Стала вядомае месца, дзе ўтрымліваюць беларуса Сяргея Ерамеева


Стала вядомае месцазнаходжанне беларуса Сяргея Ерамеева, якога вінавацяць у выбухах на чыгунцы ў Расеі. Яго трымаюць у СІЗА «Лефортава» ў Маскве.

Сяргей Ерамееў
52-гадовы Сяргей Ерамееў, які раней працаваў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у стачцы ў 2020 годзе. Мужчына страціў працу праз палітыку. Расейскія спецслужбы сцвярджаюць, што Ерамееў прывёз выбухоўку з Беларусі на Далёкі Усход і ўсталяваў яе на вагоны двух цягнікоў з нафтапрадуктамі. Заданне яму нібы даў іншы беларус, які жыве ў Літве. У судзе затрыманы заявіў, што выбухамі хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы ваенных грузаў. Крыніца: harter97.org

Як вядома, ў лютым беларускія праваабаронцы спрабавалі адшукаць месца, дзе трымаюць арыштаванага беларуса, бо звестак аб ягоным месцазнаходжанні не было два з паловай месяцы.

На дапамогу беларускім праваабаронцам прыйшлі расейскія калегі, і такім чынам удалося даведацца, што Сяргея ўтрымліваюць у СІЗА «Лефортава» ў Маскве.

Неўзабаве да зняволенага беларуса паспрабуе трапіць адвакат.

Падтрымаць Сяргея Ерамеева можна лістом або бандэроллю. Адрас: 111020, Масква, вул. Лефортаўскі вал, д. 5, корп. 2, СІЗА-2.

Нагадаем, што 29 лістапада на перагоне Ітыкіт – Акусікан падчас руху праз тунэль на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, што ехаў аб’езнаю каляінаю. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў. Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМу кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне ў Омску беларуса, падазраванага ў тэракце. На судзе стала вядома, што затрыманы – 52-гадовы Сяргей Ерамееў. Ён працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, мае дваіх малых дзяцей, раней не быў пад судом. У Расеі сталага месца рэгістрацыі ў яго не было.

Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў спаралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць транспартаванню вайсковых грузаў.

У снежні 2023 года ў Наваполацку праходзілі затрыманні людзей, якія маглі быць звязаныя з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ за нібыта дыверсію на расейскім БАМе. Людзей апытвалі і правяралі тэлефоны – пры гэтым некаторых накіроўвалі ў суд.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў