Новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску


Сталі вядомыя падрабязнасці заходніх санкцыяў супраць афіцыйных Менску і Масквы. Абмежаванні Еўразвязу і ЗША прымеркаваныя да другой гадавіны поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. Хто з Беларусі патрапіў у абмежавальны спіс?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер афіцыйна. на Захадзе агучылі поўны спіс арганізацыяў і фізічных асобаў, уключаных у 13 пакет санкцыяў Еўразвязу. Частка абмежаванняў тычыцца Беларусі.

Паводле новых звестак, у санкцыйны пакет трапілі генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, Грамадская арганізацыя «Дэльфіны» і яе кіраўніца Вольга Волкава.

Усе яны прымалі ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

«Менавіта прапановы ўсіх, хто датычныя да ваенных злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем беларускіх дзяцей, былі ўнесены камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Раней пад санкцыі трапіў і дырэктар Беларуськалію Іван Галаваты, які ўзгадваецца ў камунікацыі. У санкцыі таксама трапіў Дзмітрый Мезінцаў – былы амбасадар Расеі ў Беларусі» – кажа Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, кіраўнік НАУ.

У санкцыях асобна адзначылі Аляксея Талая і ягоны фонд. У дакуменце яго назвалі «адной з ключавых асобаў, якія маюць дачыненне да гвалтоўнага вывазу і наступнага незаконнага ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей у Беларусі Расеі». Талая ўключылі і ў санкцыйныя спісы ЗША.

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Уведзеныя абмежаванні і супраць ваенна-прамысловага комплексу Беларусі.

Пад санкцыямі апынуліся: сталічнае прадпрыемства «Пеленг», якое вырабляе камплектуючыя для расейскай артылерыі. Аршанскі авіярамонтны завод, што адказвае за рамонт і мадэрнізацыю расейскіх верталётаў і яго кіраўнік Павел Случак.

Барысаўскі 2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення і баранавіцкі 558-мы авіярамонтны завод трапілі пад абмежаванні разам з кіраўнікамі – Валерыям Шацілам і Паўлам Пінігіным.

«Лукашэнка раней таксама знаходзіўся пад санкцыямі, але мы тут ставім больш высокую мэту. Мы намагаемся, каб Лукашэнка атрымаў ордэр на арышт Міжнароднага крымінальнага суда і гэтую дзейнасць мы працягваем» – адзначае Латушка.

Свае санкцыі супраць рэжыму агучыла і Аўстралія. Да ўжо агучаных прадпрыемстваў і асобаў, МЗС гэтай краіны дадало да спісу начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава і тры беларускія прадпрыемствы: холдынг «Гарызонт», «Волатаўта» і «Планар».

Кацярына Гардзеева, «Белсат»