Конкурс да 14,8 чалавек на месца. У БДУ завяршыўся прыём абітурыентаў на бюджэт


У галоўнай ВНУ Беларусі – Беларускім дзяржаўным універсітэце – скончылася залічэнне абітурыентаў на бюджэтную форму навучання. Рэктар вучэльні распавёў пра вынікі і тэндэнцыі сёлетняга прыёму.

Хімічны факультэт БДУ.
Фота: Белсат

Сёлета ў БДУ было 2187 бюджэтных месцаў. На іх было пададзена 3708 заяваў. Такім чынам, сярэдні конкурс па ўніверсітэту склаў 1,7 чалавека на месца.

Сярод спецыяльнасцяў, на якія залічэнне ідзе па сертыфікатах ЦЭ і ЦТ, самы высокі конкурс быў зафіксаваны на «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (МДЭІ ім.А.Сахарава) і «Сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыі» (факультэт сацыякультурных камунікацыяў) – 3,3 чалавекі на месца.

Сярод творчых спецыяльнасцяў лідзіравала «Графічны дызайн і мульцімедыядызайн» – 14,8 чалавек на месца.

Hавiны
Некаторыя ВНУ абвесцілі дадатковы набор на бюджэт
2023.07.28 17:06

Самы высокі прахадны бал сёлета, як і ў папярэднія гады, быў на міжнародным праве – 398, міжнародных зносінах – 394, усходазнаўстве – 393. За імі ідуць прыкладная інфарматыка – 386 балаў, інфарматыка – 379, кібербяспека – 370.

Паводле Андрэя Караля, прахадныя балы сёлета, у параўнанні з мінулым годам, выраслі на ўсіх спецыяльнасцях. Прырост на міжнародным праве склаў 24 пазіцыі, на міжнародных зносінах – 17. Максімальны рост – на 58 пунктаў – быў адзначаны на спецыяльнасці «геалогія».

Сёлета больш чым у два разы больш абітурыентаў былі прынятыя без экзаменаў – 334 чалавекі супраць 143 летась.

«Радуе і рост адсотку залічаных з сумарным балам па ЦЭ і ЦТ больш 300 і вышэй, – кажа рэктар БДУ. – Сёлета гэты паказчык вырас крыху больш чым на 10% і склаў 92,4%. Акрамя таго, нашымі студэнтамі сталі 4 400-бальнікі. Гэтыя рабяты будуць вучыцца на факультэтах міжнародных зносінаў, журналістыкі і на эканамічным факультэце».

Hавiны
Палітолаг назвала пяць «Д» неабходных, каб у беларускіх вну больш не было рэпрэсіяў
2023.07.23 12:27

31,6% ад залічаных у БДУ абітурыентаў склалі медалісты і выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных установаў з дыпломам з адзнакай.

Да 9 жніўня ў БДУ працягнецца прыём дакументаў на платную форму навучання.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў