Яркая праява – увядзенне краінамі Захаду неапраўдана жорсткіх палітычных і эканамічных санкцый, у тым ліку ў дачыненні да ЦВК і парламента.
  3. Пагаршэнне па віне Захаду лагістычных магчымасцяў выезду і ўезду з Беларусі з прычыны закрыцця заходнімі суседзямі шэрагу пунктаў пропуску на мяжы і абмежаванне авіяцыйных паветраных зносін.

Пры гэтым МЗС адзначае, што Беларусь будзе гатовая перагледзець свае падыходы ў выпадку адмовы Захаду ад «незаконнай санкцыйнай палітыкі і спроб умяшання ва ўнутраныя справы нашай краіны».

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы адбудуцца ў Беларусі 25 лютага, падчас адзінага дня галасавання.

У лістападзе 2023 года старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што на выбары прыедуць міжнародныя назіральнікі, але геаграфія арганізацыяў, якім Беларусь накіруе запрашэнні, будзе моцна абмежаваная. Сярод іншага ён адзначыў, што ў планах запрасіць на выбары прадстаўнікоў цэнтральных выбарчых камісіяў краінаў СНД, а таксама калегаў з Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой у Паўднёвай Карэі. Пры гэтым было адзначана, што назіральнікаў ад Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) ЦВК на выбары 25 лютага 2024 года запрашаць не плануе, бо Беларусь праводзіць выбары «для сябе».

24 лістапада абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская апублікавала зварот, у якім заклікала не ўдзельнічаць у адзіным дні галасавання 25 лютага 2024 года, назваўшы лукашэнкаўскае мерапрыемства «бязвыбарамі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў