«Пачала б біць ім морды». Удзельнікі дыскусіі на «Белсаце» заклікалі МАК не запрашаць беларусаў і расейцаў на Алімпіяду


У эфіры «Белсату» адбыліся дэбаты наконт права беларускіх і расейскіх спартоўцаў рэпрэзентаваць свае краіны на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. Удзельнікі размовы распавялі, якім можа быць развязанне праблемы і хто здольны паўплываць на рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэту (спойлер: спонсары).

Публічная дыскусія, прысвечаная крытэрыям допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў на афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы, у варшаўскай студыі «Белсату». На здымку (злева направа) – вядоўца Сяргей Падсасонны, шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў сяміборстве і скачках у вышыню Яна Максімава і дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Гэтую дыскусію «Белсат» зладзіў сумесна з Беларускім фондам спартовай салідарнасці. Нагодаю сталіся Алімпійскія гульні, што адбудуцца налета ў Парыжы.

29 верасня Генеральная асамблея Міжнароднага паралімпійскага камітэту пастанавіла дапусціць беларускіх і расейскіх атлетаў да Паралімпіяды. Рашэнне ж наконт Алімпіяды яшчэ не абвешчанае, аднак адразу некалькі ўдзельнікаў дэбатаў схіляюцца да думкі, што прынцыпова яно ўхваленае, і спартоўцам дазволяць удзел – імаверна, як і паралімпійцам, у індывідуальным і нейтральным статусе, з забаронаю дзяржаўных сцягоў і гімнаў.

«Прынцыпова рашэнне, што паедуць, прынятае», – сказаў кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці, былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Анатоль Котаў.

«Я не вельмі аптымістычны», – прызнаўся былы генеральны сакратар Польскай федэрацыі гімнастыкі, спартовы дзеяч, які ўжо шмат гадоў вядзе кампанію супраць карупцыі і парушэнняў прынцыпаў сумленнай гульні ў спорце Пётр Дэк. Ён упэўнены, што беларускіх і расейскіх спартоўцаў нельга пускаць на Алімпіяду нават у нейтральным статусе, бо і атлеты, і дзяржавы ўсё роўна будуць хваліцца дасягненнямі, і калі «забраць сцяг і гімн, спартоўцы не зробяцца нейтральнымі».

Дэк таксама назваў сорамам прамову кіраўніка МАК Томаса Баха пра тое, што важны ўдзел у спаборніцтвах краінаў, якія «знаходзяцца ў канфлікце паміж сабою», бо гэта «паказвае свету, з чаго складаецца алімпійская місія і алімпійскі дух».

Кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў, актывіст Вольнага аб’яднання спартоўцаў Беларусі Канстанцін Якаўлеў, срэбны прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы Андрэй Краўчанка. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Кіраўнік Дацкага інстытуту спартовых даследаванняў Станіс Элсбарг адзначыў, што Расея абавязкова выкарыстае ўдзел сваіх спартоўцаў у Алімпіядзе ў апраўданні агрэсіі ва Украіне:

«Мы бачылі, як гэтая «нейтральнасць» працуе. Гэтак званыя нейтральныя атлеты насамрэч не нейтральныя, бо ўсе ведаюць, хто яны і адкуль прыехалі. Мы бачылі колеры сцягоў і мы не можам дазволіць, каб у час вайны гэта адбывалася, каб Расея апраўдвала злачынствы ва Украіне і казала, што яе, маўляў, прызнаюць у свеце».

Элсбарг таксама выказаў упэўненасць, што МАК ужо вызначыўся, аднак шанец змяніць гэта маецца: «Можна паўплываць на алімпійскі рух, мусім задзейнічаць лідараў спорту, каб яны выказаліся».

«Спорт мае сілу аб’ядноўваць людзей, але калі дзяржава выкарыстоўвае спорт у якасці прапаганды, тады спорт становіцца палітычным інструментам. І ў Расеі мы бачылі спалучэнне палітыкі і спорту», – заявіла падчас дэбатаў прадстаўніца зборнай Нямеччыны па фехтаванні, сябра кіраўніцтва звязу нямецкіх спартоўцаў «Athlete Deutschland» Леа Кругер. Яна нагадала: спачатку быў допінгавы скандал, а цяпер – вайна ва Украіне.

Нямецкая фехтавальніца Леа Кругер узяла ўдзел у дэбатах праз відэасувязь. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Расеі прапанавана ўдзельнічаць пад нейтральным сцягам, але, як мы бачылі, цяжка імплементаваць гэтую нейтральнасць. Мы не можам не бачыць сувязь пэўных атлетаў з дзяржаваю. Нават калі афіцыйна яны нейтральныя, дзяржава выкарыстае іх у палітычных мэтах», – упэўненая Кругер.

Яна мяркуе, што кіраўнік МАК намагаецца нейкім чынам аб’яднаць усіх, аднак цяпер наўрад ці гэта магчыма:

«Спорт выкарыстоўваецца як інструмент палітыкі, каб падтрымаць вайну. Цяпер той момант, калі трэба аддзяліць адно ад другога. Прынцып спорту – аб’ядноўваць людзей, але не тады, калі ён выкарыстоўваецца дзеля палітычных мэтаў».

Украінская лёгкаатлетка, медалістка алімпійскіх гульняў Ганна Рыжыкава, у сваю чаргу, заўважыла, што на спаборніцтвы нават у нейтральным статусе трапляе шмат спартоўцаў, якія падтрымоўваюць вайну:

«Мы не ўпэўненыя ў тым, што маецца надзейная сістэма спраўджання. Патрэбна, каб яны падпісвалі антываенную дэкларацыю і публічна заяўлялі пра тое, што не падтрымоўваюць вайны. Без гэтага дапускаць нельга, бо і ў нейтральным статусе яны працягваюць падманваць».

Пры гэтым Рыжыкава назвала не лепшым развязаннем праблемы байкот украінскімі спартоўцамі турніраў, дзе бяруць удзел беларусы і расейцы.

«Пра нас забудуцца адразу ж. Калі нас не будзе на ўсіх міжнародных стартах, на Алімпіядзе, пра нас забудуцца. А прыйдуць расейскія і беларускія спартоўцы і будуць несці сваю прапаганду і казаць, што яны нявінныя. І калі нам даводзіцца байкатаваць, мы максімальна прыцягваем да гэтага ўвагу. Напрыклад, як робяць тэнісісткі, калі не паціскаюць рукі. У гледача ўзнікае пытанне, а чаму ўкраінцы так робяць, ён пачынае цікавіцца тым, што адбываецца», – растлумачыла ўкраінская атлетка.

Яна мяркуе, што спартоўцы з Беларусі і Расеі, якія супраць вайны, могуць знайсці выйсце, яны маглі б выступаць у адмысловай камандзе ўцекачоў.

Андрэй Краўчанка. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў, двухразовы чэмпіён Еўропы, срэбны прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы Андрэй Краўчанка прызнаўся, што яго болей турбуе не допуск беларускіх і расейскіх атлетаў, а магчымасць удзелу вольных спартоўцаў. Паводле цяперашняй працэдуры, асоба мусіць падаваць заяўку праз нацыянальныя федэрацыі, і, вядома, беларускія функцыянеры не вылучаць спартоўцаў, якія выступілі спачатку супраць Лукашэнкі, а потым – супраць вайны.

«Патрэбны механізм, каб мы маглі накіроўваць заяўкі наўпрост у міжнародныя федэрацыі, каб яны маглі нас дапусціць. Гэта было б справядліва», – падкрэсліў Краўчанка.

На ягонае меркаванне, МАК – карумпаваная структура, таму Менск і Масква, імаверна, атрымаюць запрашэнні на Алімпіяду, і калі б функцыянеры «асабіста адчулі боль украінцаў», то ніводнага спартоўца з Беларусі ды Расеі на спаборніцтвы не пусцілі б:

«Сябры з Расеі самі кажуць, што не трэба дапускаць расейскіх спартоўцаў, бо бальшыня іх – за вайну. Міжнародны алімпійскі камітэт не турбуе сітуацыя з вольнымі спартоўцамі, затое яны цяпер хочуць дапусціць асобаў, якія падтрымоўваюць гэтае бязмежжа».

Яна Максімава. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Гэтую ж праблему ўзняла шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў сяміборстве і скачках у вышыню Яна Максімава. Спартоўцы, якія выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе і былі вымушаныя ўехаць за мяжу, цяпер не маюць амаль ніякіх магчымасцяў удзельнічаць у турнірах.

«Нашая спартовая будучыня невядомая. Я працягваю трэнавацца і хачу выступаць за Новую Беларусь пад сцягам Новай Беларусі – бел-чырвона-белым. Да спаборніцтваў трэба дапускаць спартоўцаў, якія падпісалі ліст за новыя выбары і супраць гвалту. Я не згодная х тым, што ўсіх спартоўцаў прыроўнілі», – адзначыла Максімава.

Паводле яе, дэлегацыі Беларусі і Расеі нельга пускаць на Алімпіяду нават пасля падпісання антываеннай дэкларацыі:

«Беларусы не мусяць выступаць, пакуль не скончыцца вайна, а Расея – толькі пасля таго, як адновіць Украіну».

Максімава эмацыйна прызналася, што пачала б «біць морды» беларускім і расейскім спартоўцам пры сустрэчы на турнірах:

«Мне крыўдна. Я прайшла вялікі спартовы шлях, і цяпер ні ў якім разе не хацела б сустрэцца з нашымі ці расейскімі спартоўцамі, я б пачала морды ім біць на спаборніцтвах. Бо мяне турбуе жыццё людзей ва Украіне».

Яна, зрэшты, падсумавала, што галоўнае цяпер – не спорт і медалі, а спыненне вайны і дапамога ўкраінцам.

Адзін з прыкладаў таго, як рэпрэсаваны беларускі спартовец можа працягнуць кар’еру, – змена грамадзянства. Такім шляхам пайшла лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая цяпер выступае за Польшчу. Праўда, сваю гісторыю яна назвала «гісторыяй цяжкага поспеху».

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Мой прыклад паказвае, што агулам спартоўцы вельмі ўразлівыя ў дыктатурах. Мне пашчасціла, і мне ўдалося застацца ў спорце, я магу выступаць. Аднак мая гісторыя шмат каго можа напужаць невядомасцю. Трэба рабіць крок насустрач тым, хто супраць дыктатуры, супраць рэжымаў, што развязалі вайну. Такіх герояў паболее, калі ім будуць дапамагаць», – упэўненая бягуння.

На меркаванне Ціманоўскай, многія беларускія спартоўцы баяцца выказацца, бо застаюцца на радзіме. Яны маглі б «падрыхтаваць глебу» і выехаць, каб пасля публічнага асуджэння вайны мець магчымасць надалей змагацца на спаборніцтвах.

«Трэба выразна аддзяляць Беларусь ад Расеі і беларускіх спартоўцаў ад расейскіх. Беларускія спартоўцы выказвалі сваю пазіцыю і ў 2020-м, і ў 2022-м, калі пачалася вайна. Да вольных спартоўцаў трэба ставіцца інакш», – падсумавала атлетка.

Дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін упэўнены, што галоўным крытэрам допуску атлетаў мусіць быць падпісанне антываеннай дэкларацыі і публічнае асуджэнне расейскай агрэсіі. Ён таксама назваў памылкаю, што беларускіх і расейскіх спартоўцаў паставілі ў адзін шэраг.

Дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Мы павінны ўлічваць, што беларускія атлеты масава выйшлі супраць дыктатуры ў 2020-м, у 2022 годзе больш за 100 беларускіх атлетаў падпісалі антываенную дэкларацыю. Да Беларусі і беларускіх беларускіх атлетаў мусіць быць іншае стаўленне», – падкрэсліў Апейкін.

Ён заўважыў, што расейская дэлегацыя будзе налічваць 120 атлетаў – прыкладна столькі ж, колькі і ўкраінская: «Гэта будуць 30–40 п’едэсталаў, і прапаганда будзе гэта выкарыстоўваць».

«Мы не пабачым тых атлетаў, якія выступалі і супраць вайны, і супраць дыктатуры. Вельмі несправядлівая сітуацыя», – заявіў Апейкін падчас дэбатаў.

Ён рэзюмаваў, што спартоўцы, якія падтрымоўваюць цяперашнія беларускія ўлады, – фактычна прапагандысты і нясуць такую ж адказнасць, «як і азаронкі з мукавозчыкамі», бо маюць медыйнасць і ўплыў на масы.

Анатоль Котаў. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Чакаецца, што МАК абвесціць сваё рашэнне пра допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў 15 кастрычніка, паведаміла віцэ-старшыня камітэту па культуры і адукацыі Еўрапарламента Міхаэла Шайдрова. Яна распавяла, што кіраўніку Міжнароднага алімпійскага камітэту быў дасланы ліст з заклікам забараніць удзел атлетаў. Адказу няма.

«Мы хочам прыцягнуць увагу спонсараў, што звязаныя з МАК. Мы даслалі 14 спонсарам ліст, бо павага да чалавечага жыцця важнейшая за прыбытак у бізнесе. Мы хочам заахвоціць іх падтрымаць нашую ініцыятыву і не падтрымоўваць МАК. Нейтралітэт недастатковы. Мусім падтрымоўваць мір і этычныя прынцыпы алімпійскага руху», – заявіла Шайдрова.

Менавіта ціск на спонсараў можа даць плён, мяркуе кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

«Чаго МАК баіцца? Гэта спонсары, медыі і публічны ціск. Добра, што Еўрапарламент звярнуўся да спонсараў, бо калі раней украінскі бок звяртаўся, гэта выклікала сур’ёзнае абурэнне камітэту: не чапайце нашых спонсараў, не ўцягвайце іх у палітыку», – адзначыў Котаў.

Усе ўдзельнікі размовы сышліся ў адным: вайна ва Украіне непрымальная і мусіць быць спыненая. І гэта галоўнае. Бо жыццё важыць болей, чымся медалі.

Агляд
Выступаем з 1912-га, першага чэмпіёна перамог зялёны змей: 10 цікавых фактаў пра беларусаў і Алімпійскія гульні
2023.10.05 12:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў