Памерла беларуска Лізавета, на якую напалі і згвалцілі ў Варшаве


25-гадовая беларуска Лізавета, якая стала ахвярай нападу і гвалту ў цэнтры Варшавы, памерла. Пра гэта «Белсату» распавяла прэс-сакратарка шпіталю, у якім была дзяўчына, Барбара Мяткоўска.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне неадкладнай дапамогі ў шпіталі Дзіцяці Ісуса Універсітэцкага клінічнага цэнтру Варшаўскага медычнага ўніверсітэту ў Варшаве, Польшча.
Фота: Justyna Rojek / East News

Паводле прадстаўніцы шпіталю, дзяўчына памерла ад атрыманых траўмаў 1 сакавіка перад палуднем. Падрабязнасцяў ейнага стану спадарыня Мяткоўска не можа раскрыць – можа сказаць толькі, што ў дзяўчыны наступіла смерць мозгу, медыкі не былі ў стане ўратаваць жыццё.

Смерць беларускі пацвердзіў таксама ейны хлопец Даніла, распавяла кіраўніца праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава.

Напад на 25-гадовую Лізавету адбыўся ў цэнтры Варшавы 25 лютага, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць, потым даставілі ў клінічны шпіталь Дзіцяці Ісуса Універсітэцкага клінічнага цэнтру Варшаўскага медычнага ўніверсітэту на вуліцы Ліндлі ў Варшаве.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у дзяўчыны спынялася сэрца, у мозг пэўны час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

Дзе зараз знаходзіцца цела дзяўчыны і што будзе далей

Як паведаміла «Белсату» Барбара Мяткоўска, пакуль цела застаецца ў шпіталі да рашэння пракурора. Яна адзначыла, што на цяперашні момант невядома, ці будзе праводзіцца ўскрыццё.

«[Мы] павінны пачакаць, што захоча рабіць пракурор, якое ён выдасць рашэнне і якія будуць далейшыя дзеянні. У гэты момант усё не ў нашай кампетэнцыі», – сказала Мяткоўская.

Паводле выдання Onet.pl, брат Лізаветы зараз вырашае пытанне аб тым, каб прыехаць у Польшчу і забраць цела дзяўчыны (верагодна, гаворка вядзецца пра няроднага брата Лізаветы). Аднак пакуль невядома, калі гэта атрымаецца. Зараз ён спрабуе атрымаць візу.

Каментар
Хлопцу беларускі Лізаветы, на якую напалі ў Варшаве, трэба псіхалагічная дапамога
2024.03.01 13:03

Што вядома пра нападніка

Нападнікам аказаўся жыхар Варшавы 23-гадовы Дарыян С. Паліцыя затрымала яго праз некалькі гадзінаў пасля ўчынення злачынства, калі ён выходзіў са здымнай кватэры, дзе жыў разам са сваёй дзяўчынай. Раней хлопца судзілі за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Паводле Onet.pl, ён пройдзе праз псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць вызначыць ягоную свядомасць у момант нападу.

Злачынцу выстаўленыя абвінавачанні ў сексуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі. У здымнай кватэры, дзе ён жыў, знайшлі балаклаву, нож, два мабільныя тэлефоны, а таксама плацежныя карты і гаманец пацярпелай, паведамляла варшаўская паліцыя.

Калі вынікі ўскрыцця цела пацвердзіцца, што смерць Лізаветы наступіла ў выніку дзеянняў нападніка, то гэта можа паўплываць на абвінавачанні, якія выстаўляюцца Дарыяну С., ён паўстане перад судом за яе забойства.

Нападніку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

Што будзе з ахвяраваннямі

Хлопец Лізаветы Даніла абвясціў збор на лячэнне і рэабілітацыю сяброўкі, бо яна не мае медычнай страхоўкі. Даніла шукаў дактароў, якія дапамаглі б растлумачыць, што адбываецца з Лізаветай, і юрыстаў, бо блізкіх у Лізаветы ў Польшчы няма, а без сваяцтва або шлюбу Даніла не можа весці справаў Лізаветы.

Таксама Даніла мае патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, расказала «Белсату»  Валярына Кустава.

«Калі ёсць ахвочыя крызісныя псіхатэрапеўты, якія маглі б падтрымаць Данілу, то на гэта ёсць запыт, – кажа Кустава. – Вельмі складана ён пераносіць гэтую бяду, ён ужо адчувае ўнутраную патрэбу ў гэтым. Калі нехта адгукнецца, магу перадаць кантакт».

Таксама Валярына падкрэсліла, што ўпэўненая, што грошы са збору не трапяць «не па адрасе»: хоць Даніла фармальна не сваяк Лізаветы і хоць неабходная сума невядомая, грошы перадаюць не наўпрост яму, а сайту збору сродкаў, а польская дзяржава гэты збор пільнуе, грошай не выдаткуюць без патрэбных дакументаў.

Пазней пра сабраныя грошы выказаўся і сам Даніла:

«Многія з вас цікавіліся, як размеркаваны сродкі, якія мы сабралі. На дадзены момант усе сродкі застаюцца на рахунку Pomagam.pl – мы не можам іх перавесці на свой рахунак. Частка грошай будзе выкарыстана на пакрыццё выдаткаў на лячэнне, як толькі мы (брат Лізы) атрымаем афіцыйны рахунак ад лякарні. Размеркаванне рэшты сродкаў мы будзем узгадняць з Pomagam.pl, і я падрабязна паінфармую вас аб гэтым у справаздачы праз некалькі дзён», – напісаў ён у сваім акаўнце ў «Instagram», падзякаваўшы кожнаму за «данаты, за кантакты, словы падтрымкі і малітвы».

Таксама ён выразіў падзяку дактарам, якія зрабілі ўсё магчымае, каб выратаваць жыццё Лізы. Паводле ягоных словаў, дактары паведамілі яму, што на апошняй тамаграфіі была канстатаваная смерць мозгу. «Далейшыя рашэнні аб адключэнні ад апаратаў і ўсех наступных кроках будуць прымацца пракуратурай», – адзначыў Даніла.

Польская дзяржава возьме збор пад свой кантроль

Тым часам выданню «Зеркало» ўдалося паразмаўляць з крыніцай, блізкай да сям’і загінулай беларускі. Яна паведаміла, што адзіны законны прадстаўнік Лізаветы – гэта ейны родны брат. «Але ў яго няма візы для таго, каб прыехаць у Польшчу. Мы зараз спрабуем разабрацца, што нам з гэтым рабіць, хто ўпаўнаважаны яе пахаваць».

Паводле словаў крыніцы, блізкія зараз чакаюць рахунак з лякарні, дзе знаходзілася Лізавета. Дакладнай сумы, неабходнай для аплаты, пакуль няма, бо медыкі кажуць, што паведамяць яе толькі законнаму прадстаўніку.

Тым часам на сайце Pomagam.pl сабраная сума амаль у 550 тысячаў злотых ад больш як 10,5 тысячаў чалавек. У сувязі з гэтым кантроль за расходаваннем грошай возьме на сябе польская дзяржава.

«Палякі ўжо адназначна сказалі, што гэты фінансавы збор будзе кантраляваць дзяржава. Умоўна кажучы, калі нехта патраціць гэтыя грошы на іншыя мэты, то такі ўчынак будзе расцэнены як махлярства. Доступ да рахунку са сродкамі пакуль абмежаваны.

Усе выплаты будуць прыходзіць пасля адпаведнай верыфікацыі. Магчыма, некаторая сума будзе выдаткавана на адвакатаў, якія абараняюць інтарэсы Лізаветы ў крымінальным працэсе, а таксама на паслугі па легалізацыі неабходных дакументаў і звязаныя з пахаваннем», – сказаў суразмоўца выдання.

На самім сайце Pomagam.pl пад зборам з’явілася камунікацыя аб тым, што ягоная адміністрацыя ў сувязі з вялікай цікавасцю да збору паклапацілася аб тым, каб сабраныя сродкі былі патрачаныя на тое, што ўказана ў мэце збору.

«Падтрымліваючы гэты збор сродкаў, вы можаце быць упэўненымі, што сродкі пойдуць на лячэнне Лізаветы. У выпадку, калі якія-небудзь абставіны перашкодзяць гэтаму, усе ўнёскі будуць вернутыя ахвяравальнікам», – гаворыцца на сайце.

Беларускі МЗС накіраваў запыт

З нагоды смерці Лізаветы беларускі МЗС накіраваў запыт у Польшчу:

«У беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў або афіцыйнай інфармацыі па дадзеным пытанні не паступала. Адпаведныя запыты накіраваныя ў праваахоўныя органы Польшчы», – адзначылі ў прэс-службе МЗС.

Нагадаем, што 25-гадовая Лізавета з’ехала з Беларусі пасля падзеяў 2020 года з-за рэпрэсіяў.

Hавiны
«Лекары кажуць рыхтавацца да горшага». Што вядома пра беларуску, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы
2024.02.27 17:34

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў