Расейскі Чырвоны Крыж патрабаваў ад беларускіх калегаў узгадняць паездкі на Данбас


Журналісты радыё «Свабода» атрымалі ад «Кіберпартызанаў» звесткі з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Там быў ліст, які расейскі Чырвоны Крыж накіраваў кіраўніку БЧК Дзмітрыю Шаўцову пасля ягонай паездкі на Данбас летам 2023 года, з патрабаваннем узгадняць такія паездкі.

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Ліст быў датаваны 24 ліпеня 2023 года. Напярэдадні кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў быў заўважаны на акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці з літарай Z на рукаве.

У лісце да БЧК старшыня расейскага Чырвонага Крыжа Павел Саўчук выказвае занепакоенасць праз «згадкі ў СМІ, у тым ліку ў негатыўным рэчышчы, пра візіт кіраўніцтва БЧК на тэрыторыю Данбасу».

«Улічваючы шырокі грамадскі рэзананс, хацеў бы пацвердзіць неабходнасць своечасовага ўзгаднення такіх візітаў з РЧК. Згодна з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі, тэрыторыі Данбасу, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў з’яўляюцца часткай Расеі. Грунтуючыся на прынцыпе адзінства, БЧК, як і іншым нацыянальным таварыствам, пры планаванні гуманітарных місіяў на расейскіх тэрыторыях трэба атрымліваць на гэта згоду ў РЧК», – гаворыцца ў лісце.

У выпадку магчымых мераў у дачыненні Беларускага Чырвонага Крыжа на міжнародным узроўні Павел Саўчук прапанаваў «экспертна-кансультацыйную дапамогу».

Праўдзівасць злітых з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа звестак, атрыманых «Кіберпартызанамі», пацвердзіў у тым ліку былы амбасадар Украіны ў Беларусі і цяперашні спецпасланнік у пытаннях Беларусі Ігар Кізім. У 2022 годзе ён дасылаў у БЧК запыт з просьбай даць інфармацыю пра грамадзянаў Украіны, якім дапамагае арганізацыя. Журналісты «Свабоды» знайшлі гэты запыт сярод лістоў БЧК, і Кізім пацвердзіў яго сапраўднасць.

Hавiны
«Бюро» распавяло, як кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў за гранты вазіў палюбоўніцу за мяжу
2024.01.09 16:38

У расейскім Чырвоным Крыжы журналістам «Свабоды» не пацвердзілі і не зняпраўдзілі інфармацыю пра ліст Саўчука Шаўцову. У прэс-службе РЧК паведамілі, што апошні раз узаемадзеянне з беларускімі калегамі было летам мінулага года – «з нагоды трэнінгаў у надзвычайных сітуацыях».

У снежні 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа праз невыкананне патрабавання вызваліць Дзмітрыя Шаўцова ад пасады генеральнага сакратара арганізацыі.

Прэтэнзіі Міжнароднай федэрацыі да Шаўцова ўзніклі пасля ягоных візітаў на акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі, а таксама пасля абвінавачанняў яго ў датычнасці да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў.

Hавiны
ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для працы ў Беларусі
2023.12.26 16:14

Праз нежаданне беларускай арганізацыі адправіць Шаўцова ў адстаўку Міжнародная федэрацыя прыпыніла сяброўства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і пазбавіла яго фінансавання.

23 лютага Дзмітрый Шаўцоў, а разам з ім параалімпіец і праўладны актывіст Аляксей Талай трапілі ў трынаццаты пакет санкцыяў Еўразвязу за ўдзел у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў