У Кіеве гарадская рада прыняла пастанову аб перайменаванні 16 гарадскіх абʼектаў, назвы якіх звязаныя з Расеяй і яе сатэлітамі. Адну з вуліцаў украінскай сталіцы назвалі імем Уладзіміра Караткевіча.
На пленарным пасяджэнні Кіеўская гарадская рада пастанавіла перайменаваць 16 гарадскіх абʼектаў, назвы якіх звязаныя з Расеяй і яе сатэлітамі.
Паводле сакратара Кіеўскай гарадской рады Уладзіміра Бандарэнкі, дэпутаты назвалі некалькі сотняў вуліцаў, завулкаў, праспектаў, бульвараў і плошчаў, назвы якіх навязаў Савецкі Саюз і яго імперскае мінулае.
«Дзесяцігоддзямі Крэмль спрабаваў навязаць украінцам сваю перавагу, і гэта выразна выяўлялася ў назвах гарадскіх абʼектаў. Расея адкрыта скажала гістарычныя падзеі і знішчала ўкраінскую культуру. І падчас поўнамаштабнай вайны ўсе гэта выразна ўсвядомілі. Ужо год як гарадскія ўлады разам з грамадскасцю праводзяць у сталіцы маштабны працэс дэрусіфікацыі. У нас ёсць свае паэты, філосафы, навукоўцы, грамадскія дзеячы і героі, якія ў розны час працавалі на карысць і абаранялі наш горад і краіну ў цэлым», – падкрэсліў Уладзімір Бандарэнка.
Адметна, што ў Пячэрскім раёне ўкраінскай сталіцы замест вуліцы Дабралюбава зʼявілася вуліца Уладзіміра Караткевіча.
Алена Аляксандрава belsat.eu