Як сустракаць Вялікдзень у час эпідэміі? Адказваюць праваслаўныя святары


Вялікдзень 2019 года каля Свята-Духава сабору ў Менску.
Фота: belsat.eu

У нядзелю, 19 красавіка, праваслаўныя вернікі адзначаць галоўнае свята – Вялікдзень. Але сёлета яно пройдзе ў незвычайнай атмасферы – ва ўмовах каронавіруса і шмат якіх абмежаванняў. Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі са святарамі, каб даведацца, як найлепш святкаваць у гэтых варунках.

У царкве няма сваіх вірусолагаў

Як адзначыў архімандрыт Сава (Мажука) з Мікольскага манастыры ў Гомлі, Царква, у якой «няма інстытуту эпідэміялогіі, няма царкоўных вірусолагаў», вымушаная кіравацца высновамі свецкіх уладаў Беларусі. І, на яго думку, «калі ў краіне няма каранціну, можна ісці шляхам здзяйснення звычайнага богаслужэння». Разам з тым ён нагадаў, што «Патрыярх і беларускі мітрапаліт заклікалі ўстрымацца ад наведвання царквы, калі чалавек адчувае, напрыклад, што ён захварэў, калі ў яго ёсць пэўная трывога».

Hавiны
Патрыярх Кірыл заклікаў праваслаўных устрымацца ад паходу ў царкву
2020.03.29 17:47

«Але прыхаджане нашага манастыра збіраюцца ў большасці святкаваць як і звычайна. Аднак мы бачым, што тых, хто наведвае храм, значна менш стала. Але гэта справа кожнага», – сказаў архімандрыт.

«Нельга патрабаваць ад Бога больш цудаў, чым Ён нам дае»

Між тым клірык храму свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Менску протаіерэй Яўген Грамыка падкрэсліў недапушчальнасць безадказных паводзінаў.

«Натуральныя законы дзейнічаюць паўсюдна, у тым ліку і ў Царкве. Мы не маем права патрабаваць ад Бога больш цудаў, чым Ён нам дае. Таму мы разам з Міністэрствам аховы здароўя заклікаем людзей выконваць санітарна-эпідэміялагічныя меры перасцярогі», – сказаў ён.

Паводле яго, «удзел у набажэнстве – гэта важна, але чалавечае жыццё важнейшае. Тое самае датычна і розных абрадаў, такіх як асвячэнне велікоднай ежы».

Фотарэпартаж
Вялікдзень і Вербніца: як адзначылі святы вернікі ў Менску. Фотарэпартаж
2020.04.12 17:30

Тых, хто пойдзе на службу, святар заклікае трымаць дыстанцыю з іншымі прыхаджанамі, устрымацца ад цалавання іконаў, крыжоў, рукі святара. Калі людзей будзе зашмат і трымаць дыстанцыю будзе немагчыма, тады, паводле яго, трэба маліцца на вуліцы перад храмам ці пайсці дадому і глядзець трансляцыю службы па тэлевізары ці онлайн (онлайн-трансляцыю службы таксама глядзіце ў нядзелю і на Belsat.eu).

Вялікдзень 2019 года.
Фота: belsat.eu

Настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабору ў Горадні протаіерэй Георгій Рой таксама раіць прытрымлівацца неабходных абмежаванняў, каб не справакаваць рост распаўсюду вірусу.

«На мой погляд, дастаткова будзе прыняць раз за Тыдзень Хрыстовых пакут Святое Прычасце і яшчэ раз прычасціцца за Велікодны тыдзень. І лепш за ўсё пастарацца гэта зрабіць не ў дні, калі ў храмах традыцыйна збіраецца найбольшая колькасць людзей, а недзе на буднях ці на ранніх літургіях, на якія прыходзіць значна менш людзей», – адзначыў святар.

Людзям з групы рызыкі, паводле яго, лепш заставацца ўдома, а прыняць прычасце можна, паклікаўшы святара дадому. Пры гэтым, падкрэсліў айцец Георгій, адмова ад паходу ў царкву павінна прадугледжваць адпаведныя паводзіны і ў іншых сферах: «ісці ў краму толькі пры неабходнасці, не хадзіць у госці і не прымаць гасцей і г. д., каб каранцінныя меры датычылі не толькі твайго царкоўнага жыцця, але жыцця ўвогуле».

Hавiны
Кіраўнік БПЦ заклікаў вернікаў не наведваць цэрквы падчас Вялікадня
2020.04.14 14:11

«Удома ты не здраджваеш веры»

Разам з тым ёсць шмат людзей, якія лічаць, што не ідучы ў царкву, яны здраджваюць веры ці Богу. «Гэта цалкам розныя рэчы», – заявіў архімандрыт Сава і нагадаў, як у часы пераследу веры за савецкай уладай святары ды манахі «гадамі не хадзілі ў царкву, здзяйснялі службу ў сябе ўдома».

«Гэта не было нейкай вялікай праблемай. Мы прызвычаіліся да царкоўнага дабрабыту, рэлігійнага камфорту, і з’явілася такая дзіўная трывога», – мяркуе манах.

Апроч таго, ёсць і тыя, хто ўвогуле крытыкуе санітарныя меры ў храмах, у тым ліку ўстрыманне ад цалавання святыняў.

Hавiны
«Можна нават устрымацца ад цалавання святыняў». Кіраўнік БПЦ патлумачыў, што рабіць ва ўмовах распаўсюду COVID-19
2020.03.18 08:44

«Дзе-хто ўвогуле лічыць усе гэтыя каранцінныя меры праяваю пэўнага інфармацыйнага псіхозу і востра крытыкуе тых іерархаў і святароў, хто выконвае належныя санітарныя прадпісанні», – дадаў Георгій Рой.

Як перажываць Вялікдзень удома?

Айцец Георгій адзначыў, што ненаведванне храму праз каранцін «не вызваляе ад хрысціянскага абавязку глыбока перажыць тыдзень Хрыстовых Пакут і тыдзень Велікодны». Гэтак, «можна сачыць за богаслужэннем онлайн і маліцца разам, хоць і на дыстанцыі. Абавязкова трэба павялічыць сваё малітоўнае правіла, больш чытаць Слова Божае і хрысціянскую літаратуру», падкрэсліў святар.

Асвячэнне ежы на Вялікдзень 2019 года.
Фота: belsat.eu

У сваю чаргу айцец Яўген нагадаў, што трансляцыі набажэнстваў Страснога Тыдня і Вялікадня арганізаваныя на тэлебачанні ды ў інтэрнэце, напрыклад, на сайтах менскага прыходу Іконы Божай Маці «Усецарыца» і Свята-Елізавецінскага манастыра.

«Думаю, што таксама будзе нядрэнным паразважаць пра сваё жыццё. Можа быць, мы нешта не так робім, можа быць, трэба нешта выправіць у сабе, пакаяцца ў грахах і г. д.», – дадаў святар.

Што яшчэ можна зрабіць?

Іншы бок самаізаляцыі ды каранціну – прыгнечанасць людзей, дэпрэсіі ды панічныя атакі. Таму тут, лічыць Сава (Мажука), задача Царквы – «стрымліваць людзей ад панікі, ад панічных настрояў».

Айцец Георгій таксама заклікае вернікаў рабіць ахвяраванні на патрэбы медыцыны і лекаванне хворых, не забываючы пры гэтым пра санітарныя меры і бяспеку, агульную і асабістую.

«Думаю, кожная хрысціянская абшчына павінна ўзяць асаблівае апекаванне такімі людзьмі – дастаўка прадуктаў, лекаў і папросту чалавечая падтрымка», – мяркуе святар.

Пры гэтым ён прызнае, што крызіс вельмі моцна ўплывае на эканамічны стан абшчын. Шмат якія прыходы вымушаныя былі распусціць сваіх працаўнікоў, замарозіць гаспадарчыя і адукацыйныя праекты.

Аб’ектыў
Вялікдзень ва ўмовах каронавіруса – выклік для вернікаў і святароў
2020.04.07 22:24

А Яўген Грамыка заклікаў паглядзець на людзей побач – на родных і блізкіх, адзінокіх суседзяў, якім «трэба дапамагчы – схадзіць у краму, прыбрацца ў кватэры».

«Яны не могуць самі кудысьці пайсці, ці ім проста непажадана зараз быць сярод іншых людзей з-за рызыкі захворвання, а больш маладыя і спрытныя могуць пра іх паклапаціцца», – мяркуе святар.

Таксама, на яго думку, тыя, хто ўмее шыць маскі, маглі б пашыць іх для сваіх блізкіх.

Святар заклікаў памятаць, што ўсе сённяшнія абмежаванні – часовыя. І як толькі сітуацыя выправіцца, яны будуць знятыя, падкрэсліў айцец Яўген.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў