У Менску назавуць вуліцы ў гонар архітэктараў, якія стварылі Дом ураду і рэзідэнцыю прэзідэнта


Менскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў чарговае рашэнне аб новых назвах вуліц. Рашэнне за 11 жніўня апублікавалі 2 верасня на партале Pravo.by. Звычайным менчукам будуць знаёмыя хіба пару імёнаў з доўгага спісу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом ураду. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Паводле рашэння, у будучым комплексе «Паўночны бераг», што маюць збудаваць на палях між Драздамі і Цнянкай, маюць з’явіцца вуліцы архітэктараў Іосіфа Лангбарда і Аляксандра Воінава, мастакоў Паўла Масленікава і Віталя Цвіркі, навукоўца Мікалая Барысевіча. У мікрараёне Паўночны будучым вуліцам і завулкам надалі імёны пісьменніка Івана Навуменкі, музыказнаўцы Генадзя Цітовіча, мастака Івана Хруцкага.

Амаль усе гэтыя людзі – дзеячы часоў БССР, толькі Хруцкі жыў і працаваў у XIX ст. Імёны наўрад ці вядомыя большасці менчукоў. Імаверна, найбольш вядомае імя народнага пісьменніка Навуменкі.

Следам за ім у топе пазнавальнасці можа быць імя Лангбарда: гэта ягонага аўтарства будынкі Дому ўраду (і ягонага магілёўскага клона), Опернага тэатру, Акадэміі навук, Дому афіцэраў, кінатэатру «Перамога». Менш вядомы Воінаў, але ягоныя будынкі таксама пазнавальныя: ён стварыў будынак, дзе цяпер гатэль «Crowne Plaza», быў у аўтарскім калектыве будынкаў цяперашніх рэзідэнцыі прэзідэнта (Маркса, 38), Палацу дзяцей і моладзі, Міністэрства замежных справаў, Тэатру юнага гледача і старога аэрапорту.

Пры тым у Менску няма вуліц шматлікіх больш вядомых беларускіх дзеячаў: напрыклад, улады адмаўляліся даць вуліцам імёны значна больш вядомых за Навуменку пісьменнікаў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, не захацелі называць вуліцу ў гонар заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. Пры тым у Менску застаюцца назвы вуліц у гонар расейскіх герояў і савецкіх катаў. Вуліца Караткевіча ў Менску ёсць, але не ў гонар пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, а ў гонар савецкага падпольшчыка Дзмітрыя Караткевіча – імя Уладзіміра Караткевіча нядаўна атрымала вуліца ў Кіеве.

Разбор
Помнік Каліноўскаму ці ружовы Палац Рэспублікі? Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай
2023.06.17 07:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў