Праблемы з кровазабеспячэннем. Беларусцы, якую згвалтавалі ў Варшаве, не становіцца лепш


25-гадовая Лізавета не прыходзіць у прытомнасць і падключана ў ШВЛ. Да вечара 28 лютага стан беларускі, на якую напалі і згвалтавалі ў цэнтры Варшавы 25 лютага, не палепшыўся. Раней дзяўчына была размешчана ў рэанімацыі без прытомнасці і падлучаная да апарата ШВЛ.

Нож, з якім гвалтаўнік напаў на Лізавету.
Фота: srodmiescie.policja.gov.pl

«Яна ўсё гэтак жа без прытомнасці і ёсць сур’ёзныя праблемы з кровазабеспячэннем», – кажа «Белсату» хлопец Лізаветы Данііл.

Лекары прагназуюць вегетатыўны стан або смерць, аднак Данііл спадзяецца на лепшае.

25-гадовая Лізавета не працавала афіцыйна і цяпер не мае медычнай страхоўкі, таму Данііл адкрыў збор сродкаў на яе лячэнне і рэабілітацыю. Да сямі вечара 28 лютага сабрана больш за $ 90 тысяч.

«Ведаю, што клініка можа запатрабаваць аплату… магчыма ў кагосьці ёсць вопыт або разуменне прававых аспектаў такога становішча. На жаль, лекары даюць несуцяшальны прагноз… і, верагодна, спатрэбіцца вельмі доўгая рэабілітацыя… зыходзячы з гэтага, прашу фінансавай падтрымкі, каб была магчымасць аператыўна выконваць усё-усё, што спатрэбіцца, для выратавання маёй каханай!» – кажа Даніла.

Ён таксама шукае лекараў з Беларусі з досведам у неўралогіі, каб разабрацца, што адбываецца з Лізаветай і што ёй неабходна.

Лізавета нарадзілася ў аграгарадку Путчына Дзяржынскага раёну Менскай вобласці. Яна зʼехала з Беларусі ў 2020 годзе пасля таго, як пачаліся рэпрэсіі. У Варшаве жыла без сваякоў і самы блізкі чалавек для яе там – гэта Данііл.

Напад на Лізавету адбыўся 24 лютага, калі яна вярталася ноччу дадому пешшу. 23-гадовы мужчына напаў на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў, паведамляе fakt.pl. Пасля гэтага ён пакінуў яе на лесвіцы перад будынкам і паехаў на трамваі ў сваю кватэру.

Лізавета ў несвядомым стане доўгі час ляжала на лесвіцы. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, рэанімавалі яе на працягу некалькіх хвілін. Дзяўчына знаходзіцца ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане.

«З таго, што мне казалі, выходзіць, што па факце яна памерла, і нейкі час сэрца не працавала. Затым лекары яе рэанімавалі. Цяпер праз гэта праблемы з мозгам, ён нейкі час не атрымліваў кісларод», – распавёў Даніла.

Гвалтаўніка затрымалі ў дзень злачынства. Яму прадʼяўленыя абвінавачванні ў сексуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі. У здымнай кватэры, дзе ён жыў, знайшлі балаклаву, кухонны нож, два мабільныя тэлефоны. А таксама аплатныя карты і кашалёк пацярпелай, паведамляе варшаўская паліцыя.

Яму пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

Hавiны
«Лекары кажуць рыхтавацца да горшага». Што вядома пра беларуску, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы
2024.02.27 17:34

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў