Міністр, тры дэпутаты і прапагандысты. Хто з прадстаўнікоў рэжыму памёр з 2020 года


2 красавіка стала вядома пра смерць чарговага прадстаўніка рэжыму ў Беларусі – намесніка міністра эканомікі Сяргей Міцянскага. Менш як паўгода таму памёр кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. У сувязі з гэтым карэспандэнты «Белсату» вырашылі згадаць, каго з прадстаўнікоў рэжыму не стала за апошнія тры гады, калі ў краіне пачаўся грамадска-палітычны крызіс.

Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

З дзесяці персонаў, якія трапілі ў спіс – топавых чыноўнікаў і прадстаўнікоў сярэдняга ўзроўню, дэпутатаў і прапагандыстаў, – усе памерлі ў даволі маладым веку. Самы стары быў Уладзімір Макей, яму было 64 гады, а самы малады – 22-гадовы прапагандыст БТ Андрэй Семчанка.

Суіцыд міністра замежных справаў

Самай гучнай смерцю стала раптоўная смерць 26 лістапада 2022 года Уладзіміра Макея – дзейнага з 2012 года міністра замежных справаў і былога кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніку МЗС было 64 гады, і дакладная прычына ягонай смерці дагэтуль не вядомая. Паводле неафіцыйных звестак, прычынаю смерці міністра мог стаць суіцыд. Як адзначаецца, у апошнія гады Макея суправаджалі як палітычныя, так і асабістыя драмы, ён балюча перажываў крушэнне курсу, які праводзіў, пачуваўся непатрэбным, а месцамі і проста недарэчным. Таксама паведамлялася, што пасля смерці міністра ў апалу магла трапіць ягоная жонка – акторка і тэлевядоўца Вера Палякова.

Намеснік міністра эканомікі

2 красавіка пасля працяглай хваробы памёр намеснік міністра эканомікі Беларусі Сяргей Міцянскі. Яму было 43 гады. Нарадзінец Украіны заняў пасаду намесніка міністра эканомікі Беларусі 23 снежня 2020 года. Да таго ён працаваў на розных пасадах у Менскім гарвыканкаме, Камітэце дзяржаўнага кантролю, Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрстве эканомікі.

Сяргей Міцянскі.
Фота: economy.gov.by

Намеснікі райвыканкамаў

7 чэрвеня 2022 года стала вядома пра смерць нарадзінца Расеі Аляксандра Панчанкі, які з сакавіка 2019 года займаў пасаду намесніка старшыні Менскага райвыканкаму. Ён адказваў за эканоміку, у тым ліку за прамысловасць, канкурэнцыю, інвестыцыі і імпартазамяшчэнне. Памерламу было 48 гадоў.

У жніўні 2021 года памёр Дзмітрый Крывецкі – 32-гадовы намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкаму. Пры гэтым, адрозна ад папярэдніх, інфармацыю пра яго не паведамлялі афіцыйна. На сваёй пасадзе Крывецкі працаваў каля года – з ліпеня 2020-га. Таксама ў адзін год з ягонай смерцю быў затрыманы першы намеснік старшыні райвыканкаму Анатоль Тодрык. Апошняга судзілі ў лютым 2022 года.

Тры дэпутаты за тры гады

Першым з дэпутацкага корпусу яшчэ 5 кастрычніка 2020 года сышоў 63-гадовы Андрэй Пісанік, які працаваў у Пастаяннай камісіі ў пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. Як заяўлялася, дэпутат памёр раптоўна, ягоны стан пагоршаў за адзін-два тыдні, «але гэта дакладна не каронавірус». Камуніст Пісанік быў дэпутатам з 2016 года, а да таго яшчэ паспеў узначаліць Мазырскі райсавет і Ельскі райвыканкам.

Андрэй Пісанік.
Фота: house.gov.by

14 траўня 2021 года памёр 60-гадовы Ігар Лаўрыненка, які быў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі. Памерлы меў званне генерал-маёра і перад тым, як стаць дэпутатам, займаў пасаду першага намесніка начальніка Генштабу, быў аташэ ў пытаннях абароны пры амбасадзе ў Расеі.

7 сакавіка 2023 года не стала 52-гадовага дэпутата, кандыдата сацыялагічных навук і чальца Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Андрэя Злотнікава. У Палаце прадстаўнікоў ён быў чальцом Пастаяннай камісіі ў пытаннях адукацыі, культуры і навукі.

На сённяшні дзень без сваіх дэпутатаў засталіся наступныя выбарчыя акругі: Гомельская-Цэнтральная № 33, Палеская № 4 і Бярэзінская № 61, але перавыбараў ніхто не арганізоўвае. Дый агулам парламенцкія выбары, якія мелі адбыцца ў 2023 годзе, улады перанеслі на 2024-ы. Агулам у Беларусі 110 выбарчых акругаў.

Прапагандысты

21 сакавіка 2022 года ў веку 41 года памёр прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Віталь Навіцкі. У прэс-службе МНС ён працаваў з 2006 года. Як пісала «Наша Ніва», Навіцкі з 2020 года не толькі кантраляваў сацсеткі супрацоўнікаў ведамства і спрыяў рэпрэсіям у ведамстве, але і быў чальцом прапагандысцкай суполкі «Людажор».

Віталь Навіцкі.
Фота: morsya.livejournal.com

У кастрычніку 2022 года загінуў 22-гадовы прапагандыст БТ Андрэй Семчанка, які прадракаў голад і галечу Еўропе і браў каментары ў выдуманых экспертаў. Паводле неафіцыйных звестак, Семчанка мыўся ў ванне, дзе яго забіла токам праз кароткае замыканне – побач працавала пральная машына.

У снежні 2022 года памёр праўладны аналітык і загадчык аддзелу сацыялогіі дзяржаўнага Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі, пастаянны эксперт БелТА Мікалай Шчокін. Яму было 49 гадоў. У сваіх заявах Шчокін называў Лукашэнку адным з самых папулярных кіраўнікоў дзяржаваў, прадказваў «дэнацыфікацыю» Еўрапейскаму Звязу і распавядаў пра «дэмакратычны фашызм». Прычынай смерці стаў адарваны тромб.

Прапагандзе яны не цікавыя

Што цікава, з дзесяці гэтых асобаў на афіцыйным сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА мы знайшлі згадкі толькі пра смерць трох з іх – Макея, Міцянскага і Навіцкага. Усе астатнія, нягледзячы на тое, што актыўна падтрымлівалі рэжым, не заслужылі некралогаў на дзяржаўным сайце. Нават дэпутаты ці Шчокін, які рэгулярна даваў той жа БелТА каментары.

Дарэчы, навіна пра смерць шматгадовага міністра замежных справаў Макея не стала на дзяржаўным сайце галоўнай, а з навіны пра намесніка міністра эканомікі менш як за содні прыбралі тэг «смерць вядомых людзей». Не такі ўжо ён, напэўна, і вядомы, падумалі ў дзяржаўным агенцтве.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў