Гэта вялікі крок у кірунку калапсу сусветнай сістэмы бяспекі. ЗША і Расея абвесцілі пра выхад з Дамовы аб ліквідацыі ракетах сярэдняй і малой дальнасці, падпісанай у далёкім 1987 годзе. Выхад дзвюх ядравых супердзяржаваў з дамовы адбудзецца не адразу, дамова будзе дзеяць яшчэ цягам шасці месяцаў, але мала хто верыць у тое, што Масква ды Вашынгтон сядуць за стол перамоваў і падпішуць новае пагадненне.
Расейска-амерыканская спрэчка вакол ракетаў малой і сярэдняй дальнасці можа здавацца адлеглаю праблемаю для краінаў без геапалітычных амбіцыяў, але думаць так – вялікая памылка.
«Тое, што дамову парушыла і Расея, і ЗША, – дрэнная навіна для Беларусі, бо павышае ступень стратэгічнай небяспекі для нашай краіны. Беларусь – саюзнік Расеі. Калі ЗША ды Расея пачнуць абмен ударамі ракетаў малой і сярэдняй дальнасці, то мы атрымаем сваю порцыю», – упэўнены вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.
На тэрыторыі нашай краіны месцяцца два стратэгічныя вайсковыя аб’екты Расеі. Радар далёкага апавяшчэння пад Ганцавічамі і вузел сувязі з расейскімі атамнымі падлодкамі пад Вялейкаю. Акрамя наўпроставых вайсковых пагрозаў гэтым абʼектам, ёсць і ўскосныя, яшчэ больш небяспечныя пагрозы для Беларусі.
«Расея будзе не тое што вымушаная, яна будзе намагацца кансалідаваць вакол сябе ўсіх магчымых сатэлітаў у межах постсавецкае прасторы, у межах АДКБ. І ў дачыненні Беларусі будуць зрэалізаваныя крокі для фактычнага захопу кантролю над гэтаю прастораю», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.
Расейскі амбасадар у Беларусі Міхаіл Бабіч аператыўна запэўніў грамадскасць, што Масква не збіраецца размяшчаць нейкіх ракетаў на тэрыторыі нашай краіны. Але той факт, што заява прагучала найперш з вуснаў расейскага дыпламата, а не Аляксандра Лукашэнкі ці міністра абароны Раўкова, моцна псуе імідж Беларусі як незалежнага актора.
«Заява спадара Бабіча адлюстроўвае сутнасць расейскага імперскага мыслення. Яны думаюць так: мы вялікія ды галоўныя, вы малыя ды слабыя. Лукашэнка трапляе ў вельмі нядобрую сітуацыю, ён будзе вымушаны цяпер ці пазней на гэта адрэагаваць. Бо ён мяркуе, што гэта ён у Беларусі гаспадар і без ягонага ведама нічога з расейскай зброі зʼявіцца ў Беларусі не можа», – кажа Алесін.
Але як рэагаваць, калі Масква заціскае эканамічныя гайкі, а ты хочаш выгаднай здзелкі падчас чарговага раўнду перамоваў, на якія Аляксандр Лукашэнка выправіцца да Уладзіміра Пуціна ўжо менш як праз тыдзень?
«Пасіўнасць, абсалютная немасць, адсутнасць нейкіх каментароў з боку афіцыйных уладаў сведчыць пра іх разгубленасць. Асабліва напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Лукашэнка не жадае рабіць рэзкіх рухаў, спадзеючыся, што рукі, якія сціскаюць ягоную шыю, будуць неяк аслабленыя», – адзначае Усаў.
Сітуацыя з дамоваю аб ракетах развівалася настолькі імкліва, што ў Менску толькі і паспелі, што выдаць траваедны заклік да абодвух бакоў знайсці нейкае новае паразуменне. Расейская ж дыпламатыя перайшла на павышаныя абароты і ўжо абяцае зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць размяшчэння амерыканскіх ракетаў у краінах Балтыі.
«У палітыцы ЗША вельмі яскрава бачнае імкненне вызваліцца ад любых абмежаванняў, накладзеных на ЗША. Пры гэтым бачная тэндэнцыя максімальна абмежаваць суверэнітэт і свабоду дзеянняў іншых дзяржаваў», – кажа намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў.
Чаму імавернасць паўстання новых ракетных базаў у балтыйскіх краінах хвалюе Крэмль у першую чаргу? Добра тлумачыць у сваім артыкуле ў выданні «Ведомости» намеснік дырэктара расейскага Цэнтру аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў Канстанцін Макіенка.
«Ракеты будуць разгорнутыя на тэрыторыі Усходняй Еўропы ці нават былых рэспублік СССР на сотні кіламетраў бліжэй да стратэгічна важных расейскіх палітычных, вайсковых і прамысловых абʼектаў. Падлётны час будзе складаць ужо не 6–8 хвілінаў, як у XX стагоддзі, а літаральна дзясяткі секундаў. Разгортванне ракетаў з гіпергукавымі блокамі ва Усходняй Еўропе ці краінах Балтыі не пакіне расейскаму вайскова-палітычнаму кіраўніцтву часу на прыняцце пастановы ўжыць сілы ядравага стрымлівання, а значыць, пахавае ўсю канцэпцыю зваротна-сустрэчнага ўдару», – тлумачыў Макіенка.
У артыкуле Макіенка раіць ужо цяпер задумацца над пераносам адміністратыўнай і прамысловай актыўнасці Расеі з еўрапейскай часткі краіны ў Сібір. Хтосьці можа сказаць, што сцэнар з амерыканскімі ракетамі ў краінах Балтыі – гэта фікцыя, але дзесяцігоддзе няўстрыманых геапалітычных амбіцыяў Расеі моцна паўплывалі на свядомасць усходнееўрапейскіх элітаў.
«Мы – краіна NATO, мы ў зоне дасяжнасці расейскіх ракетаў, мы павінныя сваю краіну абараняць і мы будзем актыўным бокам. І сапраўды ёсць шмат сігналаў, я вам пра іх зараз казаць не буду, што ЗША гатовыя павялічыць тут сваю вайсковую прысутнасць», – запэўнівае дэпутат літоўскага Сейму, дэпутат ПАРЕ, палітолаг Эгідыюс Варэйкіс.
Наўрад ці ў такой сітуацыі Крэмль не выкарыстае магчымасцяў «беларускага балкону» для размяшчэння сваіх наступальных відаў узбраенняў. Афіцыйнаму Менску трэба як мага хутчэй браць ініцыятыву ў свае рукі, каб у выніку не апынуцца закладнікам сітуацыі ды пасіўным выканаўцам саюзніцкіх абавязальніцтваў.
«Абвесціць, што Беларусь ёсць нейтральнаю краінай і выходзіць з усіх вайсковых блокаў. Змяніць запіс пра ўтварэнне агульнай групоўкі рэгіянальных войскаў і агульнай сістэмы бяспекі, каб запэўніць свой нейтралітэт», – раіць палітолаг Павел Усаў.
На гэта канечне Аляксандр Лукашэнка не пойдзе.
«Распад дамовы аб ракетах пагоршыць дыпламатычную сітуацыю для Беларусі. Поле для манеўру звузіцца. Бо скончыцца час дыпламатыі, і настане час вайсковага рыхтавання», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.
Улады ў Менску сітуацыю разумеюць, але, звязаныя па руках і нагах ранейшымі дамовамі з Крамлём, зрабіць ужо нічога не могуць.
Ігар Кулей, belsat.eu