Як дапамагаць дзікім жывёлінам узімку


У сацсетках з’яўляюцца відэа, як людзі ратуюць дзікіх жывёлінаў: казуляў і ласёў, якія то трапляюць у палонкі, то губляюцца ў мясцовасцях. Ёсць ролікі і пра тое, як падкормліваюць лясных жыхароў узімку. Як рабіць гэта правільна, каб не паддаць небяспецы сябе і не нашкодзіць зверу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Столінскім раёне працаўнікі хуткай дапамогі, вяртаючыся з выкліку, заўважылі казулю, якая правалілася ў ледзяную ваду ў канаве. Самастойна дзікая жывёліна выбрацца не магла. Таму медыкі пастанавілі дапамагчы.

І за гэты год такі выпадак не адзіны. У Рэчыцкім раёне супрацоўнікі МНС выцягнулі з ракі ласіху, якую туды загналі сабакі. Цэнтр дапамогі дзікім жывёлінам «Сірын» прыняў да сябе скусаную сабакамі казулю. У абодвух выпадках ратавальнікаў і спецыялістаў аховы дзікай прыроды выклікалі неабыякавыя мясцовыя жыхары. І гэта, паводле эколагаў, правільнае выйсце.

Як тлумачыць экалагічная актывістка, былая навуковая працаўніца Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Інэса Балоціна, любая дзікая жывёліна – патэнцыйна небяспечная для чалавека. Тая ж казуля можа стукнуць капытом, не кажучы ўжо пра лася, – нават капытныя могуць быць хворыя на шаленства. Па-другое, гэта бяспека саміх жывёлінаў, таму што людзі не ўлічваюць, што яны адчуваюць вельмі моцны стрэс і тая ж казуля ад стрэсу можа проста памерці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зубры.
Фота: Alexandr frolov / Wikimedia

У зімовы перыяд імкнуцца людзі дапамагчы і падтрымаць дзікіх жывёлінаў харчамі. Але не заўжды правільна. Гэтак, чыноўнікі на Гарадзеншчыне пахваліліся клопатам пра аленяў: у «ТыкТоку» цяперашняга старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Караніка апублікавалі відэа з адгрузам сямісот кілаграмаў садавіны і гародніны з цвіллю.

У каментарах людзі абураліся якасцю гасцінцаў і задаваліся пытаннем: ці мандарыны і памэла – гэта менавіта тыя ласункі, што пасуюць лясным жывёлінам?

Як звярнуў увагу эколаг Сяржук Герасімовіч, калі жывёлы з’ядуць прадукты з цвіллю, гэта можа прывесці да розных захворванняў і нават – да смерці. А цытрусавыя – увогуле неўласцівая ежа для нашых капытных.

Таму, каб добрая справа не сталася шкодаю, падкормам дзікіх жывёлінаў мусяць займацца адмыслоўцы лясгасаў і паляўнічых гаспадарак. Дзеля гэтага яны расстаўляюць кармушкі ўглыб лесу. А вось прыкорм у лясных масівах ля жылых мясцовасцяў можа стацца прычынаю выхаду жывёлінаў да людзей і на дарогі.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»