Узнагароду ордэну Брытанскай імперыі ўручылі сузаснавальніцы Свабоднага тэатру Наталлі Калядзе


Сузаснавальніца беларускага Свабоднага тэатру Наталля Каляда атрымала ўзнагароду ордэну Брытанскай імперыі. Пра гэта паведаміў ейны муж Мікалай Халезін, які таксама ўганараваны званнем чальца ордэну.

Уручэнне ўзнагароды ордэну Брытанскай імперыі Наталлі Калядзе.
Фота: Nicolai Khalezin / Facebook

«Людзі, якіх прысвячаюць у ордэн Брытанскай імперыі, адзначаюцца за выдатныя заслугі, асабістую адвагу, службу Вялікай Брытаніі ды дзейнасць у свеце. Спісы публікуюцца двойчы на год: на Новы год і дзень нараджэння манарха», – паведаміў драматург і сузаснавальнік беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Узнагароду ордэну Брытанскай імперыі Халезін атрымае 24 студзеня 2024 года.

Наталля Каляда і Мікалай Халезін былі намінаваныя яшчэ пры жыцці брытанскай каралевы Элізабэт II. Гэта быў апошні спіс кандыдатаў на ўзнагароду, які яна падпісала. Новы кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III пазней зацвердзіў той спіс.

Ордэн Брытанскай імперыі – рыцарскі ордэн, які заснаваў у 1917 годзе брытанскі манарх Джордж V. Узнагароджваюцца дзеячы, якія зрабілі ўнёсак у мастацтва і навуку, працу з дабрачыннымі і сацыяльнымі арганізацыямі, а таксама за дзяржаўную службу. Узнагароды прысуджаюцца двойчы на год: на Новы год і на афіцыйны дзень нараджэння кіроўнага манарха.

Летась спектакль «Сабакі Еўропы» Свабоднага тэатру, пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Халезіным, увайшоў у дзясятку найлепшых брытанскіх спектакляў года. Таксама 15 верасня адбылася вялікая прэм’ера беларускага Свабоднага тэатру: на сцэне «Barbican» у Лондане паказалі оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча.

Беларускі Свабодны тэатр заснавалі ў Беларусі ў 2005 годзе. Цяпер ён працуе ў Лондане. Як адзначаюць на сайце тэатру, гэта «адзіны тэатр у Еўропе, забаронены ўрадам з палітычных матываў».

Каментар
Сяргей Падсасонны: «Дзікае паляванне караля Стаха» будзе паказанае яшчэ раз
2023.09.19 13:06

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў