Нобэля па фізіцы далі за вывучэнне электронаў і прыроды святла


Шведская каралеўская акадэмія навук прыняла рашэнне прысудзіць Нобелеўскую прэмію па фізіцы 2023 года тром навукоўцам: двум французам (П’еру Агастыні і Ан Ль’Юіе) і аднаму вугорцу (Фэрэнцу Краўсу).

Нобэлеўскія лаўрэаты 2023 года ў фізіцы.
Фота: The Nobel Prize / X

П’ер Агастыні з Універсітэту штата Агаё (ЗША), Фэрэнц Краўс з нямецкіх Інстытуту квантавай оптыкі Макса Планка і Універсітэту Гархінга і Людвіга-Максіміліяна, ды Ан Ль’Юіе з Лундскага ўніверсітэту ў Швецыі ўзнагароджаныя «за эксперыментальныя метады генерацыі атасекундных імпульсаў святла для вывучэння дынамікі электронаў у рэчыве».

Як адзначае Нобэлеўскі камітэт, іх эксперыменты далі чалавецтву новыя інструменты для даследавання свету электронаў унутры атамаў і малекул. У прыватнасці, навукоўцы прадэманстравалі спосаб стварэння надзвычай кароткіх імпульсаў святла, якія можна выкарыстоўваць для вымярэння хуткіх працэсаў, у якіх электроны рухаюцца або мяняюць энергію.

У свеце электронаў змены адбываюцца за некалькі дзясятых дзеляў атасекунды – атасекунда настолькі кароткая, што за адну секунду іх адбываецца столькі ж, колькі секунд прайшло з моманту нараджэння Сусвету.

Эксперыменты лаўрэатаў дазволілі атрымаць настолькі кароткія светлавыя імпульсы, што яны вымяраюцца ў атасекундах, тым самым прадэманстраваўшы, што гэтыя імпульсы можна выкарыстоўваць для атрымання ўяўлення працэсаў усярэдзіне атамаў і малекул.

«Цяпер мы можам адчыніць дзверы ў свет электронаў. Атасекундная фізіка дае нам магчымасць зразумець механізмы, якімі кіруюць электроны. Наступным крокам будзе іх выкарыстанне», – кажа Эва Ольсан, старшыня Нобэлеўскага камітэту ў фізіцы.

Іх даследаванні можна будзе выкарыстоўваць, каб разумець і кантраляваць паводзіны электронаў у матэрыяле. Таксама атасекундныя імпульсы можна будзе выкарыстоўваць для ідэнтыфікацыі розных малекулаў, напрыклад, у медычнай дыягностыцы.

Hавiны
Медычнага Нобэля сёлета далі за даследаванні РНК, што дапамаглі падчас пандэміі COVID-19
2023.10.02 16:24

Нобэлеўскую прэмію ў галіне медыцыны сёлета прысудзілі за даследаванні, што дапамаглі стварыць эфектыўную вакцыну ад COVID-19. Узнагароду атрымаюць вугорская даследніца Каталін Карыка і амерыканскі навуковец Дру Ўайсмэн за вынаходствы, датычныя матрычнай рыбануклеінавай кіслаты клетак (мРНК).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў