Хлопцу беларускі Лізаветы, на якую напалі ў Варшаве, трэба псіхалагічная дапамога


Стан беларускі Лізаветы, на якую 25 лютага напалі ў цэнтры Варшавы, застаецца цяжкім. Расследаванне і збор грошай працягваюцца. Але ейны хлопец Даніла мае патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, расказала «Белсату» кіраўніца праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава.

Лізавета, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы, цяпер у бальніцы. 25 лютага 2024 года. Фота прадастаўленае суразмоўцам

25-гадовая Лізавета, на якую напаў, згвалтаваў і спрабаваў задушыць 23-гадовы жыхар Варшавы, застаецца непрытомная. Ейнае жыццё ўсё яшчэ ў небяспецы: лекары кажуць, стан крытычны, яна ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і можа не вярнуцца да прытомнасці.

Паэтка і журналістка Валярына Кустава застаецца на сувязі з Данілам – хлопцам Лізаветы. Яна дапамагае хлопцу як валанцёрка ў межах праекту «Беларус беларусу».

Цяпер, расказвае яна, справа не толькі за лекарамі, якія робяць усё магчымае. Шмат залежыць ад арганізму Лізаветы, бо была гіпаксія – застаецца чакаць, што арганізм справіцца.

Для Данілы знайшлі неабходных адвакатаў і перакладчыкаў, адгукнуліся лекары, юрысты Аб’яднанага пераходнага кабінету і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, кажа Кустава. Але Данілу яшчэ патрэбная дапамога:

«Калі ёсць ахвочыя крызісныя псіхатэрапеўты, якія маглі б падтрымаць Данілу, то на гэта ёсць запыт, – кажа Кустава. – Вельмі складана ён пераносіць гэтую бяду, ён ужо адчувае ўнутраную патрэбу ў гэтым. Калі нехта адгукнецца, магу перадаць кантакт».

Даніла абвесціў збор на лячэнне і рэабілітацыю дзяўчыны, бо яна не мае медычнай страхоўкі. На момант публікацыі дзяўчыне сабралі больш за паўмільёна злотых, хоць пакуль не вядома, колькі дакладна грошай спатрэбіцца на рэабілітацыю дзяўчыны, калі яна выйдзе з крытычнага стану.

Кустава ўпэўненая, што грошы са збору не трапяць «не па адрасе»: хоць Даніла фармальна не сваяк Лізаветы і хоць неабходная сума невядомая, грошы перадаюць не наўпрост яму, а сайту збору сродкаў, а польская дзяржава гэты збор пільнуе, грошы не выдаткуюць без патрэбных дакументаў.

Каментар
Стан беларускі, на якую напалі ў Варшаве, застаецца цяжкім. Дэмсілы спрабуюць дапамагчы
2024.02.29 14:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў