Генеральны сакратар NATO заявіў, што альянс хоча захаваць дамову аб ракетах


Кіраўніцтва NATO зацікаўлена ў захаванні дамовы аб ракетах малой і сярэдняй дальнасці (ДРМСД) і прыцягненні да ўдзелу ў ім новых краінаў, заявіў генсакратар NATO Енс Столтэнберг у інтэрв’ю нямецкаму выданню Westfälische Rundschau.

Падчас размовы Столтэнберг абвінаваціў Расею ў невыкананні ДРМСД і заклікаў яе на працягу шасці месяцаў (такі тэрмін раней пазначылі ЗША) вярнуцца да выканання дамовы. Ён адзначыў, што NATO працягне працу над захаваннем дамовы і вывучыць адпаведныя ініцыятывы.

«Расея неаднаразова выказвала незадаволенасць ДРМСД, так як дамова забараняе зброю, распрацаваную і размешчаную такімі краінамі, як Кітай, Індыя, Пакістан або Іран», – лічыць Генеральны сакратар NATO.

Аднак, на яго думку, падобная сітуацыя – не падстава парушаць пагадненне, а нагода ўмацаваць дамову і прыцягнуць да яе большую колькасць краінаў.

ЗША восенню заявілі аб намеры выйсці з ДРМСД, абвінаваціўшы Расею ў парушэнні дамовы. 2 лютага скончыўся тэрмін ультыматуму Вашынгтона. Белы дом запатрабаваў ад Расеі знішчыць ракеты наземнага базавання 9М729 – на думку ЗША і NATO, менавіта яны парушаюць дамову. Працэс выхаду ЗША з дамовы зойме некалькі месяцаў. Расея ўсе абвінавачванні ў парушэнні ДРМСД адмаўляе, а прэзідэнт Уладзімір Пуцін папярэджваў аб адпаведных захадах з боку Масквы на рашэнне амерыканцаў.

Пры гэтым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім пасланні кангрэсу дапускаў, што пасля ДРМСД можа быць распрацавана новае пагадненне, куды акрамя Злучаных Штатаў і Расеі ўвойдуць і іншыя краіны, у прыватнасці – Кітай.

Hавiны
Трамп заявіў, што жадае заключыць з Расеяй новую ракетную дамову
2019.02.01 20:48

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў