ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для працы ў Беларусі


Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу, пасля таго, як чалецтва беларускай арганізацыі ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) было прыпыненае. Пра гэта выданню «Бюро» распавялі ў ААН.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каманда Беларускага Чырвонага Крыжа падчас комплексных вучэнняў у Гомельскім раёне. 23 снежня 2023 года.
Фота: redcross.by

На дадзены момант завяршаюцца актуальныя праекты з Беларускім Чырвоным Крыжам (БЧК), а на будучыню шукаюць альтэрнатыўных спосабаў накіроўваць дапамогу ў нашую краіну. Магчыма, яна будзе ісці праз іншыя няўрадавыя арганізацыі або пачнуць працаваць з лякарнямі наўпрост.

«ААН у Беларусі прымае да ведама інфармацыю аб прыпыненні сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Агенцтвы ААН у Беларусі сканцэнтраваныя на завяршэнні бягучых праектаў з Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы вывучаем альтэрнатыўныя метады працягу аказання неабходнага падтрымання ўразлівым супольнасцям у Беларусі, каб гарантаваць бесперабойнасць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны перыяд», – адзначылі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.

Згодна са справаздачай Беларускага Чырвонага Крыжа, якая трапіла да  журналістаў выдання «Бюро», у 2022 годзе замежнае фінансаванне арганізацыі склала 57,2 % ад усяго бюджэту арганізацыі. Агульная сума дапамогі дасягнула амаль 13 мільёнаў рублёў. На долю МФТЧКіЧП прыпадала каля 30 % усяго замежнага фінансавання, а агулам на ўдзельнікаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца – 58 % усёй міжнароднай дапамогі для БЧК. 41 % складала грашовая дапамога ад агенцтваў ААН.

Такім чынам, робіць выснову выданне, калі міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і агенцтвы ААН адмовяцца ад супрацы і фінансавання праектаў БЧК, то арганізацыя страціць амаль усё замежнае фінансаванне. На 2022 год яно складала каля 98 %.

Нагадаем, што Міжнародны Чырвоны Крыж з 1 снежня 2023 года прыпыніў сяброўства беларускай арганізацыі ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) у сувязі з невыкананнем ім патрабаванняў аб зняцці з пасады генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова. У ліпені 2023 года Шаўцоў паехаў у акупаваныя Лісічанск і Марыупаль, дзе даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам. На рукаве ў Шаўцова была нашыўка з літарай «Z». Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі вывозіць украінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

У кастрычніку Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца паставіла Беларускаму Чырвонаму Крыжу ўльтыматум: або звальненне Шаўцова, або ніякага фінансавання. Беларуская арганізацыя адмовілася выконваць патрабаванне і 1 лістапада выступіла з заявай аб тым, што Дзмітрый Шаўцоў застанецца на чале арганізацыі.

Hавiны
Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага аддзялення ў арганізацыі
2023.12.01 20:08

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў