Кіраўнік ЦВК расказаў, каго плануюць запрасіць для назірання за выбарамі


На выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў прыедуць міжнародныя назіральнікі, але геаграфія арганізацыяў, якім Беларусь скіруе запрашэнні, будзе моцна абмежаваная. Пра гэта ў эфіры прапагандысцкага тэлеканалу ОНТ расказаў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.

Ігар Карпенка. Крыніца: sb.by

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка мяркуе, што ад міжнароднага назірання за выбарамі адмаўляцца не трэба, бо гэта важная форма стасункаў:

«Часта задаюць пытанне: можа, нам увогуле адмовіцца ад міжнароднага назірання? Я не лічу, што гэта будзе правільна. Усё ж такі мы ў першую чаргу разглядаем міжнароднае назіранне як форму стасункаў, узаемадзеяння экспертаў у гэтай галіне, прафесіяналаў у гэтай галіне. Гэта вельмі важна з гледзішча далейшага развіцця дзяржаўнага будаўніцтва і ў цэлым сістэмы выбарчай».

Кіраўнік ЦВК у эфіры дзяржаўнага каналу расказаў, каго плануюць запрасіць для назірання за выбарамі:

«Плануем запрасіць прадстаўнікоў цэнтральных выбарчых камісіяў краінаў СНД. Таксама плануем запрасіць калегаў з Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой – у Паўднёвай Карэі. Асацыяцыя яднае каля 111 краінаў свету, штогод праходзяць кангрэсы гэтай арганізацыі, мы там актыўна бяром удзел. Астатнія субʼекты маюць права запрасіць тых, каго яны лічаць патрэбным, уключаючы місіі».

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Назіральнікаў ад Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) ЦВК на выбары 25 лютага 2024 года запрашаць не плануе:

«Мы павінны разумець, што выбары мы праводзім у першую чаргу для сябе. Задача ЦВК – стварыць умовы, каб выбарнік, народ, які ёсць крыніцай улады, згодна з Канстытуцыяй, мог свабодна прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць усвядомлены выбар на карысць таго ці іншага дэпутата».

Карпенка раскрытыкаваў АБСЕ і паскардзіўся на травеньскі даклад арганізацыі аб пагрозе чалавечаму вымярэнню, запэўніўшы, што ў Беларусі «цяпер мірна, спакойна, стабільна»:

«Мы не супраць гэтай арганізацыі, і мы ёсць у гэтай арганізацыі, узаемадзейнічаем. Не выпадкова не раз падымалі пытанне, што трэба выпрацаваць нейкія адзіныя стандарты, якія б ужываліся ўсюды аднолькава. Так атрымліваецца, што недзе суверэнітэт трэба абавязкова забяспечваць, а ў некаторых дзяржавах можна таптаць гэты суверэнітэт, нахабна ўмешваючыся ва ўнутраныя справы гэтых суверэнных дзяржаў. Вядома, гэта недапушчальна».

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года. Святлана Ціханоўская ды іншыя дэмакратычныя палітыкі заклікалі беларусаў не браць у іх удзелу.

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

СП, belsat.eu

Стужка навінаў