У Беларусі арыштавалі каля 30 артапедаў-траўматолагаў


У мінулую пятніцу амаль адначасова ў розных рэгіёнах затрымалі тры дзясяткі артапедаў-траўматолаўгаў, паведамляе «Наша Ніва». Гэта большасць кіраўнікоў траўматалагічных аддзяленняў.

5-я гарадская клінічная больніца, Менск.
Фота: ТК / Белсат

«Відавочна, што такую колькасць медыкаў надоўга пасадзіць немагчыма, таму нейкі час пакашмараць, набяруць паказанняў на прызначаных «казламі» і большасць выпусцяць, але нехта прызямліцца надоўга. Агулам усё гэта катастрофа для медыцыны», – прагназуе развіццё справы адзін з суразмоўцаў.

Яснасці, што стала прычынаю арышту, пакуль няма. Але суразмоўцы выказваюць здагадку, што гэта можа быць неяк звязана з пратэзаваннем суставаў – за мінулыя гады з гэтым назапасілася праблемаў.

«На калегіях артапедаў падымалася пытанне колькасці пратэрмінаванай прадукцыі на складах – яе там на мільёны. Пратэзы, умоўна, як абутак – ёсць папулярныя памеры, якія хутка разыходзяцца, ёсць малазапатрабаваныя. У кожнага пратэза пры гэтым ёсць тэрмін стэрыльнасці, да якога яго трэба паставіць. І былі пытанні да тых аб’ёмаў умоўнага «неліквіду», якія спісваюцца.

Але бухгалтэрыя не ведае, якія там тэрміны прыдатнасці, гэта ў базы не ўносіцца, таму на балансе пратэз як бы ёсць, але калі яго трэба ўзяць, ён аказваецца непрыдатны, трэба купляць новы. Там вялікія абʼёмы пратэрміноўвання (гэта тое, што гучала на калегіях), але не зусім ясна, пры чым тут канкрэтна медыкі. Калі гаворым пра разбазарванне сродкаў і ўлік прыдатнасці, то гэта хутчэй да бухгалтэрый, аддзелаў закупаў», – разважае чалавек са сферы.

Падчас ковіду, калі адмянілі планавыя аперацыі, пратэзаў амаль не куплялі – збольшага толькі для анкалагічных хворых, якія не могуць трываць.

«Фактычна цяпер людзі, якія стаяць у чарзе на планавую замену сустава, не ведаюць, што, найхутчэй, аперацыі не будзе, бо няма закупаў, а пратэзы на складах, якія ёсць на паперы, насамрэч непрыдатныя.

З увозам імпарту таксама вялікія праблемы праз лагістыку і адмовы супрацоўнічаць. У Беларусі робяцца толькі эндапратэзы сцягна, а калена, напрыклад, не робяцца – там усё імпарт. Ды і наш мясцовы беларускі вытворца таксама з праблемамі: метал, з якога робяць пратэзы, не купіш на БМЗ, гэта спецыяльныя металы, якія па стандартах зʼяўляюцца таварам двайнога прызначэння. Наколькі я ведаю, згодна з санкцыямі пастаўкі забароненыя, нават не ведаю, што цяпер з імі будзе.

Ну і дадамо сюды тое, што пратэзы не вечныя, іх трэба з часам мяняць, прынамсі асобныя складнікі: галоўкі, чашачкі і гэтак далей. А тут склалася сітуацыя, што папярэднія гады дзяржава закупляла, умоўна, нямецкія, а потым амерыканскія. Іх дэталі не пасуюць адзін да аднаго, увезці дэталь афіцыйна, ад шпіталю, цяпер вельмі складана. Чалавек ходзіць без замены і літаральна развальваецца.

У такіх выпадках доктар можа параіць, як увезці нейкую дэталь «па-чорнаму», дзе ўзяць – схемы для штучных увозаў існуюць, інтарэс доктара тут таксама можа існаваць, я не буду гэтага каментаваць, але гэта рэаліі. Але і маштабы ў такой зʼявы невялікія. У любым разе, тут пытанні да сістэмы, якая склалася, а не да тых, хто рэжа», – кажа суразмоўца.

Учора zerkalo.io паведамляла пра затрыманне трох вядучых траўматолагаў у Віцебску. Гэта супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскага абласнога клінічнага шпіталю Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі.

Пра затрыманні ў Гомелі пісала выданне «Флагшток». Там забралі двух загадчыкаў аддзяленняў траўматалогіі – у абласным клінічным шпіталі і абласной анкалогіі. Таксама затрыманы тры траўматолагі з Мазырскай ЦРБ.

Таксама стала вядома, што затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ў Ваўкавыску Яўген Саўко.

Стужка навінаў