«Белавія» аднаўляе працу сваіх сэрвісаў пасля пераходу на расейскую сістэму рэзервацыі


З 2 верасня «Белавія» пачала аднаўляць працу сваіх сэрвісаў пасля пераходу на расейскую сістэму рэзервацыі авіяквіткоў «Леонардо». Аднаўленне будзе ісці паэтапна, паведамляе прэс-служба нацыянальнай авіякампаніі.

Самалёт Boeing 737-800 у парку «Белавія».

Для пасажыраў цяпер даступныя наступныя паслугі:

  • пакупка авіяквітка на прамыя і стыковачныя рэйсы «Белавіі». Аформіць квіткі можна ў офісах па продажы, у прадстаўніцтвах і ў агентаў;
  • змяненне даты вылету. Таксама магчыма ў офісах па продажы, у прадстаўніцтвах і ў агентаў;
  • зварот авіяквітка. Магчымы па месцы набыцця квітка. Калі квіток быў набыты раней на сайце belavia.by, для вяртання трэба звяртацца ў офісы продажу «Белавіі»;
  • набыццё такіх дадатковых паслуг, як правоз дадатковага багажу, асаблівых катэгорыяў багажу, перавозка дзяцей і жывёлаў без суправаджэння. Аформіць гэтыя паслугі можна пакуль толькі офлайн у офісах па продажы квіткоў «Белавія», прадстаўніцтвах і ў агентаў.

Дагэтуль недасяжныя:

  • пакупка квіткоў на сайце;
  • онлайн-рэгістрацыя;
  • пакупка месцаў у салоне самалёту;
  • афармленне любых паслуг праз плацежную сістэму «Расчёт»;
  • мабільнае прыкладанне;
  • сэрвісы праграмы «Белавія Лідар»: асабісты кабінет, афармленне прэміяльных квіткоў, выбар месца ў салоне для ўдзельнікаў элітных узроўняў.

«Белавія» абяцае, што онлайн-рэгістрацыя, але без магчымасці выбару месца, будзе дасяжная 3 верасня.

31 жніўня «Белавія» паведаміла, што з 20:00 1 верасня набыць квіткі на рэйсы на сайце, у мабільным дадатку, а таксама ў офісах продажаў кампаніі ды агентаў будзе немагчыма. Гэта звязана з тэхнічнымі працамі для пераходу беларускага авіяперавозніка на расейскую сістэму рэзервацыі квіткоў.

З красавіка да жніўня на сістэму «Leonardo» перайшлі больш за 60 расейскіх авіякампаніяў, венесуэльская «Conviasa», і вось цяпер пераходзіць «Белавія».

Таксама з’явілася інфармацыя, што «Белавію» прымусова адлучаюць ад заходніх сэрвісаў рэзервацыі квіткоў. «Беларускую авіякампанію прымусова адключаюць ад заходніх сэрвісаў, як гэта было ў свой час з расейскімі перавознікамі», – прыводзіла словы сваёй крыніцы «РИА Новости».

9 жніўня Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла ў санкцыйны спіс 5 беларускіх кампаніяў, сярод якіх – авіякампанія «Белавія».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў