Што збудуе «Новая Беларусь» на падаткі эмігрантаў? З’явіліся першыя варыянты


Платформа «Новая Беларусь» у другі раз запусціла праект лічбавага самакіравання. Летась з эмігрантаў – а дакладней, з бюджэтаў Літвы і Польшчы – сабралі грошы на беларускую бібліятэку ў Вільні і сайт пра гісторыю Беларусі. Сёлета ўжо з’явіліся першыя прапановы, расказала «Белсату» прэс-сакратарка платформы Марыя Грыц.

Лагатып праекту «Будуй сваё»
Лагатып праекту «Будуй сваё» ад платформы «Новая Беларусь». Скрыншот: Newbelarus-taxes.com

Шэраг краінаў, у ліку якіх Літва і Польшча, дазваляюць платнікам падаткаў вызначыць, на што пойдзе частка іхных падаткаў (1,2 % у Літве і 1,5 % у Польшчы). Можна ахвяраваць на лекаванне канкрэтнага чалавека ці на канкрэтны прытулак для жывёл, а можна даць грошы сваёй любімай некамерцыйнай арганізацыі – нават беларускай. Плаціць нічога не трэба, а дастаткова паведаміць дзяржаве, куды ёй скіраваць ужо сплачаныя грошы.

Сярод ініцыятываў, якія прымаюць грошы такім чынам, праект лічбавага самакіравання «Будуй сваё» ад платформы «Новая Беларусь». Грошы прымаюць не на канкрэтны праект, а на конкурс, у якім пераможцаў выберуць самі фундатары. Акрамя таго, да праекту могуць далучыцца і жыхары іншых краінаў, дзе адсотак падаткаў не пералічыць на праект «Новай Беларусі»: дастаткова перавесці € 35 «непадатковых» грошай – прыблізна такая сума і ідзе з падаткаў аднаго чалавека на «Будуй сваё».

У мінулым годзе на лічбавае самакіраванне перавялі частку падаткаў менш за тры сотні чалавек, але набралася 47 тысяч еўра. Гэтага хапіла на ўжо адкрытую беларускую бібліятэку ў Вільні і на стварэнне сайта пра гісторыю Беларусі (ён пакуль у распрацоўцы, бо грошы з польскіх падаткаў прыйшлі пазней).

Колькі змогуць сабраць у гэтым годзе? Прэс-сакратарка платформы «Новая Беларусь», сувядоўца перадачы «Трэба пагаварыць» на «Белсаце» Марыя Грыц адказвае: гэта будзе таямніцай аж да канца падачы падатковых дэкларацыяў.

Яна тлумачыць: ёсць тыя, хто перавёў грошы і актыўна ўдзельнічае у абмеркаваннях праектаў, а ёсць і тыя, хто пераводзіць грошы – і «рабіце, што захочаце».  Сёлета ёсць магчымасць перавесці грошы з трэціх краінаў. Прадказаць, колькі будзе сабрана грошай у такіх умовах, немагчыма, ды і леташніх 47 тысяч еўра не чакалі.

Марыя з захапленнем расказвае пра тое, што такім чынам удалося стварыць сапраўдную фізічную бібліятэку ў Вільні, у якую можна прыйсці і рукамі пагартаць вынік дзейнасці праекту. Тады як аўтары ідэі нават не планавалі маштабны праект – думалі абмежавацца палічкай з беларускімі кнігамі. Ды атрымаўся значна большы бюджэт, чым тое, на што разлічвалі, і выйшла цэлая бібліятэка.

У мяне ёсць ідэя. Яе прымуць?

Сваю ідэю таксама можна прапанаваць, калі аддаць адсотак сваіх падаткаў ці сплаціць € 35. Тыя, хто прафінансаваў праект, могуць таксама галасаваць і за іншыя праекты. Але з тэрыторыі Беларусі не атрымаецца паўдзельнічаць: «Новую Беларусь» улады «старой Беларусі» назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем», таму ахвяраванні з беларускіх картак не прымаюць. Можна хіба паглядзець, што робяць іншыя.

Прапановы праектаў можна паглядзець тут на сайце (з Беларусі – праз VPN!) або ў праграме «Новая Беларусь» на Android і iOS.

Марыя Грыц
Вядоўца Марыя Грыц падчас здымак праграмы «Трэба пагаварыць». Фота прадстаўлена рэдакцыі

Як згадвае Марыя Грыц, сярод прапановаў ёсць зусім несур’ёзныя: напрыклад, выкупіць кавалачак зямлі і там зрабіць Новую Беларусь. Але ёсць адказныя людзі, якія не толькі прапануюць, але і гатовыя рэалізаваць – як з той бібліятэкай у Вільні.

Яна адзначае, што асабіста ёй падабаецца прапанова майстэрні і арэнды інструментаў у Літве: калі жывеш на здымнай кватэры і не маеш дрылі ці шрубакрута, можаш прыйсці, пазычыць і вярнуць, як кнігу ў бібліятэцы. З Польшчы цікавая ідэя – віртуальны Менск у мадыфікацыі відэагульні «Grand Theft Auto». Яшчэ ёсць праекты онлайн-калядаў і онлайн-батлейкі, летніка для дзяцей і дзіцячага пакою, а ёсць сексуальная адукацыя для падлеткаў… Цікавых ідэяў хапае.

А што прапанаваць і на што хопіць грошай? Марыя Грыц тлумачыць, што прапанаваць можна ўсё, толькі не ўсё пройдзе адбор:

«Будзе папярэдні адбор праектаў, якія мусяць адпавядаць заканадаўству. Ты не можаш прапанаваць нейкі праект, які не будзе дабрачынным. Паводле заканадаўства Літвы і Польшчы, мы не можам перавесці грошы, напрыклад, на нейкую зброю для палка Каліноўскага ці нешта такое. Праект мусіць быць менавіта дабрачынным і ажыццявіцца менавіта ў гэтай краіне: мы не можам сабраць грошы ў Польшчы і аддаць іх у Амерыку ці Украіну».

Ды летась шмат беларусаў з розных краінаў пыталі, ці можна далучыцца да праекту – а тады збіралі толькі грошы з падаткаў у Літве і Польшчы. Таму сёлета прыдумалі трэці варыянт: глабальны збор не з падаткаў, а з ахвяраванняў з любой краіны. Паставілі мэту: з глабальнага збору праекты мусяць быць онлайнавыя, каб імі скарысталіся і людзі ў Беларусі. Марыя Грыц расказвае, што ўдзельнікі такога збору, падобна, нават больш адказна ставяцца да праекту, бо аддалі свае грошы, а не скіравалі дзяржаўныя.

Ідэі праектаў будуць прымаць яшчэ доўга. Першы этап адсейвання будзе тады, калі скончыцца падача падатковых дэкларацыяў – тады каманда «Новай Беларусі» пачне правяраць, ці адпавядаюць ідэі заканадаўству.

Галасаваць жа за ідэі можна ўжо цяпер. Тыя, хто падтрымаў праект грашыма, могуць ставіць ідэям «падабайкі», каб супольнасць заўважыла праект: ідэі, у якіх не будзе ніякіх рэакцыяў, наўрад ці пройдуць у наступны этап адбору.

***

«Новая Беларусь» – не адзіная ініцыятыва, якая прымае адсоткі з падаткаў у Літве і Польшчы. Вось якія іншыя ініцыятывы можна падтрымаць такім шляхам:

Агляд
Як беларусы ў Польшчы і Літве могуць падтрымаць сваіх, аддаўшы частку сплачаных падаткаў
2024.02.29 12:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў