Святлана Ціханоўская заклікала палітыкаў Еўрапейскай партыі зялёных спыніць ядравы шантаж Лукашэнкі


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла на кангрэсе Еўрапейскай партыі зялёных у французскім Ліёне і заклікала палітыкаў спыніць ядравы шантаж Аляксандра Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская падчас выступу на кангрэсе Еўрапейскай партыі зялёных. 2 лютага 2024 года.
Фота: Прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай

«Мы павінны спыніць ядравы шантаж. Па-першае, яны пабудавалі атамную электрастанцыю, якая ігнаруе нормы бяспекі, на мяжы з ЕЗ. Цяпер яны размясцілі расейскую ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. Гэта павінна спыніцца. Мы не можам давяраць дыктатарам абарону навакольнага асяроддзя», – сказала Святлана Ціханоўская падчас прамовы на кангрэсе Еўрапейскай партыі зялёных.

Яна таксама звярнула ўвагу на павелічэнне экспарту беларускай драўніны ў Еўразвяз. Рост экспарту назіраецца насуперак санкцыйным захадам супраць лукашэнкаўскага рэжыму.

Hавiны
Міралюбнасць з ядравай зброяй. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў прэзентавалі Вайсковую дактрыну
2024.01.31 22:19

«Нашы каштоўныя лясы высякаюцца, а запаведнікі становяцца рэзідэнцыямі для лукашэнкаўскіх хакеістаў. Гэта павінна спыніцца», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Частку сваёй прамовы кіраўніца Аб’яднанага кабінету прысвяціла ахвярам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Згадала пра дзейнасць палітычнага і экалагічнага дзеяча Вітольда Ашурка, які памёр у калоніі, пра кіраўніка экалагічнага праекту, датычнага харчовых адкідаў, Аляксандра Бялова, асуджанага на 5 гадоў калоніі, пра журналіста і прамоўтара экатранспарту Андрэя Кузнечыка ды іншых палітвязняў.

Святлана Ціханоўская заклікала зялёных уключыць у сваю перадвыбарчую праграму пункты аб падтрыманні Украіны і дэмакратычнай Беларусі.

«Будзьце папулярызатарамі Еўразвязу як супольнасці каштоўнасцяў. Еўразвязу, які распасціраецца ад Лісабона да Віцебску, ад Дубліна да Харкава. Мы хочам, каб Беларусь была не толькі дэмакратычнай. Мы хочам, каб Беларусь была зялёнай», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што дэмакратычныя сілы Беларусі гатовыя прэзентаваць дарожную карту зялёнага развіцця Беларусі. Ужо падрыхтаваная Кабінетам Канцэпцыя зялёнай эканомікі Беларусі складаецца з 10 інавацыйных прапановаў у сферы ўстойлівай трансфармацыі краіны.

Святлана Ціханоўская выказала таксама шчырыя падзякі тым палітыкам, якія сталі сімвалічнымі хроснымі для беларускіх палітвязняў.

Hавiны
Святлана Ціханоўская выказалася пра агульныя падручнікі гісторыі для Беларусі і Расеі
2024.02.02 12:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў