КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?


Украінцы любяць папракаць беларусаў тым, што яны «няправільна пратэставалі» і не зрынулі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі гвалтам. Тым часам сілавікі ў Беларусі налічылі тры сотні «тэрарыстаў» і пужаюць радыкаламі. А дзе тыя радыкалы? Спыталі заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбу і прадстаўніка «Паспалітага рушэння» Сяргея Бяспалава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэсты супраць зносу старога чыгуначнага дэпо ў Хельсінкі, Фінляндыя. 1 траўня 2006 года.
Фота: Ville Oksanen / Flickr, CC BY-SA 2.0

Краіна, поўная «тэрарыстаў»

У «спісе арганізацыяў і фізічных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», які вядзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі, амаль тры сотні імёнаў беларускіх «тэрарыстаў». Ды яны не рабілі таго, што ў свеце называюць словам «тэракт», – напрыклад, у «тэрарысты» запісаныя асуджаныя за «распальванне варожасці», як былы памочнік пракурора Яўген Бабак , які ў жніўні 2020 года ініцыяваў праверку дзеянняў сілавікоў, што збілі байкераў ва Уруччы, або Соф’я Сапега, якую абвінавацілі ў працы на Telegram-канал дэананімізацыі сілавікоў «Чорная кніга Беларусі».

КДБ цяпер прагназуе «значную эскалацыю абстаноўкі па перыметры Беларусі», «спробы дэстабілізаваць сітуацыю» ў Беларусі з-за мяжы, анансуе новыя затрыманні і абяцае больш жорсткі «контрвыведны рэжым». Але чаму не было тых «радыкальных акцыяў тэрору», якія бачыў старшыня КДБ Іван Церцель, ці хаця б маштабных барыкадаў, масавых боек з АМАПам і «кактэйляў Молатава» на пратэстах пасля выбараў 2020 года?

Hавiны
«На мінулым тыдні размаўляў з маці, усё было добра». Сваякі – пра супрацоўніка КДБ, які «сыграў» тэрарыста
2023.03.22 15:54

Чаму беларусы не выбралі гвалт у 2020 годзе?

Пратэст беларусаў супраць вынікаў выбараў 2020 года быў падкрэслена мірны. З кадраў пратэстаў выразна відаць, што сілавікі нападалі на пратэстоўцаў – а не пратэстоўцы на сілавікоў. Прыклады чагосьці падобнага да сілавога супрацьстаяння былі адзінкавыя: хіба барыкады ў першыя ночы пратэстаў і выпадкі самаабароны ад сілавікоў (часта без пзнакаў, нярэдка – «людзей у цывільным»). Не было такога, каб у сілавікоў масава ляцелі камяні, кактэйлі Молатава ці тым больш кулі.

Чаму народ пайшоў шляхам мірнага пратэсту? Сяргей Бяспалаў – адказны за медыі «Паспалітага рушэння» – разважае ў каментары «Белсату»:

«У жніўні 2020 года ў беларусаў не было патрэбнай падрыхтоўкі і, на жаль, не было зброі.  Калі мы крыху ўспомнім тыя падзеі, то зброю забіралі нават у паляўнічых. Таму радыкальны супраціў быў толькі частковы, бо ісці з голымі рукамі на ўзброеных карнікаў – самагубства.

Яшчэ ў той перыяд было меркаванне, што вось тыдзень, два, месяц, і карнікі пяройдуць на бок народу. Мы ўсе памятаем, як шматлікія супрацоўнікі палілі свае службовыя квіткі, выкідалі ў смецце сваю форму. І нават бяспека Лукашэнкі гэта рабіла. І быў момант у жніўні, калі яны сапраўды згубіліся, але, як паказала практыка, усё ж такі злачынны загад для іх важнейшы за народ.

Я спадзяюся, больш ужо ніхто не будзе дарыць ім кветкі і крычаць: міліцыя з народам. Бо яны не з народам, а з уродам».

Сяргей Бульба быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў у 1991 годзе, а ў 1995 годзе ачоліў патрыятычную арганізацыю «Белы легіён», якая спыніла існаванне ў сярэдзіне 2000-х.

У размове з «Белсатам» ён згадвае, як у канцы чэрвеня 2020 года колішнія чальцы «Белага легіёну» выдалі музычны альбом «Белы легіён» з ваярскай музыкай: кажа, што «інтуітыўна адчувалі», што нешта набліжаецца, і «хацелі задаць вібрацыю для сапраўднага змагання, сапраўднай рэвалюцыі». Але пратэст выбраў сабе гімнам «Муры», якую Бульба называе «калыханкай, пад якую рэвалюцыі не робяцца».

«Псіхалагічна народ не быў гатовы: падавалася, што вось нас выйдзе 100 тысячаў, адразу міліцыя пяройдзе на наш бок, – згадвае Бульба. – А сэнс у тым, што гэты наш бок не быў сфармаваны. Другі цэнтр сілы не сфармаваўся».

У 2020 годзе, лічыць ён, лідары былі «не натуральныя» – не тыя, «якім ад Бога дадзеная адпаведная энергія». Маўляў, «за Ціханоўскую не пайшоў бы ваяваць». Тыя, хто былі лідарамі пратэсту-2020, і тыя, хто стаяў за імі, «не ўлічвалі рэальнасці», калі рабілі стаўку на мірны пратэст і захаванне сістэмы, мяркуе Бульба.

Шматтысячны марш прыйшоў да ачаплення перад Палацам незалежнасці. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У канцы 1990-х, тлумачыць Бульба, міліцыя была часткай народу, ды за 28 гадоў Аляксандр Лукашэнка вывеў сілавікоў у асобную касту. Ён распавядае, як у канцы 1990-х і на пачатку 2000-х «Белы легіён» сапраўды рыхтаваўся да аднаўлення канстытуцыйнага ладу, а ўлады не разганялі «150 непрымірымых у лесе пад Слуцкам», як казаў тагачасны кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Віктар Шэйман. Далі спакойна раз’ехацца, нават калі начальнік УУС атрымаў станоўчы адказ на пытанне «Вы што, сабраліся тут Лукашэнку скідаць?».

Цяпер жа, кажа Бульба, «Лукашэнка забіваць можа, астатнім думаць пра гэта забаронена»: забойцы Рамана Бандарэнкі застаюцца на волі, «Крымінальны кодэкс напісаны не для іх». Лукашэнка даводзіць сілавікам, што тым ужо «няма куды падзецца, калі здрадзілі народу». Бульба згадвае тэракт у менскім метро ў 2011 годзе: улады заяўлялі, што той учынілі з мэтай «дэстабілізацыі абстаноўкі», а сярод беларусаў засталася распаўсюджанай версія, што самі ўлады і арганізавалі той тэракт.

Hавiны
Як сілавікі беспакарана забіваюць беларусаў: кажуць пра суіцыды і хваробы, садзяць сведкаў
2022.01.03 19:09

Чаму дагэтуль не перайшлі да «нямірнага» шляху?

Усё ж былі не толькі «кветачкі»: былі адзінкавыя «кактэйлі Молатава», былі спробы падпалу машынаў і будынкаў сілавікоў (хоць некаторыя выпадкі, як падпал дому Гайдукевіча, выглядаюць вельмі дзіўна і могуць быць правакацыяй уладаў). Сілавікі тым часам стралялі ў пратэстоўцаў, забівалі людзей, катавалі зняволеных да смерці і даводзяць да спробаў самагубства.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы сталі ладзіць дыверсіі на чыгунцы, нават атакавалі дронам расейскі «лятучы радар». А тым часам украінцы на акупаваных Расеяй тэрыторыях неаднаразова забівалі калабарантаў, нават у Расеі падарвалі прапагандыстаў Дар’ю Дугіну і Уладлена Татарскага.

Чаму ад падпалаў маёмасці беларусы не перайшлі да больш радыкальных дзеянняў?

«На жаль, у людзей у самой Беларусі моцна не хапае ведаў і зброі, і таму радыкальныя людзі выкарыстоўваюць тое, што ёсць з падручных рэчаў», – кажа Бяспалаў.

Нават падпалы машынаў ці псаванне рэлейных шафаў на чыгунцы ўлады Беларусі прыраўноўваюць да тэрактаў, адзначае Бяспалаў. А каб учыніць забойства ці выбух, патрэбныя веды і зброя.

«Беларусам хочацца перш за ўсё, каб хтосьці вырашыў, – мяркуе Бульба. – Беларусы больш спадзяюцца на ўкраінцаў, што нехта аднекуль зойдзе і вырашыць нашыя пытанні.

І калі зрабіць экскурс у нашую гісторыю, яно ж сапраўды так атрымліваецца: калі прыходзіць нейкая чужая ўлада, не мы ж самі яе скідалі, а чакалі, калі наступная гістарычная хваля знясе папярэднюю. З пакалення ў пакаленне – мы сапраўды прызвычайваемся, што не мы вырашаем, а што абставіны складуцца такім чынам, што папярэдніх акупантаў выганяць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас маршу пратэстаў да сілавікоў у ачапленні Дому ўраду падышлі дзяўчаты, сталі іх абдымаць і дарыць кветкі, каб прадэманстраваць мірны характар пратэсту. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

А як жа беларускія паўстанцы часу Расейскай імперыі і савецкія партызаны, якія сапраўды забівалі людзей? Бульба адказвае: цяпер «людзі менш прыродныя сталі», бо яшчэ ў час Другой сусветнай чалавеку не трэба было пераступаць праз маральныя прынцыпы і каб закалоць свінню ці адсячы галаву курцы, і каб забіць ворага. Гарадское выхаванне зрабіла людзей больш гуманнымі: маўляў, мяса ямо, але купляем у краме, а забівалі жывёлу не мы.

Пераважнай бальшыні давялі, што беларускі народ «пан сахі і касы», пазбавілі гонару да ўзроўню «ну, карміць будуць, а памяняюць пашпарты – і халера з імі», упэўнены Бульба. Лукашэнку ж такі гуманізм не ўласцівы, «ён носьбіт нейкай іншай культуры, таму ненавідзіць усё беларускае, дапускае азіяцкія метады».

Ці магчымая ў бліжэйшы час істотная радыкалізацыя пратэсту?

Да гвалту супраць людзей сучаснаму грамадству трэба прайсці доўгі шлях, разважае Бульба. Ён згадвае ўкраінскую Аранжавую рэвалюцыю, негвалтоўны пратэст 2004 года: украінцы прайшлі доўгі шлях перад гвалтам на пратэстах Еўрамайдану ў 2014 годзе. Да таго ж, у час распаду Савецкага Саюзу ва Украіне, у адрозненне ад Беларусі, было нямала нацыянальна арыентаваных камуністаў, якія «дазволілі вырасці пакаленню, што гатовае бараніць сваю краіну». У Беларусі такое «жорстка выразалася» яшчэ ў 1990-я, а ў 2020 годзе адбылася «зачыстка Беларусі ад усяго здольнага супраціўляцца».

Але цяпер адны беларусы ваююць за Украіну, іншыя трэнуюцца са зброяй у харугвах «Паспалітага рушэння». А што ў Беларусі – ці чакаць радыкалізацыі? Або цяпер самыя радыкальныя беларусы ва Украіне, Польшчы і Літве?

«На жаль, я пакуль не бачу перадумоваў для істотнай радыкалізацыі пратэстаў у Беларусі, – адказвае Бяспалаў. – Сапраўды, усе радыкальныя цяпер або ваююць за Украіну, або рыхтуюцца ў лагерах, але не толькі ў Польшчы ў Літве, а ва ўсім свеце.

Я думаю, гэты фактар будзе павялічвацца, і гэта добра. Бо цяпер такі час, калі трэба набірацца досведу і рыхтавацца да так званай гадзіны ікс. Таму ўсіх ахвочых і заклікаю далучыцца да «Паспалітага рушэння», каб атрымаць вайсковую падрыхтоўку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палявыя вучэнні варшаўскай харугвы «Паспалітага рушэння». 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Бульба ж не бачыць падставаў для аптымізму ад колькасці тых беларусаў, хто ваюе за Украіну ці трэнуецца ў Польшчы і Літве. Маўляў, «класныя, цудоўныя хлопцы» што ў «Паспалітым рушэнні», што ў батальёне «Волат», але колькасць сілавікоў у Беларусі на парадкі большая – нават за выняткам інжынерных войскаў і працаўнікоў пашпартных сталоў. На іншыя сілы што ўнутры Беларусі, што за мяжою, ён не спадзяецца, а наяўных «сотні-дзвюх» хапіла б на захоп улады ў сітуацыі безуладдзя або дэмаралізаванага кіраўніцтва дзяржавы.

На думку Бульбы, беларусы цяпер «паводле ўкраінскай храналогіі ў 2004 годзе». Ён канстатуе: змены ў масавай свядомасці, каб «не толькі на мітынг выйсці і выказаць сваю незадаволенасць у Facebook, а рэальна думаць, як Лукашэнку выкінуць», зоймуць яшчэ пэўны час.

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў