ЕЗ заклікаў Міжнародную арганізацыю працы ўжыць сур’ёзныя санкцыі супраць Беларусі


Прадстаўніцтва ЕЗ пры ААН у Жэневе абнародавала заяву з заклікам да Міжнароднай арганізацыі працы ўжыць супраць Беларусі артыкул 33 Статуту МАП. Гэта пагражае сур’ёзнымі санкцыямі за рэпрэсіі супраць прафсаюзных актывістаў.

Працаўнікі ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У заяве Еўразвязу канстатуецца, што ўлады Беларусі амаль 19 гадоў ігнаруюць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы.

«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя рэзкім пагаршэннем правоў чалавека, у тым ліку працоўных, у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія не былі ані свабоднымі, ані справядлівымі. Гэтыя асцярогі яшчэ больш абвастрыліся пасля суўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны», – гаворыцца ў звароце.

Адзначаецца, што ў Беларусі амаль не засталося магчымасцяў для бяспечнага існавання незалежнага прафсаюзнага руху, а Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі з увагі на яе цесныя сувязі з уладамі нельга лічыць прадстаўніком працоўных.

Hавiны
Прафсаюзы свету выступілі за эканамічную блакаду Беларусі
2023.05.27 11:59

Таксама згадваюцца прафсаюзныя актывісты, якія цяпер за кратамі.

«Мы занепакоеныя тэрмінамі зняволення, якія беларускія суды прызначаюць прафсаюзным лідарам і актывістам за ўдзел у мірных сходах або за рэалізацыю іх грамадзянскіх свабодаў у адпаведнасці з законнай прафсаюзнай дзейнасцю. Мы заклікаем да іхнага неадкладнага вызвалення і зняцця ўсіх абвінавачванняў», – гаворыцца ў заяве.

У ЕЗ мяркуюць, што пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі патрабуе ўхвалення дадатковых захадаў супраць уладаў.

«Надышоў час актывізаваць дзеянні. Мы цалкам падтрымліваем ухваленне праекту рэзалюцыі аб дадатковых захадах у адпаведнасці з артыкулам 33 Статуту МАП», – падсумоўваецца ў заяве Еўразвязу.

Офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай паведаміў «Белсату», што сёння чакаецца зацвярджэнне тэксту рэзалюцыі і вынясенне дакументу на агульнае галасаванне Канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. «Рэжым спрабуе змякчыць фармулёўкі, каб яны былі рэкамендацыйнымі, а не абавязковымі», – адзначылі ў Офісе.

Разбор
Беларусь прыраўнялі да М’янмы. Будзе эканамічная блакада?
2022.11.11 08:00

Тым часам Святлана Ціханоўская абмеркавала гэтае пытанне з міністрам працы і эканомікі Аўстрыі Марцінам Кохэрам падчас візіту ў Вену.

«Гаварылі пра падтрыманне беларускіх бізнесаў за мяжою, а таксама падтрыманне Аўстрыяй ужывання 33-га параграфу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай канферэнцыі працы», – паведаміў Офіс абранай прэзідэнткі.

Акрамя таго, Ціханоўская мела размову з вярхоўным камісарам ААН у правах чалавека Фолькерам Туркам пра сітуацыю з палітвязнямі, пра дзве справаздачы аб Беларусі, што будуць разглядацца на найбліжэйшым паседжанні Рады правоў чалавека ААН, ды пра большы ўдзел ААН у справе вызвалення палітвязняў.

Аналітыка
Пра палітычных вязняў моваю лічбаў. Шокавыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі
2023.05.28 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў