Сотні людзей прыйшлі да магілы Аляксея Навальнага на трэці дзень пасля пахавання


У нядзелю да магілы апазіцыйнага расейскага палітыка Аляксея Навальнага, пахаванага 1 сакавіка на Барысаўскіх могілках у Маскве, працягвалі ісці людзі.

Чарга да магілы Аляксея Навальнага 3 сакавіка.
Фота: agentstvonews / Telegram

Паводле выдання Astra, ушанаваць памяць Навальнага 3 сакавіка прыйшлі сотні чалавек. Чарга з людзей, якія хацелі ўскласці кветкі на магілу палітыка, расцягнулася прыкладна на 600 метраў.

Паводле чытачоў «Медузы», у пэўны момант чарга расцягнулася на 700 метраў. Прыходзілі людзі рознага ўзросту. Побач з уваходам на могілкі стаіць адзін аўтазак, але паліцыя не ўмешвалася.

Выданне «Агентство» сцвярджае, што каб патрапіць на могілкі людзям прыходзілася чакаць ад 15 да 30 хвілінаў.

У 17:00 уваход на Барысаўскія могілкі зачынілі. Людзі скандавалі «Пусціце» і «Адчыніце», а потым пачалі перакідваць кветкі праз агароджу або пакідаць іх на плоце.

Hавiны
У Расеі затрымалі больш як сотню ўшанавальнікаў памяці Навальнага
2024.03.02 09:38

Нагадаем, пра тое, што Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі. Чаму памёр Навальны, дакладна не вядома. У адмысловай даведцы пазначана: «Прычыны смерці – натуральныя». Цела доўга не аддавалі сям’і.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады.

Навальнага пахавалі 1 сакавіка на Барысаўскіх могілках у Маскве. На развітанне з палітыкам прыйшлі тысячы людзей. Кветкі да магілы апазіцыянера працягвалі несці і на наступны дзень.

Фота
У Расеі развітваюцца з палітыкам Аляксеем Навальным. Фатаграфіі
2024.03.01 16:01

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў