Топ-10 міфаў пра Кастуся Каліноўскага, «ворага № 1 маскоўскай прапаганды ў Беларусі»


22 сакавіка спаўняецца 160 гадоў з дня пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Сёння ён – «вораг №1 маскоўскай прапаганды ў Беларусі», бо ягонае імя носіць полк беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Пра нацыянальнага героя Беларусі, якога сёння выкрэсліваюць на Радзіме, распавядае новы фільм «Легенда Кастуся Каліноўскага», які гледачы «Белсату» змогуць убачыць на Дзень Волі, 25 сакавіка, у эфіры каналу і жывой трансляцыі на «БЕЛСАТ NEWS» а 22:25 менскага часу (а 20:25 варшаўскага).

«Легенда Кастуся Каліноўскага».
Крыніца: «Белсат»

З нагоды выхаду новага дакументальнага фільму пра Кастуся Каліноўскага «Белсат» склаў топ-10 міфаў пра аднаго з найважнейшых кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі і Літве.

Гісторыі
Каліноўскі ні разу не паляк? Расейскі гісторык выпадкова пацвердзіў праўдзівасць Лістоў з-пад шыбеніцы
2023.12.10 15:00

Міф 1. Каліноўскі са зброяй у руках змагаўся супраць расейскіх войскаў

Менавіта такі вобраз замацаваўся ў беларусаў дзякуючы аднаму з першых фільмаў Белдзяржкіно – «Кастусь Каліноўскі» (1928). Фільм стаў бестселерам і замацаваў за Каліноўскім вобраз паўстанца, які ўдзельнічае ў баях і асабіста кіруе паўстанцкімі атрадамі. Аднак, як падкрэсліваюць аўтары фільму «Легенда Кастуся Каліноўскага», гэта не так. Фактаў удзелу Каліноўскага ў баявых дзеяннях няма.

Каліноўскі быў не «партызанам», а «падпольшчыкам», ці, як модна сёння казаць, менеджарам: ствараў і кіраваў таемнай арганізацыяй на акупаванай тэрыторыяй, выдаваў загады і адозвы да насельніцтва, збіраў сродкі на дзейнасць паўстанцкіх атрадаў. Фактычна Каліноўскі быў лідарам (тады казалі «дыктатар», сёння – «прэзідэнт») таемнай дзяржавы ў Беларусі і Літве. І гэта ўсё – пад самым носам у ворага.

Паўстанцы 1863–1864 гадоў.
Крыніца: «Легенда Кастуся Каліноўскага»

Міф 2. Каліноўскі асабіста вешаў праваслаўных святароў

Менавіта на гэта робіць націск прапаганда расейскага свету ў Беларусі (і нават у Польшчы). Але гэта зусім не так. Каліноўскі ўвогуле асабіста не ўдзельнічаў у смяротных пакараннях. Як зазначае ў фільме «Легенда Кастуся Каліноўскага» гісторык Васіль Герасімчык, з ягоным перахопам улады ў паўстанні ў чэрвені 1863 года паўстанцы фактычна спынілі фізічныя расправы з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Тым часам рэлігійнае пытанне выкарыстоўваў кіраўнік расейскай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі і Літвы Міхаіл Мураўёў, які ўвайшоў у гісторыю пад мянушкай Вешальнік. На ягоныя загады былі забітыя 7 ці 8 каталіцкіх святароў.

 Міф 3. Каліноўскі не шкадаваў чалавечага жыцця ў імя «найвышэйшай мэты»

Сучаснікі і факты сведчаць, што Каліноўскі быў «радыкалам» толькі на словах, на самой жа справе «кароль Літвы» шкадаваў чужое жыццё і не хацеў бессэнсоўнага кровапраліцця.

Часам сцвярджаюць, што Каліноўскага прыдумалі бальшавікі для сваіх патрэбаў – насамрэч жа яны проста выкарысталі тое, што было папулярным, замест таго, каб забараняць (на адрозненне ад сённяшніх уладаў Беларусі).

Кастусь Каліноўскі з паплечнікамі.
Крыніца: «Легенда Кастуся Каліноўскага»

Міф 4. Каліноўскі – атэіст

Менавіта так апісвала Каліноўскага савецкая прапаганда. Як доказ прыводзілася ягоная адмова, каб ксёндз суправаджаў яго на Лукішскі пляц, да месца смяротнага пакарання. Насамрэч Каліноўскі верыў у Бога, пра што сведчаць ягоныя перадсмяротныя лісты да нарачонай Марысі Ямант, а таксама знойдзены падчас археалагічных раскопак на ягоным целе медальён Маці Божай Вастрабрамскай.

Як зазначаюць гісторыкі сёння, ён, хутчэй за ўсё, прыхільна ставіўся да ўніяцтва, бачыў яго тым падмуркам, што адрознівае беларусаў ад суседзяў – палякаў (каталікоў) і расейцаў (праваслаўных).

Міф 5. Бацька Кастуся Каліноўскага быў ткачом, а сям’я – збяднелаю шляхтаю

Менавіта так казалі пра Каліноўскага ягоныя ідэалагічныя непрыяцелі з ліку заможнай шляхты. І, як не дзіўна, гэта выкарыстоўвалі як аргумент гісторыкі БССР у 1920-ыя гады, каб падкрэсліць «простанароднасць» Каліноўскага. Сымон Каліноўскі сапраўды валодаў ткацкім майстэрствам, ён навучыўся яму ў Польшчы, каб адкрыць ткацкую фабрыку. Бацька Кастуся, паводле даследаванняў гісторыка Андрэя Кіштымава, быў даволі заможным чалавекам, прадпрымальнікам, паспяховым настолькі, што сям’я змагла набыць уласны маёнтак Якушоўка (сёння – Свіслацкі раён). Той, дарэчы, заставаўся ва ўласнасці Каліноўскіх да самага скону Расейскай імперыі – нават Міхаіл Мураўёў не стаў яго канфіскоўваць.

Кастусь Каліноўскі і Марыся Ямант.
Крыніца: «Легенда Кастуся Каліноўскага»

Міф 6. Каліноўскі – паляк, бо яго звалі Вінцэнты, а не Канстанцін

2 лютага 1838 года ў Сымона і Веранікі Каліноўскіх нарадзіўся сын, якога паводле дня святога ахрысцілі Вінцэнтам (у гонар Вінцэнта Сарагоскага). Немаўля было ахрышчанае другім разам і атрымала імя Канстанцін. Менавіта другое імя Каліноўскі ўжываў у сям’і і ў зносінах з сябрамі. А вось пры складанні афіцыйных дакументаў Каліноўскі ўжываў часцей менавіта першае «метрычнае» сваё імя, Вінцэнт (або нават два – Вінцэнт Канстанцін). Гісторык Генадзь Кісялёў адзначаў, што «прастамоўная» форма імя Канстанцін – гэта Кастусь.

Увогуле, вызначаць «нацыянальнасць» на падставе імя – гэта тыповая маніпуляцыя для прадстаўнікоў расейскага свету і так званага заходнерусізму.

Міф 7. Каліноўскі – польскі герой, родам з Мазовіі

Продак Кастуся Каліноўскага сапраўды быў з Мазовіі, дакладней, з Візнаўскай зямлі, размешчанай на самым памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Толькі штука ў тым, што ў 1670-ыя гады, то бок амаль за 170 гадоў да нараджэння Кастуся, Каліноўскія перабраліся на Падляшша, дакладней, у маёнтак Калінава пад мястэчкам Браньск. Ад маёнтку, што паўстаў у рэгіёне, дзе жыло шмат беларусаў, і ўзнікла прозвішча Каліноўскі. А вось бацька Кастуся Каліноўскага Сымон увогуле нарадзіўся ў вёсцы Рэпля сённяшняга Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласці. Кастусь жа нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны (сёння на самай мяжы Польшчы і Беларусі), ад жыхароў якой і засвоіў беларускую мову.

Нягледзячы на спробы прадстаўнікоў расейскага свету паказаць Кастуся Каліноўскага як «польскага героя», у самой Польшчы пра яго не ведаюць, на адрозненне ад іншага нарадзінца Беларусі і «дыктатара паўстання» ў Кароне Польскай Рамуальда Траўгута ці нарадзінца сённяшняй Украіны Зыгмунта Серакоўскага.

Кастусь Каліноўскі на шыбеніцы.
Крыніца: «Легенда Кастуся Каліноўскага»

Міф 8. Каліноўскі нарадзіўся не ў тых самых Мастаўлянах

Менавіта так, як не дзіўна, сцвярджаюць некаторыя жыхары Мастаўлянаў з падачы кіраўніцтва праваслаўнай царквы. Як «доказ» згадваюць тое, што ў Беларусі ёсць яшчэ дзве аднайменныя вёскі – у Гарадзенскім і Лідскім раёнах, і кажуць, што быццам бы ніякіх запісаў не захавалася. Аднак запісы сведчаць, што Кастусь Каліноўскі не проста нарадзіўся ў Мастаўлянах менавіта на мяжы Польшчы і Літвы, але і што ў акурат там бацькі Кастуся Каліноўскага ўзялі шлюб. А ў мясцовай царкве, на той час уніяцкай, былі ахрышчаныя старэйшыя браты Кастуся.

Міф 9. Паўстанне падтрымала толькі шляхта, а не беларускія сяляне

Як адзначае гісторык Алесь Смалянчук у фільме «Легенда Кастуся Каліноўскага», сяляне складалі каля 25 % удзельнікаў паўстання на Гарадзеншчыне. І гэта даволі высокі паказнік, на адрозненне, напрыклад, ад Кароны Польскай, дзе гэтая доля была значна меншая. Такі высокі лік – сведчанне паспяховасці дзейнасці як Кастуся Каліноўскага, так і кіраванай ім рэдакцыі газеты «Мужыцкая праўда».

Урачыстае пахаванне паўстанцаў 1863–1864 гадоў у Вільні.
Крыніца: «Легенда Кастуся Каліноўскага»

Міф 10. Вешальнік – гэта пра Кастуся Каліноўскага, а не пра Міхаіла Мураўёва

Маўляў, паўстанцы забілі на тэрыторыі Беларусі і Літвы (і зрабіў гэта быццам бы асабіста Кастусь Каліноўскі), з розных падлікаў, ад 600 да 1500 жыхароў, якія падтрымлівалі расейскія ўлады. А Мураўёў вынес асабіста смяротныя прысуды толькі для 128 паўстанцаў.

Насамрэч у «паўстанцкі тэрор» запісвалі ўсе злачынствы, што чыніліся ў той час, у тым ліку і рабункі, міжасабовыя канфлікты. Нездарма Мураўёву давялося асудзіць на смерць некалькіх казакоў, якія расправіліся з габрэйскай сям’ёй на Берасцейшчыне і якіх запісалі ў паўстанцы.

Міхаіл Мураўёў і ягоныя памагатыя дэманстрацыйна пакаралі смерцю больш за 180 жыхароў Беларусі і Літвы, а яшчэ каля 40 тысячаў запісалі ў «палітзняволеныя» – саслалі ў Сібір на катаргу, на пасяленне («хімія») або ў салдаты.

Нашыўка ваяра палка імя Кастуся Каліноўскага.
Крыніца: «Легенда Кастуся Каліноўскага»

Пра гэтыя міфы (а таксама шмат пра што яшчэ) распавядае фільм «Легенда Кастуся Каліноўскага», у якім адлюстраваныя погляды на постаць Каліноўскага журналісткі Вольгі Швед, аўтаркі фільму «Кастусь Каліноўскі» (глядзіце на тэлеканале «Белсат» 24 сакавіка а 14.40 менскага часу), гісторыкаў Алеся Смаленчука, Тамары Байрашаўскайце (Tamara Bairašauskaitė) і Васіля Герасімчыка.

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі.
Крыніца: Giuseppe Achille Bonoldi / wikimedia.org

А яшчэ памятайце, што паўстанне 1863–1864 гадоў – гэта не толькі Кастусь Каліноўскі. Гэта і Францішак Багушэвіч (21 сакавіка была гадавіна ягонага нараджэння), гэта і нашчадкі паўстанцаў – заснавальнікі БНР Іван і Антон Луцкевічы, і стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі, і Уладзімір Караткевіч, кніга якога «Каласы пад сярпом тваім», хай сабе і прыбраная са школьнай праграмы, застаецца адной з найпапулярнейшых у Беларусі.

Вельмі трапна, на наш погляд, у фільме «Легенда Кастуся Каліноўскага» сказаў гісторык Алесь Смалянчук:

«Не Каліноўскі стварыў беларускую ідэю, а беларуская ідэя стварыла Каліноўскага. Каліноўскі застаецца вялікай таямніцай для гісторыкаў».

belsat.eu

Стужка навінаў