Вялікдзень ва ўмовах каронавіруса – выклік для вернікаў і святароў


Каталіцкі Касцёл распачаў Вялікі тыдзень: праз некалькі дзён – свята Уваскрашэння Хрыстова. Сёлета Вялікдзень пройдзе ва ўмовах каронавіруса, і гэта надзвычайны выклік – як для вернікаў, так і святароў. Вялікі тыдзень у Касцёле звычайна насычаны падзеямі і напоўнены людзьмі. Але сёлета людзей мала, а перасцярог шмат.

«Ходзяць у масках, дэзінфікуюць рукі: тут у нас чатыры кропкі толькі на ўваходзе, а так – па ўсім касцёле», – кажа супрацоўніца касцёлу Святых Сымона і Алены Лілія Гарачава.

З прычыны каронавіруса ў касцёле адмененыя ці перанесеныя шмат падзеяў. Напрыклад, моладзевая сустрэча ці пілігрымка ў Ватыкан. Але адбылАся супольная міжканфесійная малітва, на якую запрасілі і міністра аховы здароўя, аднак той не прыйшоў.

«Я задаю пытанне Міністэрству аховы здароўя: што мы павінны рабіць? Чаму вы нічога не кажаце? Я праз вас, праз медыі, хачу спаткання з адказнымі асобамі, каб на канкрэтныя пытанні адказы былі», – кажа арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле Тадэвуша Кандрусевіча, Касцёл ня можа забараніць людзям прыходзіць на малітву, але слабых і сталых заклікае заставацца ўдома нават падчас цяперашняй вялікай урачыстасці. Астатніх – максімальна захоўваць захады бяспекі: не цалаваць крыжа, не акрапляцца свянцонаю вадою.

«Гэтая сітуацыя, у якую мы трапілі, паказвае, што чалавек, які ўяўляў сябе Богам, не з’яўляецца Богам. Ён зʼяўляецца вельмі простым і ўразлівым. Мне падаецца, што гэтая сітуацыя, ужо зʼяўляецца імпульсам перагледзець сваё духоўнае жыццё, і вельмі многія людзі зробяць адпаведныя ўнёскі», – працягвае арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Як збіраюцца сустрэць свята вернікі, цікавімся ў нешматлікіх наведнікаў Чырвонага касцёлу ў Менску.

«Я давяраю Богу, што Госпад мяне зберажэ. Нават калі здарыцца нейкая немач ці хвароба, то веру, што Бог выратуе і дапаможа».

«Буду глядзець па сітуацыі. Калі не прыйду ў касцёл на святую імшу, то абавязкова буду перажываць святую імшу».

«Гэта не першая вось такая пандэмія. Але, напэўна, людзей заўсёды выводзіла з такой сітуацыі і вера ў добрае, і вера ў Бога».

Урачыстыя набажэнствы будуць транслявацца таксама ў наўпроставым эфіры на афіцыйным сайце беларускага Каталіцкага Касцёлу.

«Звяртаемся да старэйшага пакалення: застаньцеся дома, касцёл заахвочвае застацца дома. Шмат узнікае пытанняў, як жа будзе з асвячэннем страваў на велікодны стол. Памятайце, што асвячае не вада, а малітва святара. Калі мы ўдзельнічаем у святой імшы праз наўпроставае ўключэнне, праз тэлебачанне, то малітва святара і будзе гэтым асвячэннем», – сцвярджае прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, ксёндз Юры Санько.

Касцёл таксама заклікае падчас святаў не наведваць родных, блізкіх ці сяброў, асабліва старэйшага веку.

Галіна Абакунчык, «Белсат»