Медычнага Нобэля сёлета далі за даследаванні РНК, што дапамаглі падчас пандэміі COVID-19


Нобэлеўскую прэмію ў галіне медыцыны сёлета прысудзілі за даследаванні, што дапамаглі стварыць эфектыўную вакцыну ад COVID-19. Адпаведны прэс-рэліз 2 кастрычніка апублікаваў Нобэлеўскі камітэт.

Каталін Карыка і Дру Ўайсмэн.
Фота: The Nobel Prize / X

Узнагароду атрымаюць вугорская даследніца Каталін Карыка і амерыканскі навуковец Дру Ўайсмэн за вынаходствы, датычныя матрычнай рыбануклеінавай кіслаты клетак (мРНК). Дзякуючы гэтаму сталася магчымым стварыць эфектыўную вакцыну ад каронавіруснай хваробы.

Матрычная, або інфармацыйная рыбануклеінавая кіслата змяшчае ў сабе звесткі пра паслядоўнасць бялкоў ДНК. Даследаванні Карыка і Ўайсмэна, пачатыя ў 1990-х, дапамаглі паскорыць развіццё малекулярнай біялогіі і лепш зразумець, як РНК узаемадзейнічае з імуннаю сістэмаю. У 2005 годзе навукоўцы апублікавалі вынікі эксперыменту пра ўплыў мРНК-вакцынаў на запаленчыя рэакцыі, а пазней падвялі свой метад да клінічнага ўжывання.

«Агулам ува ўсім свеце было ўведзена больш за 13 мільярдаў дозаў вакцыны супраць COVID-19. Вакцыны выратавалі мільёны жыццяў і перадухілілі цяжкія хваробы ў яшчэ большай колькасці людзей, дазволіўшы грамадству адкрыцца і вярнуцца да нармальных умоваў. Дзякуючы сваім фундаментальным адкрыццям пра важнасць мадыфікацыяў асноваў мРНК сёлетнія нобэлеўскія лаўрэаты зрабілі вырашальны ўнёсак у гэтае пераўтваральнае развіццё падзеяў падчас аднаго з найбуйнейшых крызісаў у галіне аховы здароўя нашага часу», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

3 кастрычніка стане вядомае імя лаўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізікі, 4 кастрычніка назавуць пераможцу ў галіне хіміі, далей агучаць лаўрэата ў галіне літаратуры і ўладальніка прэміі міру.

У 2022 годзе атрымальнікам Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізіялогіі і медыцыны быў шведскі біёлаг і адзін з заснавальнікаў палеагенетыкі Свантэ Пээба. Навукоўца адзначылі за адкрыцці, што датычацца геномаў вымерлых гамінідаў і эвалюцыі чалавека.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў