Беларускі Робін Гуд. Як Кастусь Каліноўскі стаў героем савецкага кіно


На пачатку 1920-х гадоў Савецкая Беларусь мела стаць паказальнай нацыянальнай рэспублікай. Узамен на саступкі ў культурнай сферы і далучаныя новыя вобласці Менск дэманстраваў поўную адданасць бальшавіцкай ідэалогіі. Палітыка беларусізацыі, якую праводзілі мясцовыя камуністы з дазволу Крамля, сапраўды ўводзіла беларускую мову ў сферу адукацыі і асветы, аднак выключна дзеля таго, каб пашыраць радыкальную версію марксізму сярод мясцовага сялянства.

Расейскамоўная і беларускамоўная афішы да фільму Уладзіміра Гардзіна «Кастусь Каліноўскі» 1927 года. Крыніца: kinopoisk.ru

Акрамя таго, «беларускі П’емонт», створаны на загад з Масквы, пераўтварыўся ў цэнтр прыцягнення для беларусаў, якія паводле Рыжскай домовы апынуліся па той бок мяжы. Тым самым былі створаныя ўмовы для вядзення «гібрыднай вайны» супраць Польшчы. Істотную ролю пры гэтым адыгрывала савецкая прапаганда, якая ўвесь час нагадвала пра «панскі прыгнёт», ад якога пакутаваў беларускі народ.

Вобраз Каліноўскага пераўтварыўся ў сімвал барацьбы

Гэтую антыпольскую рыторыку, як і агульную канцэпцыю беларускай гісторыі, мясцовыя камуністы шмат у чым запазычылі ў дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Пры гэтым усяляк падкрэслівалася, што калі ва ўсходняй часцы Беларусі панскае ярмо было скінутае, дык у заходняй гэта яшчэ толькі трэба было зрабіць. Нечакана, аднак, выявілася, што ў гісторыі Беларусі не так шмат нацыянальных герояў, якія б адпавядалі актуальнай савецкай ідэалогіі.

А таму, калі ў 1923 годзе рэжысёр Яўсцігней Міровіч паставіў на сцэне Беларускага драматычнага тэатру спектакль паводле ўласнай п’есы, прысвечаны Каліноўскаму, ён выклікаў сапраўдную сенсацыю. Спектакль супаў з росквітам палітыкі беларусізацыі. Фактычна, гэта Міровіч увеў у шырокае карыстанне збеларусізаваную форму імені, Кастусь, ды спрычыніўся да рамантызацыі ягонай постаці.

Натхнёны п’есай, да вобразу Кастуся Каліноўскага звяртаецца скульптар Аляксандр Грубэ. Акрамя таго, з’яўляецца шэраг літаратурных твораў, прысвечаных выдаўцу «Мужыцкай праўды». Так, паэт Алесь Гурло напісаў верш «К. Каліноўскі», Анатоль Вольны – паэму, у якой, сярод іншага, супрацьпастаўляў Каліноўскага Зыгмунту Серакоўскаму, а А. Зіменка ў вершы «Заходняму брату» заклікаў да вызвалення беларусаў у Польшчы і пытаўся: «Дзе Каліноўскі, дзе Кастусь?». Вобраз Каліноўскага зрабіўся адным з сімвалаў барацьбы беларускага народа – не толькі супраць царскай улады, але і супраць польскай шляхты. Было толькі справай часу, калі ён дачакаецца ўвасаблення ў кіно, якое, паводле савецкіх ідэолагаў, было «галоўным з усіх відаў мастацтва».

Гісторыі
Каліноўскі ні разу не паляк? Расейскі гісторык выпадкова пацвердзіў праўдзівасць Лістоў з-пад шыбеніцы
2023.12.10 15:00

У тагачасным кінематографе быў вялікі попыт на гістарычныя кінастужкі. У 1927 годзе, праз дзесяцігоддзе пасля прыходу да ўлады ў Расеі бальшавікоў, Сяргей Эйзенштэйн здымае фільм «Кастрычнік». Тады ж на экранах з’яўляецца амаль пяцігадзінная біяграфія Напалеона, знятая французам Абэлем Гансам, а адным з найлепшых польскіх фільмаў становіцца «Арляня» Віктара Беганьскага, дзе галоўныя героі шукаюць скарб легендарнага разбойніка Яносіка. У Савецкай Беларусі, дзе на той час фактычна не існавала ўласнай кінавытворчасці, першым беларускім мастацкім фільмам стала кінастужка «Лясная быль» (1926) рэжысёра Юрыя Тарыча. Гэта была экранізацыя аповесці Міхася Чарота «Свінапас». Фільм анансаваўся як «гераічна-прыгодніцкі». Ён распавядаў пра беларускіх партызанаў, якія падчас польска-бальшавіцкай вайны змагаліся супраць польскіх акупантаў.

«Кастусь Каліноўскі» стаў шостай лентай вытворчасці «Белдзяржкіно». Замова на сюжэт фільму зыходзіла ад ураду Савецкай Беларусі. Паколькі беларускіх спецыялістаў ва ўзорнай савецкай рэспубліцы не аказалася, здымаць стужку прапанавалі расейскаму рэжысёру Уладзіміру Гардзіну (сапраўднае прозвішча Благанраваў (1877–1965)). Гардзін нарадзіўся ў Цвяры, у сям’і расейскага афіцэра. Скончыў Другі Маскоўскі Кадэцкі корпус (1894) і Кіеўскія вайсковыя курсы (1896). Пасля войска, замест службы ў акцызным ведамстве, абраў тэатральную кар’еру і хутка стаў даволі вядомым тэатральным акторам і рэжысёрам.

Беларускамоўная і расейскамоўная афішы да фільму Уладзіміра Гардзіна «Кастусь Каліноўскі», 1927. Крыніца: kinopoisk.ru

Яшчэ напярэдадні Першай сусветнай вайны Уладзімір Гардзін пачаў працаваць у кіно, дзе экранізаваў творы расейскіх класікаў Льва Талстога і Івана Тургенева. Пасля рэвалюцыі, за два гады працы ў Адэсе і Кіеве, ён паставіў восем фільмаў, у тым ліку «Паядынак», «Прывід вандруе па Еўропе», «Атаман Хмель», а таму лічыўся адным з заснавальнікаў савецкага ўкраінскага кіно. Менавіта гэткая актыўная творчая дзейнасць і прыцягнула да яго ўвагу кіраўніцтва «Белдзяржкіно».

Трэба адзначыць, што яшчэ раней да падзеяў паўстання звярнуліся польскія кінематаграфісты. У фільме Эдварда Пухальскага «Год 1863» (1922) галоўныя падзеі паўстання храналагічна былі ўпісаныя паміж патрыятычнымі маніфестацыямі ў Варшаве ў 1861 гоад ды выступам Юзэфа Пілсудскага на пляцы Саскім. Але савецкія аўтары арыентаваліся найперш на п’есу Яўсцігнея Міровіча. Над сцэнаром працавалі А. Гольдман і спецыяліст у гісторыі паўстання Ян Віткоўскі (1888–1937). Аднак рэжысёру тэкст не спадабаўся, і ён актыўна ўзяўся за перапрацоўванне гістарычнага матэрыялу паводле ўласнага бачання. Гардзін рабіў гістарычны баявік, ператвараючы біяграфічны фільм у прыгодніцкую касцюмаваную кінастужку з пагонямі і паядынкамі.

Сам рэжысёр фільму пазней адзначаў, што яго зацікавіў не гістарычны кантэкст, а магчымасць паказаць на экране «рэвалюцыйнае абуджэнне сялянства, бурлівы паток падзеяў, у якім растуць правадыры і шараговыя ўдзельнікі паўстання». Сюжет фільму ўклаўся ў сем частак: пачынаўся ён са сцэны, у якой «паны-шляхта» з дабраслаўлення каталіцкага святара збіраюць грошы на паўстанне. На чале шляхты стаіць граф Велькапольскі (у іншай рэдакцыі граф насіў прозвішча Скірмунт). Сын Велькапольскага Стась ачольвае адзін з атрадаў шляхты-інсургентаў, тады як дачка графа, заўзятая польская патрыётка Ядзвіга, забаўляецца тым, што ўбірае свайго сабаку ў мундзір расейскага генерала.

«Веру – будзе вольнай Беларусь працоўных, рабочых і сялян!»

У гэты час расейскія казакі жорстка ўтаймоўваюць беларускія вёскі. Рэжысёр дэманструе паводзіны карнікаў на прыкладзе есаула Цімафеева, які спярша выпытвае ў вясковага хлопчыка, дзе ягоны бацька, каб потым забіць апошняга на сынавых вачах. Мураўёў прымае парад, а праваслаўная царква моліцца за дараванне грахоў. Далей мы бачым беларускіх сялянаў, якія пакутуюць ад прыгоннага права. «Ярмо няволі царскай Расеі аднолькава прыгнятала як расейскіх і беларускіх сялянаў, так і польскіх хлопаў», – паведамляюць цітры. З’яўляецца вобраз вялікага кола, якое круцяць прыгнечаныя сяляне пад наглядам пана. Пасля чаго мы бачым конны атрад сялянаў на чале з Кастусём Каліноўскім.

Яго сустракаюць паўстанцы разам са Станіславам Велькапольскім (ён жа – Скірмунт), былым калегам Каліноўскага па вучобе ў Пецярбургскім універсітэце, які змагаецца супраць расейскіх войскаў, але адначасова рабуе сялянаў. «Стась, ты ваюеш не з тымі, з кім трэба», – кажа яму пры сустрэчы Каліноўскі. «У нас адзін вораг», – не згаджаецца Стась, але Каліноўскі не пагаджаецца: «Не! Два ворагі – вы і яны». Каліноўскі, які спярша дапамагае шляхце разбіць казакоў, у выніку сам вымушаны ратавацца ад польскіх магнатаў, якія спрабуюць яго захапіць. Замест гэтага у палон да сялянаў трапляе Станіслаў Велькапольскі, але яму ўдаецца збегчы з дапамогай ягонай сястры Ядзвігі, таксама былой знаёмай Каліноўскага.

«Бяжы ў Вільню, – кажа яна брату. – Лепей Мураўёў, чым мужыкі Каліноўскага».

Тым часам карнікі Мураўева топяць паўстанне ў крыві, расстрэльваючы сялянаў. У выніку шляхта на чале з графам Велькапольскім фактычна пераходзіць на бок уладаў. На што генерал-губернатар падчас аўдыенцыі заяўляе: «Славам не веру. Дакажыце на справе». Сам Каліноўскі, надзеўшы мундзір расейскага афіцэра, у гэты час захоплівае царскую казну. Ён нават размаўляе з Мураўевым-вешальнікам, які не пазнае ў ім адважнага паўстанца. Пазней раз’юшаны генерал-губернатар абвяшчае яго па-за законам. Каб дабіцца прабачэння ад уладаў, граф Велькапольскі прымае ў сваім палацы расейскі гарнізон і арганізуе святочны прыем для расейскіх афіцэраў.

У адказ атрад сялянаў бярэ штурмам палац Велькапольскіх. Каліноўскі падчас паядынка забівае гаспадаровага сына – Станіслава. Аднак падыходзяць буйныя сілы карнікаў, і сялянскі правадыр трапляе ў палон, а самі сяляне – разбітыя. Заканчваецца фільм сцэнай смяротнага пакарання Каліноўскага, якога вязуць праз Вільню на Лукішскую плошчу, дзе ўжо стаіць эшафот. Перад смерцю герой звяртаецца да натоўпу: «Чуеш, Беларусь!? Веру – будзе вольнай Беларусь працоўных, рабочых і сялянаў!» У адказ гучаць галасы: «Чуем!» Тут Гардзін фактычна паўтарыў гогалеўскага Тараса Бульбу. Апошнія цітры паведамляюць гледачу пра класавую сутнасць паўстання.

Кінематаграфічны Каліноўскі адначасова змагаецца супраць царскіх уладаў і польскіх магнатаў. У эксплікацыі да фільму рэжысёр прадставіў яго наступным чынам: «Каліноўскі валодаў незвычайным розумам, моцнай воляй і характарам. Яго нельга было напужаць ці збіць з панталыку. Яму даводзілася пераадзявацца то простым шляхцічам, то беларусам, то гвардзейскім афіцэрам ці простым польскім селянінам». Антаганісты галоўнага героя прадстаўленыя, наадварот, вельмі сціпла. Гэтак, генерал Мураўёў – «тупы, абмежаваны садыст», Стась Велькапольскі – «фанабэрысты і помслівы», а ягоная сястра Ядзвіга – «узбаламучаная, пераменлівая і слабавольная».

Ад беларускай студыі да здымачнай групы быў прымацаваны этнограф Язэп Дыла, які некаторы час займаў пасаду намесніка дырэктара Белдзяржкіно і адказваў за беларускі характар будучых кінатвораў. Гардзін пачаў здымаць новую стужку напярэдадні прэм’еры свайго чарговага фільму «Паэт і цар», які быў прысвечаны апошнім дням з жыцця паэта Аляксандра Пушкіна. У беларускі фільм былі запрошаныя зоркі расейскага кіно. У галоўнай ролі Кастуся Каліноўскага здымаўся Мікалай Сіманаў, пані Ядзвігі – Соф’я Магарыл, Марылі – Таццяна Булах, Велькапольскага (Скірмунта) сыграў В. Плотнікаў, пана Старжынскага – Барыс Ліванаў.

Таццяна Булах і Уладзімір Гардзін на здымках фільму «Кастусь Каліноўскі». 1927. Крыніца: kino-teatr.ru

Ленінградская акторка Таццяна Булах, якая выконвала ролю нарачонай Каліноўскага беларускай сялянкі Марылі, на некалькі дзён прыехала ў Менск, каб лепш зразумець сваю гераіню. Ці не найбольш запамінальным у стужцы стаў вобраз Мікалая Мураўева ў выкананні актора Кандрата Якаўлева, які выглядаў вельмі падобным на вядомыя выявы былога віленскага генерал-губернатара. Прычым у фільме прысутнічала выразная кінацытата ў выглядзе ажылай карыкатуры на Мураўева, з нагоды адкрыцця помніка апошняму ў Вільні, дзе той быў прадстаўлены ў выглядзе сабакі на ланцугу, ўбранага ў вайсковы мундзір.

Паколькі ў Савецкай Беларусі ў той час уласнай кінапляцоўкі не было, большую частку сцэнаў здымалі ў Ленінградзе ў памяшканні былога тэатру «Крывое люстэрка» (канал Грыбаедава 90/2) ды наваколлі. Гардзін выкарыстаў пецяргофскія фантаны, якія прысутнічалі ў ягонай папярэдняй кінастужцы, прысвечанай Пушкіну, толькі цяпер тут адбываліся не вялікасвецкія балі часу цара Мікалая І, а танчыла мазурку польская шляхта. Акрамя таго, стваральнікі фільму скарысталіся тагачаснымі краявідамі сталіцы БССР.

Дарэчы, паводле ўмовы беларускага боку, частка здымкаў мела адбывацца ў Беларусі. Ад гэтага залежала фінансаванне стужкі з боку «Белдзяржкіно». У выніку кадры, калі Каліноўскага вязуць да пакарання, здымалі на тагачаснай вуліцы Францыска Скарыны, былой вуліцы Казьмы і Дзям’яна, а плошча Парыжскай камуны ў Менску ператварылася ў Лукішскую плошчу старой Вільні! У апошняй сцэне ўдзельнічала каля паўтысячы чалавек масоўкі. Сам рэжысёр пазней з прыкрасцю згадваў «убогія дамкі» старога Менску. Затое, як падаецца, не павінна было ўзнікнуць праблемаў з гістарычнымі касцюмамі.

Фільм выйшаў на экраны Менску ў жніўні 1928 года і на працягу двух тыдняў збіраў поўныя залы. Цікава, што фільм «Каліноўскі», магчыма, за яго выразны антыпольскі характар, набыло літоўскае Міністэрства абароны дзеля паказу ўласным жаўнерам. Прычым у канцы кінастужкі на экране дэманстравалі, як прэзідэнт Антанас Смятона прымае вайсковы парад у Коўне! Савецкія ж крытыкі паставіліся да фільму неадназначна. Яны наракалі на вялікую колькасць батальных сцэнаў і адсутнасць на экране «гераічнага паўстання масаў», замест якога рэжысёр паказаў «забаўныя трюкі артыстаў» у беларускім адзенні. Кастуся Каліноўскага ў выкананні Сіманава параўноўвалі з амерыканскім акторам Дагласам Фэрбэнксам, вядомым з фільму «Робін Гуд» (1922).

Адзначалі, што самой Беларусі на экране не аказалася. Звярталі таксама ўвагу на тое, што галоўны герой моцна нагадвае тыповага «бацьку-атамана» часу грамадзянскай вайны. А найбольш пільныя савецкія гледачы нават адчулі павеў «нацыяналістычнага душка». Апошняя заўвага адыграла выключнае значэнне. На пачатку 1930-х гадоў, адразу пасля таго, як Іосіф Сталін вырашыў скончыць з беларусізацыяй, фільм афіцыйна абвесцілі антысавецкай «дыверсіяй» беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія імкнуліся зрабіць са стужкі, прысвечанай правадыру дробнапамеснай польскай шляхты, «свята нацыянальнай культуры». Не забыліся і пра п’есу «Каліноўскі», якую аўтар быў вымушаны грунтоўна перапісаць. Праўда, у новым варыянце яна была пастаўленая толькі пасля вайны Менскім народным тэатрам трактарнага заводу. Паводле іроніі лёсу, праз дзесяць гадоў пасля прэм’еры фільму «Каліноўскі» актор Сіманаў згуляе імператара Пятра І у аднайменнай стужцы, якая адкрывала перыяд гэтак званага сталінскага гістарычнага кінематографу.

Наперадзе гледачоў чакалі Аляксандр Неўскі, Іван Жахлівы і Мінін з Пажарскім. Гісторыя на экране савецкага кіно канчаткова ператваралася ў манаполію ідэалогіі.

 

Больш матэрыялаў пра паўстанне і ролю ў ім Кастуся Каліноўскага вы знойдзеце ў новым выданні гістарычнага часопісу Mówią Wieki, які паўстаў пры падтрыманні «Белсату». 

Стужка навінаў