«Gazeta Wyborcza»: Бар'ер на польска-беларускай мяжы эфектыўны толькі на 60 %


Выданне «Gazeta Wyborcza» апублікавала 2 студзеня справаздачу аналітычна-сітуацыйнага ўпраўлення Памежнай аховы Польшчы, з якога вынікае, што металічны плот, усталяваны на польска-беларускай мяжы, эфектыўны хіба толькі на 60 %.

Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: Grzegorz Dąbrowski / Agencja Wyborcza.pl

Паводле апублікаванага дакументу, са студзеня да верасня 2023 года памежны бар’ер з боку Беларусі спрабавалі пераадолець і былі затрыманыя 17 488 мігрантаў. Між тым, 13 470 чалавек змаглі прарвацца да польска-нямецкай мяжы, дзе памежнікі затрымалі яшчэ 499 чалавек. 12 971 мігрант дасягнуў Нямеччыны і звярнуўся ў адпаведныя службы з просьбай аб прытулку.

«Такім чынам, з рапарту вынікае, што за першыя дзевяць месяцаў 2023 года эфектыўнасць плоту на польска-беларускай мяжы складала прыблізна 60 %: затрымана было 17 тысячаў мігрантаў, прайшлі праз барʼер – амаль 13 тысячаў», – падлічыла выданне.

Журналісты адзначаюць, што эфектыўнасць агароджы, хутчэй за ўсё, яшчэ меншая, бо трэба ўлічваць, што сярод затрыманых на мяжы было шмат тых, хто спрабаваў адолець яе некалькі разоў, бо ў дачыненні затрыманых польскія памежнікі ўжывалі так званы «пушбэк» («pushback») – выпіхвалі мігрантаў назад у Беларусь. Толькі 1207 чалавек былі дэпартаваныя з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь на падставе афіцыйных дакументаў, і толькі 388 мігрантаў былі накіраваныя ў адмысловыя цэнтры для ўцекачоў.

Згодна з інфармацыяй, пададзенай у рапарце Памежнай аховы Польшчы, у 2022 годзе назад у Беларусь выштурхнулі 3962 чалавекі, у 2023 годзе на тэрыторыю РБ без якой-небудзь рэгістрацыі вярнулі 16 281 чалавека. Працэдура «пушбэкаў» забароненая ў краінах ЕЗ, зазначае польскае выданне.

«Gazeta Wyborcza» адзначае таксама, што барʼер на беларускай мяжы быў бы яшчэ менш эфектыўны, калі б на дапамогу польскім памежнікам не прыйшлі вайскоўцы. Памежнікам дапамагае каля 4 тысячаў польскіх вайскоўцаў.

Hавiны
Польскія памежнікі зафіксавалі ў снежні больш за 400 спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі
2023.12.28 18:03

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў