У 2024 годзе ў Парыжы стартуюць XXXII летнія Алімпійскія гульні, а пакуль так і няясна, ці возьмуць удзел у іх беларусы. У чаканні дэбатаў на гэты конт сабралі цікавыя факты пра нашых алімпійцаў.
Першым нарадзінцам Беларусі на Алімпійскіх гульнях стаў Караль Румель (1888–1967) з Горадні, дзе сёння ў гонар ягонай сям’і названы парк Румлёва і мост.
Караль Румель на Алімпіядзе 1912 года ў Стакгольме ў складзе зборнай Расейскай імперыі лідараваў у спаборніцтвах па канкуры, калі падчас пераадолення адной з перашкодаў ягоны конь Зяблік раптам рухнуў і прыціснуў вершніка. Румель здолеў працягнуць спаборніцтвы, нягледзячы на жудасны боль, але фінішаваў толькі 15-м. У шпіталь спартоўца даставілі ў стане непрытомнасці і высветлілі, што ў яго зламаныя пяць рабрынаў. Кароль Швецыі Густаў V, уражаны ўчынкам Румеля, загадаў адліць для гарадзенца спецыяльны залаты медаль, які ўручылі за мужнасць.
Караль Румель у складзе зборнай Польшчы браў удзел у Алімпійскіх гульнях 1924 і 1928 гадоў, на апошняй з якіх атрымаў бронзавы медаль у камандных спаборніцтвах па конным трохборстве. Удзельнік Другой сусветнай вайны, Караль Румель ацалеў у канцлагерах Дахаў і Маўтгаўзэн, а пасля працаваў трэнерам і кансультантам у езніцтве для мастацкіх фільмаў.
Міхаіл Крываносаў быў у ліку шасці беларусаў, якія бралі ўдзел у першай для зборнай СССР алімпіядзе ў Хельсінкі ў 1952 годзе. Але тады ён, як і іншыя нашыя землякі, застаўся без медалёў. Затое напярэдадні гульняў у Мельбурне ў 1956 годзе Крываносаў лічыўся найлепшым, усталяваўшы пяць сусветных рэкордаў у кіданні молата. Падчас Алімпіяды ён двойчы абнавіў алімпійскі рэкорд, але ў выніку да золата яму не хапіла 16 см.
Крываносаў рыхтаваўся да Алімпіяды ў Рыме, калі падчас трэнавання не ўтрымаў штангі, якая гэтак моцна яго траўмавала, што 30-гадовы беларус завязаў з кар’ераю спартоўца, падаўшыся ў трэнеры. Замест Крываносава ў зборную СССР трапіў Васіль Рудзянкоў са Жлобіна, які ў Рыме стаўся алімпійскім чэмпіёнам. Міхаіл Крываносаў жа цягам больш як 30 гадоў займаўся трэнерскаю працай, у Крычаве ягоную эстафету пераняў трэнер Валер Варанцоў, які выхаваў 8 майстроў спорту, у тым ліку Аксану Мянькову, пазбаўленую залатога медаля Алімпіяды ў Пекіне 2008 года праз станоўчую допінг-пробу (Мянькова, дарэчы, падпісала ліст на падтрыманне Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года).
На Алімпіядзе ў Рыме ў 1960 годзе адразу чатыры беларусы (з адзінаццаці ў зборнай СССР) сталіся чэмпіёнамі, а першы сярод іх – Алег Караваеў з Менску, прызнаны найбольш тэхнічным дужаннікам у грэцка-рымскай барацьбе. Ягонае імя ўвекавечана ў назве караваеўскага стылю і школы ды міжнародным турніры. Але праз неаднаразовае зніжэнне вагі і тое, што «не здолеў выстаяць у падступным двубоі з зялёным змеем, Караваеў рана пайшоў з жыцця, усяго ў 42 гады.
У Сеуле ў 1988 годзе зборная СССР выступала пасля прапушчанай алімпіяды ў Лос-Анджэлесе і ў медалёвым заліку сталася першаю. Тады 48 беларускіх спартоўцаў у складзе зборнай СССР заваявалі агулам 34 медалі (з іх 6 залатыя ў індывідуальных спаборніцтвах і 17 – у камандных). Найлепшыя за час незалежнай Беларусі Алімпійскія гульні мы мелі ў Сіднэі ў 2000-м, калі заваявалі 17 медалёў (тры з іх залатыя), а найгоршыя – у Токіа ў 2021-м, 7 медалёў (1 залаты).
Сусветную вядомасць у перыяд СССР атрымалі беларускія спартоўцы, трохразовыя алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Мядзведзь (вольная барацьба) і Уладзімір Парфяновіч (байдарка), а таксама «цуд з касічкамі» і чатырохразовая алімпійская (і адно срэбра) чэмпіёнка Вольга Корбут (спартовая гімнастыка), але самаю тытулаванаю беларускаю спартоўкаю да сёння застаецца фехтавальніца Алена Бялова.
Алена Бялова (у дзявоцтве Новікава) нарадзілася ў сям’і савецкага вайскоўца на Далёкім Усходзе. У раннім дзяцінстве прыехала ў Менск, дзе і пачала займацца фехтаваннем. Пасля трох месяцаў заняткаў 14-гадовая спартоўка ўжо трапіла на свой першы турнір, дзе сталася другою. Свой першы залаты медаль у 19 гадоў заваявала ў Мексіцы, выступаючы з цяжкаю траўмай, якую атрымала, размінаючыся. Усяго ж Алена Бялова стала чатырохразоваю чэмпіёнкаю трох Алімпіядаў і мае яшчэ алімпійскія срэбра ды бронзу. Яна настолькі вядомая ў свеце фехтавання, што нездарма аднаго з персанажаў свету «Marvel» назвалі дакладна гэтак сама.
Гэта мянчук Віталь Шчэрба, які з шасцю залатымі медалямі ёсць абсалютным пераможцам Алімпіяды ў Барсэлоне ў 1992 годзе ў складзе аб’яднанай зборнай краінаў СНД. Тады спартоўцы выступалі, адначасова маючы на вопратцы як герб ужо зніклага СССР, гэтак і ўжо нацыянальныя сцягі, у нашым выпадку – бел-чырвона-белы сцяг.
На Алімпіядзе ў Атланце ў 1996 годзе Шчэрба, 12-разовы чэмпіён свету і 10-разовы чэмпіён Еўропы, заваяваў яшчэ чатыры бронзавыя алімпійскія медалі.
У 1997-м спартовец зламаў руку пасля падзення з матацыкла, пасля чаго вымушаны быў скончыць кар’еру. Цяпер Віталь Шчэрба жыве ў ЗША ў Лас-Вэгасе, дзе мае ўласную гімназічную залу.
Першая Алімпіяда, на якой Беларусь выступала ў якасці самастойнай зборнай, сталіся Зімнія гульні ў Лілегамэры (Нарвегія), дзе срэбнымі прызёрамі сталіся канькабежац Ігар Жэлезоўскі і біятланістка Святлана Парамыгіна. Але падручнік па гісторыі Беларусі скарэктавалі, і выступ самастойнай нацыянальнай каманды перанеслі на 1996 год (с. 221, Гісторыя Беларусі, ХІХ – пачатак ХХІ ст., для 11-га кл., пад рэд. А. Касовіча, А. Салаўянава, 2021). Магчыма, праз тое, што ў 1994 годзе дэлегацыя зборнай Беларусі на адкрыцці Алімпійскіх гульняў у Нарвегіі ішла пад бел-чырвона-белым сцягам. Усяго за час незалежнай Беларусі нашыя суайчыннікі заваявалі 105 узнагародаў, сярод якіх 21 – залатыя.
Кацярына Карстэн (у дзявоцтве Хадатовіч) нарадзілася ў вёсцы Асечана Крупскага раёну Менскай вобласці. У 1992 годзе заваявала першы алімпійскі медаль (бронзу) у складзе аб’яднанай зборнай СНД у камандных спаборніцтвах па акадэмічным веславанні, а ў 1996-м сталася першай алімпійскаю чэмпіёнкаю незалежнай Беларусі.
У 2000 годзе Карстэн сталася двухразовай алімпійскаю чэмпіёнкай і ў далейшым заваёўвала медалі яшчэ ў 2004-м (срэбра) і 2008-м (бронза). З 1997 года да завяршэння кар’еры ў 2019-м жыла і трэнавалася ў Нямеччыне, дзе і цяпер жыве ейная сям’я.
Кацярына Карстэн падпісала адкрыты ліст на падтрыманне Лукашэнкі пасля пачатку рэпрэсіяў у Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года.
Мянчук Аляксей Грышын браў удзел у пяці Алімпійскіх гульнях. У 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці, якія запомніліся фантастычнаю перамогаю беларускіх хакеістаў над шведамі, ён стаўся бронзавым прызёрам (адзіны наш медаль на той Алімпіядзе), а ў 2010-м у Ванкувэры – алімпійскім чэмпіёнам. У 2014-м пакінуў спорт і заняўся бізнесам, але сутыкнуўся з вялікімі фінансавымі складанасцямі. У 2019-м выставіў свае медалі на аўкцыён, «каб дапамагчы сябру», у выніку ўгандляваў за іх амаль $ 100 тысячаў. Адносна падзеяў 2020 года сваё пазіцыі не абазначыў.
Нарадзінка Менску Дар’я Домрачава ў раннім дзяцінстве пераехала ў Расею. Яна нават пачынала выступаць за зборную РФ, дзе яе хутка палічылі бесперспектыўнаю. Аднак Дар’я знайшла сябе на радзіме.
Домрачава стала ў выніку чатырохразовай алімпійскаю чэмпіёнкаю, прычым тры медалі заваявала ў Сочы ў 2014 годзе, а яшчэ мае алімпійскія бронзу (2010) і срэбра (2018).
У 2016 годзе Дар’я выйшла замуж за легендарнага нарвежскага біятланіста Уле Эйнара Б’ёрндалена, ад якога нарадзіла дваіх дзяцей. Падчас пратэстаў 2020 года пад каток рэпрэсіяў трапіў ейны старэйшы брат Мікіта, якога моцна збіў АМАП. Пасля гэтага ў Instagram Дар’я заклікала АМАП: «Спыніце гвалт». Але далей за гэта носьбітка звання «Герой Беларусі» (2014 год) не пайшла, працягваючы жыць у Менску. У адрозненне ад тысячаў іншых спартоўцаў, якія падтрымалі пратэсты беларусаў у 2020 годзе. Паводле Паўла Латушкі, «больш за 20 беларускіх спартоўцаў застаюцца ў турмах па палітычна матываваных прысудах».
Барыс Булат belsat.eu