Міжнародная федэрацыя тэнісу пастанавіла дапусціць да Алімпіяды ў Парыжы спартоўцаў з Беларусі і Расеі. Такім чынам, на Гульнях могуць выступіць Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка, хаця і ў нейтральным статусе.
Заяву пра допуск прадстаўнікоў Расеі і Беларусі Міжнародная федэрацыя тэнісу апублікавала на сваім сайце.
«Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволяць кваліфікаваным спартоўцам з расейскімі і беларускімі пашпартамі ўдзельнічаць у Гульнях 2024 года ў Парыжы ў якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў. Міжнародная федэрацыя тэнісу пацвярджае, што тэнісісты з гэтых краінаў будуць дапушчаныя да спаборніцтваў у індывідуальнай і нейтральнай якасці», – паведаміла арганізацыя.
Там адзначылі, што іх пастанова «супадае з пазіцыяй бальшыні міжнародных федэрацыяў» і «адпавядае існай міжнароднай тэніснай палітыцы».
Такім чынам, Арына Сабаленка (другая ракетка свету) і Вікторыя Азаранка (трыццатая ў рэйтынгу) могуць выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Міжнародная федэрацыя тэнісу асудзіла расейскае ўварванне і прыпыніла сяброўства нацыянальных тэнісных федэрацыяў Беларусі і Расеі.
6 сакавіка сталася вядома, што паралімпійцам з дзвюх краінаў дазволілі ўдзел у Паралімпіядзе ў нейтральным статусе. Спартоўцам давядзецца прайсці правяранне наконт падтрымання вайны ва Украіне і таго, ці не былі яны нанятыя на вайсковую службу.
Летась у снежні МАК дазволіў удзел спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў парыжскіх Гульнях – індывідуальна, без гімнаў і сцягоў. Нацыянальны алімпійскі камітэт нашай краіны назваў гэтую пастанову дыскрымінацыйнай.
Сцяпан Кубік belsat.eu