«Белавія» пераходзіць на расейскую сістэму рэзервацыі і заявіла аб прыпыненні продажу квіткоў


З 20:00 1 верасня набыць квіткі на рэйсы «Белавіі» на сайце, у мабільным дадатку, а таксама ў офісах продажаў кампаніі ды агентаў будзе немагчыма. Гэта звязана з тэхнічнымі працамі для пераходу беларускага авіяперавозніка на расейскую сістэму рэзервацыі квіткоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У сувязі з гэтым «Белавія» папярэджвае пасажыраў пра неабходнасць правесці аплату за зарэзерваваныя, але не аплачаныя квіткі да 20:00 1 верасня, іначай рэзервацыю анулююць.

У кампаніі адзначылі, што падчас пераходу ўсе запланаваныя рэйсы будуць выконвацца згодна з раскладам, а рэгістраваць пасажыраў з аплачанымі квіткамі будуць у аэрапортах у штатным рэжыме.

Узнавіць працу ўсіх сэрвісаў плануюць 2 верасня.

Сістэма рэзервацыі квіткоў, на якую пераходзіць «Белавія», распрацаваная ў Расеі ў 2022 годзе кампаніяй «Sirena-Travel», дачкою дзяржаўнай карпарацыі «Ростех». Гэтая сістэма паўстала для замены аналагаў, створаных у Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі, якімі карысталіся расейскія перавознікі.

На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у пачатку жніўня генеральны дырэктар кампаніі «Ростех» Сяргей Чэмезаў адзначаў, што раней уся сістэма рэзервацыі была замежная і «ўся інфармацыя пра перамяшчэнні нашых расейскіх грамадзянаў як унутры краіны, гэтак і па-за ёю цалкам была вядомая за мяжою».

З красавіка да жніўня на сістэму «Leonardo» перайшлі больш за 60 расейскіх авіякампаніяў, венесуэльская «Conviasa», і вось цяпер пераходзіць «Белавія».

Таксама з’явілася інфармацыя, што «Белавію» прымусова адлучаюць ад заходніх сэрвісаў рэзервацыі квіткоў. «Беларускую авіякампанію прымусова адключаюць ад заходніх сэрвісаў, як гэта было ў свой час з расейскімі перавознікамі», – прыводзіць словы сваёй крыніцы «РИА Новости».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў