Палітолаг назвала пяць «Д» неабходных, каб у беларускіх вну больш не было рэпрэсіяў


Беларускі палітолаг, запрошаная даследчыца праграмы DAAD ўніверсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава ў сваім тэлеграм-канале назвала крокі, якія неабходна зрабіць, каб у беларускай вышэйшай адукацыі больш не паўтарыліся рэпрэсіі.

Запрошаная даследчыца праграмы DAAD ўніверсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На думку палітолага, неабходна адмовіцца ад савецкіх практык, бо досвед старэйшага пакалення не карысны, а «нават шкодны». А «імкненне «заслупаваць» месца, кафедру, крэсла абарочваецца імкненнем «кансерваваць парадкі»».

Роза Турарбекава мяркуе, што неабходна адмовіцца ад савецкіх практык непавагі да студэнтаў як няспелых асобаў, бо гэта абясцэньвае асобу. Паводле яе, недапушчальныя як грубіянства і грэбаванне, гэтак і апека.

Палітолаг лічыць, што павага да калегаў павінна быць заснавана на прызнанні іх навуковых і выкладчыцкіх дасягненняў. Агулам жа трэба вярнуцца да конкурснай сістэмы і выбараў на кафедру, факультэт і ўніверсітэт.

На думку Турарбекавай, навукоўцы павінны быць вольныя ў напісанні праграмаў, падручнікаў, выбары тэм, а пошук сродкаў на гэта павінен адкрытым і вольным.

«Як нам выруліць з гэтага балота і кашмару? Ніякіх дэкаратыўных рэформаў. Усведамленне заганнасці рэжыму павінна прайсці праз кожнага. Звядзенне рахункаў недапушчальнае. Трэба арганізаваць працэс як рэабілітацыі, так і люстрацыі», – заявіла палітолаг.

Паводле яе, звальнення датычных да рэпрэсіяў не дастаткова – «павінны быць слуханні і вынясенне рашэння».

У рэшце Турарбекава прыводзіць спіс з пяці «Д», якія трэба правесці для рэфармавання адукацыйнай сістэмы: «Дэлукашызацыя. Дэцэнтралізацыя. Дэідэалагізацыя. Дэсек’юрытызацыя. Дэмілітарызацыя».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў