«Называецца прагнасць». У TikTok паказалі, як у Беларусі вывозяць у лес гнілыя прадукты


У TikTok журналіста з пулу губернатара Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Караніка паказалі відэа, як каля лесу выкідваюць гнілую гародніну і садавіну на корм дзікай жывёле. Відэа набрала больш за 2,5 млн праглядаў і абурыла людзей – непакояцца за жывёлінаў і незадаволеныя коштамі.

Кадры з TikTok фотажурналіста з пулу Уладзіміра Караніка. Калаж: «Белсат»

«Прывезлі аленям чатыры кантэйнеры садавіны па 700 кг. Авакада, агуркі, перац, баклажаны, мандарыны, памяло, грушы і яблыкі», – кажа фотажурналіст Уладзіміра Караніка Арцём Турлай.

На відэа відаць, як прадукты кантэйнерамі выкідваюць каля лесу. Некаторыя фрукты і гародніна відавочна сапсаваныя, а з кантэйнераў выбіваецца вадкасць.

«Прысмакі мы выгрузілі. Усё распакавалі і цяпер ідзем у сховішча – будзем глядзець, прыйдуць алені есці ці не», – працягвае Турлай.

Алені з’явіліся, аднак, як сказаў Турлай, да ежы пабаяліся падыходзіць. Пад відэа набралася шмат каментароў. Некаторыя з іх хвалебныя, накшталт «малайцы, хлопцы, што алені не зʼядуць, кабаны і зайцы падбяруць».

Частка людзей заўважыла, што такія прадукты і ў свежым выглядзе могуць быць шкодныя для жывёлы, не кажучы ўжо пра пашкоджаныя. А яшчэ карыстальнікі TikTok абурыліся такім падыходам, бо кошты ў крамах высокія.

«Скінулі б кошт лепш, каб пенсіянеры маглі купіць і нармальна падʼесці. А так усё згніла праз прагнасць», – піша адзін з каментатараў.

«Це називається жадібність», – дадае іншы.

Вось яшчэ некалькі каментароў пад відэа:

«Народ плача, што есці няма чаго, кошты паднялі і ўсё знікае».

«Магу памыляцца, але, па-мойму, аленям такое есці не варта, асабліва цытрусавыя».

«Я не думаю, што цвіль карысная».

«Калі прысмакаў не ахоўваць, бабулі адабʼюць у аленяў?»

«Былі б крыху таннейшыя, такіх адкідаў не засталося б».

Гісторыю заўважылі журналісты «Зеркала».

Hавiны
Ігар Шуневіч заклікаў дазволіць паляванне на мядзведзя, аднак навукоўцы супраць
2023.10.21 19:34

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў