Святлана Ціханоўская і Аліна Коўшык выказалі спачуванні з нагоды смерці беларускі ў Варшаве


Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык выказалі спачуванні з нагоды смерці беларускі Лізаветы, якая стала ахвярай нападу і гвалту ў цэнтры Варшавы. Польскі кангрэс жанчын выступіў са зваротам да палітыкаў: «Мы поўныя гневу і абурэння!».

Лізавета разам са сваім хлопцам Данілам.
Фота: duccikk / instagram

«Гэта проста невыносна! Мне складана апісаць увесь боль, які я адчуваю зараз. Але яшчэ я адчуваю злосць. Злосць за несправядлівасць. На тое, што жанчыны не могуць адчуваць сябе ў бяспецы. На тое, што нехта абвінавачвае ахвяру гвалту ў тым, што адбылося.

У нашым свеце не павінна быць месца жорсткасці і гвалту. А вінаватыя ў такіх злачынствах павінныя быць пакараныя», – напісала Святлана Ціханоўская ў сябе ў сацыяльных сетках.

Беларуская лідарка выразіла шчырыя спачуванні блізкім і сябрам загінулай дзяўчыны.

«Сёння накрыла чорная хваля – памерла Ліза… Ліза памерла, ад ран, якія нанёс Дарыян С., і з-за бяздзейнасці мінакоў. Людзі, праходзілі побач з паміраючай дзяўчынай замкнуўшы свае сэрцы і адвярнуўшы галовы. Дзесяць тысяч сэрцаў адгукнуліся, каб сабраць грошы для лекавання Лізы. Але не паспелі.

Дапамога павінна была прыйсці раней, у іншы час і месца, з іншых рук. Ліза, мы памятаем цябе. Тваё імя стала сімвалам нашай бязмежнай віны», – напісала ў «Фэйсбуку» Аліна Коўшык.

Смерць беларускі выклікала абурэнне ў Польскага кангрэса жанчын. Ён выступіў з заявай, у якой звярнуўся да палітыкаў краіны са словамі абурэння і заклікаў іх мабілізаваць усе неабходныя рэсурсы, каб спыніць гвалт.

«Памерла беларуска – згвалтаваная, збітая, задушаная на вуліцы Варшавы. Мы больш чым узрушаны смерцю гэтай дзяўчыны, мы поўныя гневу і абурэння. І гаворка ідзе не толькі пра гэты канкрэтны выпадак, яе пакуты і смерць.

Мы аддаем ёй даніну памяці, але ў той жа час паведамляем: гэта адна з тысяч ахвяр. Дзяўчынак і жанчын увесь час гвалцяць – падчас вайны і ў мірны час, на вуліцах і ва ўласным доме, вырадкі і «годныя мужчыны», знаёмыя і незнаёмцы. Закон не рэагуе, паліцыя марудзіць (за выключэннем абуральных выпадкаў); палітыкі наўрад ці вядуць эфектыўную барацьбу з гвалтам у дачыненні да жанчын», – прыводзіць цытату з заявы Mostmedia.io.

Нагадаем, што 1 сакавіка стала вядома пра смерць 25-гадовай беларускі Лізаветы, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. Напад на яе адбыўся 25 лютага, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць, потым даставілі ў клінічны шпіталь.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у дзяўчыны спынялася сэрца, у мозг пэўны час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

Абнаўляецца
Памерла беларуска Лізавета, на якую напалі і згвалцілі ў Варшаве
2024.03.01 15:07

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў