Беларускія праваабаронцы патрабуюць паказаць беларуса Сяргея Ерамеева


Беларускія праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць дапусціць да жыхара Наваполацка незалежнага адваката, каб пераканацца, што ён жывы.

Сяргей Ерамееў.
Фота: Страна для жизни

Звестак пра беларуса, затрыманага ФСБ па абвінавачанні ў падрыве чыгуначных саставаў у Расеі, няма ўжо больш за два месяцы. Больш за паўтара месяцы праваабаронцы спрабуюць звязацца з ім і даведацца пра ягоны лёс.

Апошні раз Сяргея Ерамеева бачылі два месяцы таму ў судзе падчас вырашэння пытання аб прымяненні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. З таго моманту праваабаронцам нічога не вядома.

Праваабаронцы лічаць, што расейскія ўлады могуць мэтанакіравана хаваць Сяргея Ерамеева, калі ён яшчэ наогул жывы, каб схаваць доказы магчымых катаванняў – бо трэба ўлічваць, што мужчыну абвінавачваюць у арганізацыі выбухаў пад кіраўніцтвам украінскіх спецслужбаў.

«Мы патрабуем дапусціць да Сяргея Ерамеева незалежнага адваката, каб пераканацца, што беларус з Наваполацка жывы і здаровы, і патрабуем забяспечыць яму права на абарону і празрыстасць крымінальнага працэсу», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Нагадаем, што 29 лістапада на перагоне Ітыкіт – Акусікан падчас руху праз тунэль на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, што ехаў аб’езнаю каляінаю. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў. Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМу кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне ў Омску беларуса, падазраванага ў тэракце. На судзе стала вядома, што затрыманы – 52-гадовы Сяргей Ерамееў. Ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік, мае дваіх малых дзяцей, раней не быў судзімы. У Расеі ў яго няма сталага месца рэгістрацыі.

Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў спаралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць транспартаванню вайсковых грузаў.

У снежні 2023 года ў Наваполацку праходзілі затрыманні людзей, якія маглі быць звязаныя з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ за нібыта дыверсію на расейскім БАМе. Людзей апытвалі і правяралі тэлефоны – пры гэтым некаторых адпраўлялі ў суд.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў