Беларусы і расейцы будуць удзельнічаць у Алімпіядзе-2024 як «індывідуальныя нейтральныя спартоўцы»


Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы, аднак толькі пры ўмове выступу ў нейтральным статусе. Украіна выступіла з асуджэннем гэтага рашэння. 

У 2024 годзе Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы.
Фота: fattiretours.com

«Выканаўчая рада Міжнароднага алімпійскага камітэту вырашыла, што індывідуальныя нейтральныя спартоўцы, якія прайшлі кваліфікацыю пра дзейсныя кваліфікацыйныя сістэмы міжнародных федэрацыяў на гульнявым полі, будуць дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы 2024 года ў адпаведнасці з умовамі, выкладзенымі ніжэй. Індывідуальныя нейтральныя спартоўцы – спартоўцы з расейскім ці беларускім пашпартам. Будуць ужывацца строгія ўмовы адбору, заснаваныя на рэкамендацыях выканаўчага камітэту МАК ад 28 сакавіка 2023 года для міжнародных федэрацыяў і арганізатараў міжнародных спартовых мерапрыемстваў», – гаворыцца ў рашэнні МАК.

Кваліфікацыю на сённяшні дзень прайшлі 8 нейтральных спартоўцаў з Расеі і 3 з Беларусі. Каманды да ўдзелу не дапускаюцца.

На афіцыйных пляцоўках Алімпійскіх гульняў спартоўцам з Беларусі і Расеі нельга будзе дэманстраваць сцягі ці спалучэнні нацыянальных колераў і іншыя сімвалы сваіх краінаў, а таксама выконваць свой дзяржаўны гімн.

У Парыж не будуць запрошаныя і акрэдытаваныя як расейскія, так і беларускія чыноўнікі.

Агляд
«Пачала б біць ім морды». Удзельнікі дыскусіі на «Белсаце» заклікалі МАК не запрашаць беларусаў і расейцаў на Алімпіяду
2023.10.06 20:17

На Алімпіяду нават у нейтральным статусе не дапусцяць спартоўцаў, якія выказваліся ў падтрымку ўварвання Расеі ва Украіну, а таксама звязаныя з ваеннымі ці сілавымі структурамі ў Расеі ці Беларусі.

29 верасня Генеральная асамблея Міжнароднага паралімпійскага камітэту таксама пастанавіла дапусціць беларускіх і расейскіх атлетаў да Паралімпіяды.

Украіна асудзіла рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту і не выключае, што будзе байкатаваць Алімпіяду, заявіў кіраўнік Міністэрства моладзі і спорту Украіны Мацвей Бедны. Ён назваў допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў безадказным.

«Мы рашуча асуджаем безадказнае рашэнне сябраў выканаўчага камітэту МАК. Адзіная краіна, якая тры разы парушала алімпійскае замірэнне – Расея. Адзіная краіна, якая хоча правесці альтэрнатыву Алімпіядзе – Расея. Адзіная краіна, якая пагражае прыехаць на Алімпіяду на танках – Расея. Што яшчэ павінна зрабіць Расея, каго яшчэ павінна забіць Расея, каб Міжнародны алімпійскі камітэт нарэшце зняў ружовыя акуляры ў дачыненні краіны-тэрарыстыкі?» – гаворыцца ў заяве Міністэрства спорту.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.

Агляд
Выступаем з 1912-га, першага чэмпіёна перамог зялёны змей: 10 цікавых фактаў пра беларусаў і Алімпійскія гульні
2023.10.05 12:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў