Памёр праўладны аналітык і прапагандыст Мікалай Шчокін


Памёр праўладны аналітык і загадчык аддзелу сацыялогіі дзяржаўнага Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін. Яму было 49 гадоў. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Круглага стала дэмакратычных сіл Юрый Васкрасенскі.

Мікалай Шчокін.
Фота: ctv.by

«У ноч з нядзелі на панядзелак прыйшла трагічная навіна аб заўчасным сыходзе вядомага вучонага і публіцыста Мікалая Сяргеевіча Шчокіна. Таленавіты чалавек, бліскучы аратар, яркі мысляр назаўжды застанецца ў памяці калег, сяброў і блізкіх. 18 снежня Мікалай Сяргеевіч мог бы адзначаць 50-гадовы юбілей. Не давялося…» – напісаў Васкрасенскі.

Пра прычыны ягонай смерці не паведамляецца.

Мікалай Шчокін працаваў загадчыкам аддзелу сацыялогіі дзяржаўнага Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі, быў кандыдатам філасофскіх навук, дацэнтам. На сайце Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі ён пазначаны як «беларускі філосаф, грамадскі дзеяч». 

Шчокін прасоўваў дыялог царквы і дзяржавы, выпусціў кнігу «Сацыяльна-філасофскія аспекты дыялогу хрысціянскай царквы і дзяржавы». Таксама ім былі напісаныя артыкулы «Праваслаўе як канстытуючая аснова стратэгічнага развіцця Беларусі», «Асноўныя рысы беларускай мадэлі развіцця», «Патрыятызм як фактар у забеспячэнні бяспекі і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь» і падобныя іншыя.

Таксама ён выступаў у дзяржаўных беларускіх СМІ ў якасці эксперта, дапускаў распаўсюджванне фэйкаў і пакідаў каментары ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на сайце агенцтва БелТА.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў