Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі


25 сакавіка, у Дзень Волі, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў.

«Гэта свята нашай з вамі волі да свабоды і незалежнасці. Беларусь магла знікнуць у вірах гісторыі. Нас спрабавалі захапіць, каланізаваць. Давесці нам, што нас беларусаў не існуе. Але пакаленні за пакаленнямі, раз за разам нашыя папярэднікі знаходзілі сілы адрадзіць сваю культуру, мову і дзяржаву. І зараз прыйшла нашая чарга абараніць сябе», – заявіла Ціханоўская.

У сваім звароце Ціханоўская адзначыла, што зараз галасамі беларусаў гавораць продкі, якія 105 гадоў таму абвясцілі БНР, а таксама нашыя нашчадкі, дзеля якіх прыхільнікі пераменаў абараняюць незалежнасць Беларусі.

Ціханоўская адзначыла таксама падзеі апошніх гадоў, якія змянілі лёсы тысячаў людзей. «2020-ты і 2022-гі змянілі шмат і для нашай краіны, і для ўсяго рэгіёну. Цяпер значна больш беларусаў разумеюць, што Беларусі для добрага жыцця не патрэбныя ніякія старэйшыя браты і асабліва не патрэбныя войны. Беларусі варта быць незалежнай дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, як нашыя паспяховыя суседзі».

«Згадайце 2020-ты год. Згадайце, як нас было шмат. Нягледзячы на рэпрэсіі і прапаганду, нас не стала менш. Але для перамогі мусіць стаць яшчэ больш.

І калі вам здаецца, што гэта вельмі складана – дык хачу нагадаць вам, што заклік выбітнага нашага паэта Алеся Разанава – «І немагчымае зрабі!« – вы ўжо пачалі здзяйсняць. 105 гадоў таму многім таксама здавалася немагчымым абвясціць незалежнасць Беларусі. Але зрабілі ж.

Гісторыя паказала, што мы, беларусы, умеем рабіць немагчымае і здольныя перамагаць.

З Днём Волі! Жыве Беларусь».

belsat.eu

Стужка навінаў